Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Казаскіх паліцэйскіх судзяць за зьверскі разгон пратэстаў


Абвінавачаныя на лаўцы падсудных
Абвінавачаныя на лаўцы падсудных

У казаскім горадзе Актау 27 красавіка пачаўся суд над паліцэйскімі, якіх абвінавачваюць ў перавышэньні службовых паўнамоцтваў пры ўжываньні зброі, што прывяло да гібелі людзей падчас забурэньняў у горадзе Жанаэзэн у сьнежні мінулага году.

Да крымінальнай адказнасьці прыцягваюцца пяцёра паліцэйскіх, у тым ліку намесьнік начальніка дэпартамэнту ўнутраных спраў Мангістаўскай вобласьці Кабдыгалі Утэгаліеў, начальнік аддзелу па барацьбе з экстрэмізмам Бекжан Багдабаеў і першы намесьнік начальніка ўпраўленьня ўнутраных спраў гораду Жанаэзэн Ерлан Бакыткаліулы.

Генэральная пракуратура Казахстану заяўляла, што «ў выніку беспарадкаў ад агнястрэльных раненьняў загінула 12 чалавек, сьмерць двух асоб наступіла ад атрыманых цялесных пашкоджаньняў, адна асоба сканала ад апёкаў падчас разрабаваньня гандлёвага дому „Сулпак“, сьмерць яшчэ адной асобы, якая загінула ад шротавых раненьняў, не зьвязана з масавымі беспарадкамі».

Прэзыдэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў, выступаючы летась 17 сьнежня ў Астане на пасяджэньні Рады бясьпекі, казаў: «Хачу адзначыць, што паліцэйскія дакладна выконвалі свой службовы абавязак і дзейнічалі ў рамках сваіх паўнамоцтваў паводле закону».

Аднак пасьля разьмяшчэньня невядомымі асобамі ў Інтэрнэце відэаролікаў пра тое, як паліцэйскія вялі агонь на паражэньне па дэманстрантах, а таксама дабівалі параненых, і пасьля зьяўленьня ў СМІ публікацый аб тым, што сярод загінулых у Жанаэзэне ад агнястрэльных раненьняў практычна няма ніводнага, хто нападаў на паліцэйскіх, улады зьмянілі сваю пазыцыю.



Так, прэзыдэнт Нурсултан Назарбаеў падчас сустрэчы з жыхарамі Жанаэзэну 22 сьнежня 2011 году паабяцаў ім, што законнасьці дзеяньняў паліцыянтаў будзе дадзена адпаведная прававая ацэнка.

Генэральны пракурор Казахстану Асхат Даулбаеў сёлета 25 студзеня ў сваёй заяве па падзеях у Жанаэзэне, сказаў: «... сьледзтва паказала, што ў асноўным супрацоўнікі паліцыі дзейнічалі правамерна, ва ўмовах рэальнай пагрозы жыцьцю і здароўю як мірнага насельніцтва, так і саміх паліцэйскіх...
Разам з тым, у асобных выпадках прымяненьне зброі і спэцыяльных сродкаў з боку паліцэйскіх насіла неадпаведны характар, рэакцыя на дзеяньні нападнікаў была неадэкватная ўзьніклай пагрозе. У выніку гэтага, перавышаючы свае паўнамоцтвы, яны супрацьпраўна ўжылі зброю, што пацягнула гібель і раненьні людзей».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG