Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў. Апазыцыя і ўлада адзначылі гадавіну Чарнобыля паасобку


Апазыцыянэры згадваюць ахвяраў Чарнобыля.

Апазыцыянэры згадваюць ахвяраў Чарнобыля.

У Магілёве 26 красавіка надвячоркам ля Крыжа памяці, што непадалёк ад паўднёва-ўсходніх гарадзкіх могілак, два дзясяткі прадстаўнікоў апазыцыйных арганізацыяў згадалі ахвяраў чарнобыльскай трагедыі.

Памяць аб ахвярах Чарнобыля актывісты ўшанавалі хвілінай маўчаньня і ўскладаньнем кветак да крыжа. Каля яго адбыўся непрацяглы мітынг. За грамадой апазыцыянэраў здалёк са службовых машын назіралі міліцыянты. Інцыдэнтаў зь імі не было.
Некаторыя ўдзельнікі апазыцыйнага мерапрыемства былі ў вось такіх майках.

Некаторыя ўдзельнікі апазыцыйнага мерапрыемства былі ў вось такіх майках.


Крыж памяці ўсталявалі ў 1997 годзе з ініцыятывы апазыцыйна настроенай моладзі. Ён узвышаецца па-над дарогай, якая вядзе да найбольшых могілак у Магілёве. На іх пахаваныя і ліквідатары Чарнобыля, і тыя хто памёр ад хваробаў, выкліканых радыяцыяй.
Крыж памяці

Крыж памяці


У першай палове дня ля мэмарыяльнага знаку «Мужнасьць ліквідатараў чарнобыльскай катастрофы» прайшоў афіцыйны мітынг-рэквіем. У ім узялі ўдзел кіраўнікі гораду, прадстаўнікі сілавых структур, праўладных грамадзкіх арганізацыяў, а таксама запрошаныя ліквідатары чарнобыльскай аварыі. На афіцыйным мерапрыемстве пераважала школьная моладзь.


Мэмарыяльны знак «Мужнасьць ліквідатараў чарнобыльскай катастрофы» знаходзіцца на ўскрайку гораду ў пасёлку Любуж, на тэрыторыі, дзе цяпер месьцяцца карпусы псыхіятрычнай лякарні. Раней тут была клініка радыяцыйнай мэдыцыны, якую рэарганізавалі.
XS
SM
MD
LG