Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вясна» адзначае 16-ю гадавіну дзейнасьці


архіўнае фота

архіўнае фота

16 год таму, пасьля затрыманьняў падчас «Чарнобыльскага Шляху», пачыналася праца групы людзей, якая занялася зборам і распаўсюдам інфармацыі пра затрыманых, а таксама спрабавала аказаць ім матэрыяльную дапамогу.

Так узьнікла арганізацыя «Вясна-96», цэнтральным накірункам працы якой стала дапамога ахвярам палітычных рэпрэсій і інфармаваньне грамадзкасьці пра гэтыя рэпрэсіі.

Пра гісторыю праваабарончага цэнтру і лёс Алеся Бяляцкага гавораць юрыст «Вясны» Ўладзімер Лабковіч і жонка праваабаронцы Натальля Пінчук.

Уладзімер Лабковіч

Уладзімер Лабковіч

«У 1996 годзе пасьля „Чарнобыльскага шляху“, калі ў Беларусі адразу зьявіліся сотні палітвязьняў, невялікая група, сабраная Алесем Бяляцкім яшчэ з супрацоўнікаў музэю Максіма Багдановіча, і стварыла аргкамітэт будучай „Вясны“. Яны хутка сабралі дапамогу, харчовую і матэрыяльную, і тэрмінова перадавалі вязьням, якія знаходзіліся і на Акрэсьціна, і на Валадарскага. Менавіта гэта была першая праваабарончая акцыя па сыстэмнай дапамозе людзям, якія пацярпелі за палітычны перасьлед. „Вясна“ перажывала шмат выпрабаваньняў, у тым ліку юрыдычную ліквідацыю ў 2003 годзе, што абсалютна не спыніла нашу дзейнасьць і мы працягнулі яе ў поўным аб’ёме. Безумоўна, цяпер мы перажываем вельмі цяжкі пэрыяд у нашай дзейнасьці. Ён зьвязаны і з агульнай сытуацыяй, якая сталася проста катастрафічнай і жахлівай пасьля сьнежня 2010 году, і, безумоўна, з арыштам старшыні нашай арганізацыі Алеся Бяляцкага. Мы, безумоўна, не зьбіраемся ні на хвіліну спыняцца, бо лічым нашу працу важнай, карыснай і патрэбнай для ўсяго беларускага грамадзтва».

Натальля Пінчук:

Натальля Пінчук

Натальля Пінчук

«Асноўную сваю задачу, якая стаяла перад „Вясной“, яна выконвала і выконвае і цягам мінулых гадоў, і зараз. Што тычыцца цяперашняга пэрыяду, калі Алесь у зьняволеньні, то зразумела, што гэтую сытуацыю лёгкай не назавеш. Адпаведна і ў сувязі з апошнімі патрабаваньнямі, выстаўленымі ў судзе Першамайскага раёну. Казаць пра абгрунтаванасьць гэтых патрабаваньняў не даводзіцца, бо не даводзіцца казаць пра законнасьць і самога прысуду супраць Алеся. У сувязі з гэтым можна канстатаваць той факт, што ціск на Алеся, на жаль, не зьмяншаецца. Ня так даўно я атрымала ад Алеся ліст, які ў пэўнай ступені мяне расчараваў. Бо раней у лістах ён вёў гаворку пра верагоднае спатканьне. У апошнім жа лісьце ён унікае гэтага пытаньня, і, хутчэй за ўсё, такога спатканьня і не адбудзецца».


Сайт «Вясны» цытуе расповяд заснавальніка і кіраўніка арганізацыі Алеся Бяляцкага для кнігі «Наша Вясна»:

«Вясна» пачыналася тады, калі цэлую вясну 96-га года ішлі масавыя акцыі, якія адбываліся з розных прычынаў. У красавіку — у сувязі з так званай Саюзнай дамовай з Расіяй, якую Лукашэнка зьбіраўся заключаць з Ельцыным. Перад гэтым адзначалася 15 сакавіка — Дзень Канстытуцыі, затым 25 сакавіка — Дзень Волі, калі прайшла вялікая дэманстрацыя па праспэкце Незалежнасьці да Опэрнага тэатру і будынку Белтэлерадыёкампаніі на Чырвонай, дзе патрабавалі прамога эфіру, бо тады ўжо былі праблемы з інфармацыяй і яе распаўсюдам. Тады была ўзбуджана крымінальная справа за парушэньне парадку, але яна нічым не скончылася. А 26 красавіка на плошчы Якуба Коласа сабралася 40-50 тысяч чалавек, якія пайшлі затым па праспэкце Незалежнасьці да цырка і па вуліцы Багдановіча да Палацу спорту, дзе былі праведзены мітынгі. Падчас гэтай дэманстрацыі міліцыя перакрыла дарогу машынамі, былі выстаўлены кардоны АМАПу, і ўсё гэта суправаджалася жорсткімі сутычкамі з людзьмі. У той дзень было арыштавана больш за 200 чалавек, узбуджана чарговая крымінальная справа. У СІЗА апынуліся Юры Хадыка і Вячаслаў Сіўчык як заяўнікі акцыі. Востра ўзьнікла пытаньне тэрміновай дапамогі ў зборы інфармацыі і давядзеньні яе да сваякоў затрыманых, бо паніка тады была нават большая, чым мы бачылі ў 2006-м і ў 2010-м гадах падчас падобных масавых арыштаў. Проста тады гэта было ўпершыню. Я хачу падкрэсьліць, што да гэтага акцыі, за выключэньнем «Дзядоў» 1988 года, у нас фактычна не разганяліся. Так, былі затрыманьні, быў нейкі млявы перасьлед, але так масава, нахабна і жорстка, як гэта адбылося ў красавіку 96-га года — такога не было. Мне падаецца, менавіта тады Лукашэнка вырашыў жорсткасьцю сілавых дзеяньняў спыніць масавыя акцыі.

У гэтай сытуацыі ўзьнікла група людзей, якая занялася зборам і распаўсюдам інфармацыі, а таксама матэрыяльнай дапамогай: мы шукалі грошы, прадукты харчаваньня для тых, хто сядзеў па крымінальнай справе і на «сутках». У прыватнасьці, адзін чалавек перадаў нам харчы і мы потым іх раздавалі сем’ям рэпрэсаваных. Гэта было не так шмат, але — чым маглі... Гэтая група працавала прыкладна месяц.

У 97-м годзе да гэтай працы далучыліся некалькі дзяўчат-валанцёрак з ліку супрацоўніц музэя — напрыклад, Паліна Сьцепаненка. Паступова мы пашыралі сваю працу і пачалі шукаць кантакты ў рэгіёнах, таму што рэпрэсіі разгарнуліся па ўсёй Беларусі. Нам патрэбны былі людзі, гатовыя працаваць у праваабарончым накірунку па ўсёй краіне, і на працягу 97-га года мы фактычна адбудавалі рэспубліканскую структуру. 23 лютага 1998 года мы зарэгістравалі «Вясну-96» як менскую гарадзкую арганізацыю і адначасова рыхтавалі дакумэнты для стварэньня нацыянальнай. У 1999 годзе «Вясна» была зарэгістравана як арганізацыя рэспубліканская і ў такім статусе існавала да 2003 года, калі рашэньнем Мін’юста і Вярхоўнага суда яна была зачынена за ўдзел у назіраньні за прэзыдэнцкімі выбарамі 2001 года. З тых часоў працуем без рэгістрацыі.»

Сваё 16-годдзе арганізацыя адзначае выхадам кнігі «Наша Вясна», ініцыятарам выданьня якой зьяўляецца Алесь Бяляцкі.
XS
SM
MD
LG