Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеве апазыцыя мітынгуе і блякуе парлямэнт


У цэнтры Кіева праходзіць мітынг прыхільнікаў апазыцыі пад лёзунгам «За Украіну без рэпрэсій». У ім бяруць удзел каля 2 тысяч чалавек.

Удзельнікі акцыі ўжо пабывалі каля Адміністрацыі прэзыдэнта, дзе на агароджы павесілі плякат, якім прэзыдэнта Віктара Януковіча «выклікаюць у суд» у якасьці абвінавачанага «за замах на тэрытарыяльную цэласнасьць і недатыкальнасьць Украіны, пабоі і катаваньні, катаваньні Юліі Цімашэнкі і ўсяго ўкраінскага народу, незаконнае пазбаўленьне волі Юліі Цімашэнкі, Юрыя Луцэнкі і іншых грамадзян; фальсыфікацыі вынікаў галасаваньня на выбарах прэзыдэнта Ўкраіны, злоўжываньне ўладай, перавышэньне ўлады; злачынствы супраць правасудзьдзя, умяшаньне ў дзейнасьць судовых органаў». Мітынгоўцы таксама патрабуюць адстаўкі прэзыдэнта.

Удзельнікі дэманстрацыі, сярод іншага нясуць партрэты Цімашэнкі і сымбалічныя краты.




Тым часам у Вярхоўнай Радзе апазыцыйныя фракцыі працягваюць блякаваць трыбуну і прэзыдыюм Вярхоўнай Рады. Блякаваньне працягваецца з 24 красавіка, калі зьявілася інфармацыя аб зьбіваньні ў папраўчай калёніі былога прэм’ер-міністра Юліі Цімашэнкі.

Апазыцыя, якая блякуе працу Рады, патрабуе, у прыватнасьці, прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці вінаватых у зьбіваньні Цімашэнкі, а таксама забясьпечыць былому кіраўніку ўраду неабходнае лячэньне.

Раней на гэтым тыдні мы паведамлялі, што адвакат Цімашэнкі, Сяргей Уласенка, на брыфінгу пасьля сустрэчы зь Юліяй Цімашэнкай заявіў аб зьбіцьці яго падабароннай у Качаноўскай папраўчай калёніі, у якой яна адбывае пакараньне сямі гадамі зьняволеньня ў гэтак званай «газавай справе».

Паводле Ўласенкі, ён бачыў у Цімашэнкі сінякі на руках і на жываце. Ён таксама паведаміў, што Цімашэнка адмовілася ад ежы і абвясьціла галадоўку.

Пракуратура Харкаўскай вобласьці прызнае, што Цімашэнку даставілі ў шпіталь гвалтам, але адмаўляе, што зьняволеную пры гэтым зьбілі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG