Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.

У СУБОТУ...

... і нядзелю будзе сонечна і цёпла. Тэмпэратура ўдзень можа дасягнуць нават 26 градусаў цяпла.

НЕ ПРАПУСЬЦІЦЕ:

У суботу ў эфіры Свабоды «Гамбурскі рахунак Бахарэвіча» — эсэ пра Натальлю Арсеньневу. А ў нядзелю ў перадачы «Праскі акцэнт» Юры Дракахруст абмяркоўвае вяртаньне эўрапейскіх амбасадараў у Менск зь Сяргеем Богданам, Андрэем Фёдаравым і Раманам Якаўлеўскім.

У ГЭТЫЯ ДНІ Ў БЕЛАРУСІ І Ў СЬВЕЦЕ:

28 красавіка

Другі дзень візыту прэзыдэнта Туркмэністану Гурбунгулы Бэрдымухамэдава ў Беларусі.

У Нацыянальным мастацкім музэі (Менск, вул. Леніна, 20) адбудзецца адкрыцьцё выставы «Песьняры зямлі беларускай», якая праводзіцца ў рамках Году кнігі і прысьвечана 130-м угодкам з дня нараджэньня Янкі Купалы і Якуба Коласа. Пачатак у 11.00.

Вільня. Беларускі гурт «Крамбамбуля» прэзэнтуе свой новы альбом «Драбадзі-драбада», канцэрт з прэзэнтацыяй дыску ў Менску быў адменены. Паводле дамоўленасьці зь літоўскай амбасадай беларусам, якія пакажуць квіткі на канцэрт, аднаразовая віза выдаецца бясплатна.

Сусьветны дзень аховы працы.

29 красавіка

Сойм Партыі БНФ ў офісе партыі ў Менску на вул. Чарнышэўскага, 3, 39. Пачатак а 11.00.

Міжнародны дзень танцу.

***

Паважаныя наведнікі сайту! Дапамажыце больш поўна прадставіць беларускі дзень — дашліце інфармацыю пра плянаваныя падзеі, якія будуць цікавыя нашым чытачам, на адрас svaboda@rferl.org.

ТАКСАМА Ў ГЭТЫЯ ДНІ:

28 красавіка

1918 — Народны Сакратарыят Беларусі зацьвердзіў беларускую мову ў якасьці дзяржаўнай i абавязковай у БНР i прыняў пастанову пра адкрыцьцё ў Менску ўнівэрсытэту.

1954 — БССР уступіла ў Сусьветную арганізацыю працы.

29 красавіка

1386 — адбылася Мсьціслаўская бітва паміж войскамі Вялікага княства Літоўскага і вялікага князя смаленскага Святаслава Іванавіча. Князь Святаслаў быў забіты, а ягоныя войскі пацярпелі паразу.

Нарадзіліся:

28 красавіка

1911 — Васіль Каляда, актывіст Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі, настаўнік, у 1959–1969 гг. — дырэктар Дома-музэя Адама Міцкевіча ў Навагрудку.

29 красавіка

1921 — Мікола Ермаловіч (в. Малыя Навасёлкі, цяпер Дзяржынскі р-н), гісторык, літаратуразнавец.

Памерлі:

28 красавіка

1900 — Францішак Багушэвіч, паэт, празаік, публіцыст, удзельнік паўстаньня 1863–1864 гг.

29 красавіка

1931 — Яўхім Карскі, філёляг-славіст, мовазнавец, літаратуразнавец, фальклярыст, этнограф, палеограф, археограф, бібліёграф, пэдагог, заснавальнік навуковага беларусазнаўства.

1990 — Юры Попка, выдавец, пісьменьнік, дзяяч эміграцыі ў Нямеччыне.

2002 — Ігар Гермянчук, грамадзка-палітычны дзяяч, галоўны рэдактар газэтаў «Свабода» (1991–1997), «Навіны» (1998–1999), часопіса «Кур’ер» (2000–2002).

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:

Бедна ж мая хатка расьселася з краю,
Меж пяскоў, каменьняў, ля самага гаю,
Ля самага бору, на беражку лесу;
Ніхто тут ня трафе, хоць бы з інтарэсу.
Як няма гарэлкі, няма куска хлеба,
Дык які ж інтэрас, каму сюды трэба?
Да хоць няма хлеба, жабраваць ня буду,
Пражыву як-кольвек ад працы, ад труду!

Францішак Багушэвіч

ГОД ТАМУ Ў ЗАГАЛОЎКАХ НА САЙЦЕ «СВАБОДЫ»:

Ці ёсьць у Бэрдымухамедава грошы для Лукашэнкі?

Выбух у менскай лазьні: ёсьць ахвяры

Беларус арганізаваў у інтэрнэце чорны рынак валюты

Раманчук пабажыўся Лябедзьку: ніякага кампрамату на мяне няма
XS
SM
MD
LG