Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбухі ў Днепрапятроўску. Януковіч заяўляе пра дэстабілізацыю


Пачынаючы з 11:50 ў Днепрапятроўску адбылася сэрыя выбухаў. Самаробныя выбуховыя прылады былі закладзены на трамвайных прыпынках.

19.30 Сэрыю выбухаў у Днепрапятроўску будзе расьсьледаваць Рада бясьпекі Ўкраіны. Генэральны пракурор Віктар Пшонка паведаміў, што ёсьць некалькі рабочых вэрсій, але каардынацыйны штаб вырашыў іх пакуль не называць. Крымінальная справа была заведзеная па артыкуле «тэракт».

Сытуацыя ў Днепрапятроўску, па словах генпракурора, стабілізавалася і знаходзіцца пад кантролем. Восем параненых застаюцца ў рэанімацыі.


Прэзыдэнт Украіны Віктар Януковіч даручыў прыняць меры з мэтай не дапусьціць дэстабілізацыі абстаноўкі ў Днепрапятроўску.

У горадзе да 2 траўня забаронена праводзіць масавыя мерапрыемствы.



19.00 У выніку выбухаў у Днепрапятроўску пацярпелі 29 чалавек, 26 зь іх шпіталізаваныя. Пра гэта карэспандэнту Радыё Свабода ў Кіеве паведаміў кіраўнік прэс-службы абласной міліцыі Аляксей Шчарбатаў.

Паводле яго слоў, ніякай вэрсіі таго, што адбылося, праваахоўныя органы пакуль не апублікавалі, хоць вэрсіі ўжо ёсьць.

«На прэс-канфэрэнцыі вэрсіі не былі абвешчаны, хоць яны ёсьць. Генпракурор сказаў, што пакуль вэрсіі абнародавацца не будуць », - сказаў Радыё Свабода Аляксей Шчарбатаў.

18.00 Эўразьвяз асудзіў выбухі ў Днепропятроўску, у выніку якіх пацярпелі 27 чалавек.

Вярхоўны прадстаўнік ЭЗ Кэтрын Эштан заявіла, што «шакаваная і занепакоеная» паведамленьнямі аб выбухах і прапанавала Ўкраіне дапамогу ад імя ЭЗ.

З асуджэньнем выбухаў выступіла таксама Арганізацыя па бясьпецы і супрацоўніцтву ў Эўропе.

У заяве Эўрапейскага саюзу футбольных асацыяцый (УЭФА) выказваецца ўпэўненасьць у тым, што падчас чэмпіянату Эўропы па футболе, які пройдзе ў чэрвені ў Польшчы і ва Ўкраіне, будзе гарантаваная бясьпека, і падзеі ў Днепрапятроўску не паўплываюць на пасьпяховае правядзеньне першынства.

17.00 Пачалося пазачарговае пасяджэнне Вярхоўнай Рады Ўкраіны ў сувязі з выбухамі ў Днепрапятроўску.



15.00 Першы выбух адбыўся каля поўдня на трамвайным прыпынку насупраць Опэрнага тэатру. Выбуховая прылада было закладзена альбо ў трамвай, які прыехаў, альбо на прыпынку ў урну. Былі параненыя тры пасажыры трамваю, асколкамі зачапіла і людзей, якія праяжджалі ў гэты момант побач ў аўтамабілях. Праз некалькі хвілін у цэнтры Днепрапятроўску прагрымелі яшчэ тры выбухі: каля кінатэатру «Радзіма», на вуліцы Сярова і на праспэкце Карла Маркса.



Ва ўсіх чатырох выпадках спрацавалі выбуховыя прылады. Пакуль не зразумела, хто можа стаяць за сэрыяй гэтых тэрактаў. Увесь цэнтар горада ачэплены супрацоўнікамі праваахоўных органаў, на месцы выбухаў працуюць крыміналісты і піратэхнікі. Па словах карэспандэнта Радыё Свабода, у горадзе пачалася паніка. Кіраўнікі агульнаадукацыйных школаў прыпыняюць заняткі і просяць бацькоў тэрмінова забраць дзяцей дадому. Мабільная сувязь не працуе.



У Днепрапятроўск вылецеў міністар унутраных справаў Украіны Віталь Захарчанка. Па факце выбухаў МУС завяло крымінальную справу. На думку ўкраінскай апазыцыі, улада можа выкарыстаць днепрапятроўскі выбухі для ўвядзеньня ў краіне надзвычайнага становішча.



Як распавёў Радыё Свабода днепрапятроўскі журналіст Юрый Райхель, выбухі былі досыць моцнымі, таму пляскачы было чуваць на вялікай адлегласьці.

У Днепрапятроўску выбухі здараліся і раней, але яны адбываліся далёка ад цэнтру і насілі відавочны характар камэрцыйных разборак. Юрый Райхель скептычна ацаніў вэрсіі аб нейкіх палітычных матывах гэтых выбухаў. Сэпаратыстаў у Днепрапятроўску няма, а тыя, хто выступае пад такімі лёзунгамі ў Крыму або Закарпацьці, слабыя. Анархістаў на Ўкраіне таксама няма, як няма левых радыкалаў. Тыя, каго называюць правымі радыкаламі, вызнаюць парлямэнцкія мэтады палітычнай барацьбы.

На думку журналіста, больш праўдападобнай выглядае бізнэс-вэрсія. Два тыдні таму ў Днепрапятроўску быў забіты каля свайго дому, таксама ў цэнтры гораду, вядомы бізнэсмэн Генадзь Аксельрод, які валодаў некалькімі буйнымі будаўнічымі фірмамі. Яны працавалі ў цэнтры, і вакол іх ужо даўно існавала напружаньне. Гэты бізнэсовец належаў да групы тых, каму ўдалося завалодаць уласнасьцю былога прэм’ера Паўла Лазарэнкі. І, на думку Райхеля, калі гэтая вэрсія дакладная, магчыма, тое, што здарылася, абвострыць супярэчнасьці паміж днепрапятроўскай элітай і данецкай, якая спрабуе ўзяць пад кантроль бізнэс па ўсёй краіне.

Гэта сустракае процідзеяньне, якое нарастае ўсюды, асабліва ва ўсходняй частцы Ўкраіны, дзе «данецкія» асабліва актыўныя. Гэта супрацьстаяньне можа стаць палітычным, асабліва пасьля парлямэнцкіх выбараў у кастрычніку, калі стане больш ясная расстаноўка палітычных сіл у краіне.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG