Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Па Дзьвіне пусьцілі «Вянок памяці»


Віцебская грамадзкасьць — ліквідатары аварыі на Чарнобыльскай АЭС і дэмакратычныя актывісты — сабраліся каля Крыжа Эўфрасіньні Полацкай на Ўсьпенскай горцы.

Пасьля кароткіх прамоваў і ўспамінаў удзельнікаў ліквідацыі наступстваў аварыі ў Чарнобылі прысутныя спусьціліся на бераг Заходняй Дзьвіны і пусьцілі па вадзе жалобны «Вянок памяці». Гэта ўжо традыцыйная штогадовая жалобная акцыя да ўгодкаў чарнобыльскай трагедыі, якая праводзіцца ў Віцебску.

Тутэйшыя міліцыянты лічць яе апазыцыйнай і пільна сочаць за ўдзельнікамі. Увечары 26 красавіка супрацоўнікі міліцыі і АМАПу дзяжурылі на берагах Дзьвіны і Віцьбы, а ў бліжэйшых дварах стаялі міліцэйскія машыны. Аднак сёлета абышлося без затрыманьняў, хаця некалькі дзён таму актывісты зьвярнуліся да гарадзкіх уладаў з адкрытым лістом пра тое, што жалобная акцыя адбудзецца ў любым выпадку.

Калі вянок з чорнымі стужкамі схаваўся за даляглядам, частка людзей вярнулася да крыжа на Ўсьпенскай горцы на супольную малітву.

«Гэта была сапраўдная чарнобыльская малітва. Мы маліліся за супакой душаў тых, хто загінуў праз гэтую жудасную аварыю, і маліліся за доўгае жыцьцё тых, хто страціў здароўе пасьля катастрофы на АЭС. Напрыканцы ўсе прасьпявалі гімн „Магутны Божа“», — апавяла каардынатарка аргкамітэту па стварэньні партыі БХД Тацяна Севярынец.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG