Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праўладным камуністам дазволілі, апазыцыйным забаранілі


Афіцыйнае сьвяткаваньне ў Менску 1 траўня 2010 году

Афіцыйнае сьвяткаваньне ў Менску 1 траўня 2010 году

Менскі гарвыканкам не дазволіў Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет» правесьці 1 траўня мітынг з нагоды Дня працы. Не атрымалі дазволу на правядзеньне сваёй акцыі і незалежныя прафсаюзы, якія зьбіраліся сабраць прадстаўнікоў з усёй Беларусі ў Мікашэвічах. Актывісты Камуністычнай партыі Беларусі, якая падтрымлівае палітыку Аляксандра Лукашэнкі, у Дзень працы спачатку ўскладаюць кветкі да помніка Леніну, а пасьля пераходзяць у парк імя Янкі Купалы. Там разам з прадстаўнікамі афіцыйных прафсаюзаў ім сьвяткаваць дазволена.

Лідэр партыі «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін сёньня на прэсавай канфэрэнцыі зачытаў адказ з гарвыканкаму. Паводле яго, заяўнікам адмовілі таму, што ў гэты ж самы час у парку Дружбы народаў, дзе хацелі праводзіць мітынг, адбудзецца іншае мерапрыемства. Заяўнікі асабліва абураліся тым, што іх нават не запрасілі ў гарвыканкам, не паспрабавалі знайсьці альтэрнатыўную пляцоўку альбо альтэрнатыўны час.

Журналістаў цікавіла, што ў гэтай сытуацыі будуць рабіць камуністы, як адмова паўплывае на іх далейшыя дзеяньні? Сяргей Калякін адказаў:

«Аргкамітэт сёньня разглядзеў гэтую сытуацыю. І мы прынялі рашэньне не праводзіць ніякіх мерапрыемстваў. Па-першае, сёньня мы ня маем магчымасьцяў законным шляхам праінфармаваць людзей пра тое, што мы будзем праводзіць нейкае іншае мерапрыемства. І па-другое, на наш погляд, мы ня здолеем забясьпечыць масавасьць такога мерапрыемства. І тады акцыя ня будзе мець сэнсу».

У Мікашэвічах, а ня ў Менску хацелі адзначаць Дзень працы прадстаўнікі незалежных прафсаюзаў — сказаў «Свабодзе» старшыня кангрэсу беларускіх дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук:

«Чаму ў Мікашэвічах, — як мне падаецца, тлумачэньня не патрабуе. Для нас сёньня гэта стратэгічны прыярытэт. А сытуацыя вакол незалежнага прафсаюзу на „Граніце“ агульнавядомая.

Мы замаўлялі правядзеньне мітынгу 1 траўня ў падтрымку незалежных прафсаюзаў і іх сябраў. Прасілі гарадзкі стадыён, бо там ёсьць спэцыяльнае месца для падобных мерапрыемстваў. І замаўлялі тысячу ўдзельнікаў, бо мы плянавалі зьвезьці туды прадстаўнікоў усіх нашых прафсаюзаў, без выключэньня. Але атрымалі адмоўны адказ».

Аляксандар Ярашук кажа, што прафсаюзы спрабуюць праз пракуратуру ў Лунінцы аспрэчыць адмову. Але спадзяваньняў на гэта мала:

«І гэта пакуль усё, што я магу на гэтую тэму сказаць. З улікам таго, які адказ мы атрымаем (найхутчэй, адмоўны), мы будзем прымаць свае далейшыя рашэньні — што канкрэтна мы будзем рабіць 1 траўня. Абсалютна відавочна, што рэжым робіць усё, каб не адбылося ніякіх масавых акцыяў».

Чаму менскія ўлады дазволілі правядзеньне «Чарнобыльскага шляху», але не далі дазволу на мітынг 1 траўня? Сацыёляг Аляксандар Сасноў мае такі адказ на гэтае пытаньне:

«Чарнобыльская тэма па сваёй актуальнасьці для людзей апусьцілася далёка на ніз. А на першы плян выйшлі сацыяльна-эканамічныя пытаньні, зьвязаныя з цэнамі, заробкамі, роўнем жыцьця.

А ўлада дала дазвол на „Чарнобыльскі шлях“ ня толькі таму, што гэтая тэма сыходзіць уніз. Справа ў тым, што 1 траўня — гэта палітычнае сьвята, палітычная тэма. І тут палітычная партыя зьбіралася праводзіць мерапрыемства. А „Чарнобыльскі шлях“ — гэта агульнаграмадзянскае мерапрыемства. І сьпісаць яго на нейкую партыю немагчыма».

Гэтыя словы пацьвярджаюцца і лічбамі, які сёньня назваў Сяргей Калякін. Толькі за апошнія два месяцы да ўладаў ад апазыцыі паступілі 102 заяўкі на правядзеньне пікетаў супраць сацыяльна-эканамічнай палітыкі ў Беларусі. Задаволілі ж толькі дзьве.
XS
SM
MD
LG