Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Чарнобыль не адбіў у Беларусі жаданьня гуляць зь ядзернай энэргетыкай»


З нагоды 26-й гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС нямецкая «Die Welt» ды іншыя выданьні зьмясьцілі справаздачу бэрлінскай грамадзкай ініцыятывы «Food Watch» на тэму радыеактыўнасьці прадуктаў харчаваньня, якія спажываюць эўрапейцы.

У справаздачы грамадзкія актывісты абапіраюцца на дасьледаваньні шэрагу навуковых установаў Нямеччыны. Сутнасьць іх у наступным: калі Японія, якую пазалетась напаткала аварыя на Фукусіме, узмацніла ад пачатку красавіка радыяцыйны кантроль і ўвяла больш жорсткія нормы ўтрыманьня радыенуклідаў для вады і харчовых прадуктаў, якія вырабляюцца на забруджанай тэрыторыі, то ў пацярпелых ад Чарнобылю рэгіёнах ЭЗ, сумежных зь імі Беларусі і Ўкраіне ў гэтым сэнсе ўсё нашмат «лібэральней». Дапушчальныя ліміты радыеактыўных элемэнтаў для харчовых прадуктаў тут у 6 разоў вышэйшыя за японскія і мала ў чым зьмяніліся ў параўнаньні з 1986 годам.

Актывісты «Food Watch» падзяляюць канцэпцыю беларускага навукоўца-радыёляга Юрыя Бандажэўскага пра небясьпеку штодзённага атрыманьня чалавекам малых дозаў радыяцыі:

«Пранікаючы ў арганізм, заражаныя радыеактыўнымі элемэнтамі прадукты інкарпаруюцца ў жыцьцёва важныя органы — сэрца, галаўны мозг, залозы эндакрыннай сыстэмы — і выклікаюць у гэтых органах структурна-мэтабалічныя зьмены, якія вядуць да цяжкіх наступстваў».

Найбольшую небясьпеку для эўрапейца ў гэтым сэнсе нясуць грыбы. У баравіках, якія вырасьлі ў лясах Баварыі, падчас лябараторных дасьледаваньняў пэрыядычна знаходзяць у сярэднім 600 бэкерэляў на кіляграм. Абсалютны рэкорд быў зафіксаваны некалькі гадоў таму, калі ў сабраных грыбах знайшлі больш за 2,5 тысячы бк/кг. Гэта ў Баварыі, а што казаць пра тыя ж Беларусь і Ўкраіну.

Нямецкія ды эўрапейскія СМІ цытуюць беларускага кіраўніка Лукашэнку, які, наведваючы ўчора Быхаўскі кансэрвавы завод — буйное харчовае прадпрыемства на пацярпелай ад Чарнобыльскай аварыі Магілёўшчыне, заявіў, што для Беларусі самы цяжкі пэрыяд мінуўся.

«Мы пераадольваем чарнобыльскі сындром, — падкрэсьліў беларускі прэзыдэнт. — У ахове здароўя мы зрабілі ўсё, што плянавалі. Магчыма, анкалягічных дыспансэраў мы пабудавалі нават больш, чым патрабуецца».

Як рэзюмуе швайцарскае выданьне «Le Temps», ані Чарнобыль, ані Фукусіма не адбілі ў Беларусі жаданьня займець ядзерную энэргетыку. Адрозна ад Нямеччыны, якая пастанавіла назаўсёды выйсьці зь ядзернага клюбу, Беларусь пачала будаваць сваю першую АЭС, а яе прэзыдэнт на сустрэчы з кіраўніком МАГАТЭ заявіў пра намер пабудаваць і другую атамную электрастанцыю. Як і варта было чакаць, па тэхналёгіі ды фінансаваньне праекту Менск зьвярнуўся да свайго вялікага расейскага суседа.

Не адстае ад Беларусі і Ўкраіна. Праз 26 гадоў пасьля выбуху на ЧАЭС тут з двухгадовым спазьненьнем пачынаюцца працы па мантажы другога саркафагу. Таксама Кіеў заяўляе пра намер будаваць новыя рэактары, хоць 66,3% украінцаў, паводле сацыялягічных апытаньняў, лічаць, што іхная краіна павінна адмовіцца ад будаўніцтва новых АЭС, піша газэта.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG