Лінкі ўнівэрсальнага доступу

TeliaSonera за супрацоўніцтва з КДБ можа страціць швэдзкі рынак


Віцэ-мэр Стакгольму Мадлен Шостэд заклікала прадстаўнікоў стакгольмскіх уладаў не працягваць дамову з TeliaSonera як тэлефонным правайдэрам.

Супрацоўніцтва буйной швэдзка-фінскай тэлекамунікацыйнай кампаніі TeliaSonera са спэцслужбамі постсавецкіх рэжымаў Беларусі, Азэрбайджану, Узбэкістану па-ранейшаму застаецца прадметам дыскусіяў у швэдзкіх СМІ. Пішуць і пра карупцыю ў некаторых даччыных фірмах TeliaSonera. Напрыклад, у казаскай Kcell.

«Дыскусіі пра паводзіны TeliaSonera вельмі важныя для дзяржавы і грамадзтва», — кажа Ліза Свэнсан (Lisa Emelia Svensson), прадстаўніца (або, як гэтая пасада афіцыйна завецца, пасол) Праграмы карпаратыўнай сацыяльнай адказнасьці (КСА) у швэдзкім урадзе. (У адпаведнасьці з КСА бізнэс-структуры мусяць улічваць інтарэсы грамадзтва, а дзяржава — адказваць за ўплыў гэтай дзейнасьці на заказчыкаў, пастаўшчыкоў, спажыўцоў і г.д.)

Паводле спадарыні Свэнсан, «кожная кампанія павінна памятаць, што нават калі яна мае найлепшы імідж, заўсёды знойдуцца тыя, хто будзе дасьледаваць яе дзейнасьць».

Пасол Праграмы КСА палемізуе з Генэральным дырэктарам TeliaSonera Ларсам Нюбэргам, які кажа, што ягоная кампанія мусіць выконваць законы кожнай краіны, у якой працуе. Пра тое, што выконваючы, напрыклад, беларускія законы, TeliaSonera (праз сваю даччыную фірму — апэратара мабільнай сувязі Life :) — ЗАТ «БеСТ») здала рэжыму пасьля прэзыдэнцкіх выбараў поўную інфармацыю пра перапіску, званкі, месцазнаходжаньне, перамяшчэньні апанэнтаў рэжыму, сёньня пішуць шмат якія СМІ Швэцыі.

«Так, нашы кампаніі працуюць і ва ўмовах складаных рынкаў. Яны ня могуць несьці адказнасьць за стан дэмакратыі ў тым ці іншым грамадзтве», — лічыць прадстаўніца КСА ў швэдзкім урадзе. Тым ня менш усе гэтыя фірмы, на яе погляд, адказныя за тое, каб не нашкодзіць кліентам сваімі дзеяньнямі. Яны павінны адкрыта заяўляць аб праблемах, якія паўстаюць для іх у недэмакратычных краінах.

«TeliaSonera, як і іншыя кампаніі, павінна мець унутраную палітыку па пытаньнях правоў чалавека, быць у курсе таго, як іхная актыўнасьць уплывае на краіны, дзе яны працуюць і, зразумела, адпавядаць кіраўнічым прынцыпам Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і разьвіцьця што да паставак і дзелавых зносінаў», — кажа Ліза Свэнсан.

Тым часам віцэ-мэр Стакгольму Мадлен Шостэд лічыць адказнымі за парушэньні правоў чалавека ў Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў ня толькі TeliaSonera, але і галоўнага акцыянэра кампаніі — швэдзкую дзяржаву.

Аргумэнты генэральнага дырэктара канцэрну Ларса Нюбэрга выклікаюць у яе вялікі недавер.

Напярэдадні спадарыня Шостэд заклікала прадстаўнікоў стакгольмскіх уладаў не працягваць дамову з TeliaSonera як тэлефонным правайдэрам.

Сёньня паслугамі гэтай буйной тэлекамунікацыйнай кампаніі ў швэдзкай сталіцы карыстаюцца дзясяткі тысяч абанэнтаў, сярод якіх і гарадзкія чыноўнікі ды палітыкі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG