Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Хартыя 97» пераедзе зь Вільні ў Варшаву


На канцэрце «Салідарныя зь Беларусьсю» ў Варшаве
На канцэрце «Салідарныя зь Беларусьсю» ў Варшаве

Сёньня камісія польскага Cэйму ў міжнародных справах заслухала ды абмеркавала справаздачу МЗС краіны аб стане польска-беларускіх дачыненьняў у прысутнасьці прадстаўнікоў шэрагу няўрадавых арганізацыяў, што працуюць дзеля Беларусі.

Са справаздачай перад дэпутатамі выступіла віцэ-міністар замежных справаў Польшчы Катажына Пэлчыньска-Налэнч, якая заявіла, што польская дзяржава выразна разьдзяляе паняцьці «беларускі народ» і «беларускія ўлады» і таму санкцыі ўводзяцца менавіта супраць уладаў, а не грамадзянаў краіны, і не павінны ім ніяк шкодзіць.

Пэлчыньска-Налэнч: «Беларускім уладам польскі бок ужо шмат гадоў накіроўвае адназначнае пасланьне: правы чалавека, грамадзянскія свабоды трэба паважаць. І тут базавая патрабаваньне, якое дало б магчымасьць пачаць дыялёг з вышэйшым кіраўніцтвам Беларусі – вызваленьне ўсіх палітвязьняў».

Катажына Пэлчыньска-Налэнч
Катажына Пэлчыньска-Налэнч
Спадарыня віцэ-міністар адзначыла таксама, што прадстаўнікі Польшчы ўвесь час паўтараюць сваім калегам у Эўразьвязе, што Беларусь не ўваходзіць у склад ЭЗ, але Беларусь – эўрапейская краіна, таму праблемы узаемаадносінаў зь Менскам павінны быць адным з прыярытэтаў аб’яднанай Эўропы.

Паводле яе словаў, дапамога незалежным мэдыям, грамадзянскай супольнасьці Беларусі – адзін з прыярытэтаў праграмы доўгатэрміновай польскай замежнай дапамогі.

Намесьніца міністра пракамэнтавала таксама пагрозы зь беларускага боку аб аслабленьні кантролю на мяжы з Польшчай:

«Мяжа ахоўваецца з абодвух бакоў. Інфармацыя зь беларускага боку была ўспрынятая намі з поўнай сур’ёзнасьцю ды ўвагай. Але памежнікі кантралююць, каго пускаць на польскую тэрыторыю і маюць магчымасьць заблякаваць уезд непажаданых асобаў. Таму такія аднабаковыя санкцыі ня могуць датычыць ані Польшчы, ані польскага грамадзтва. Хаця, канечне, мы шкадуем, што зьяўляюцца такія заявы, бо дагэтуль існавала практыка, згодна зь якой памежныя справы датычылі выключна грамадзтваў, магчымасьцяў перамяшчэньня, камунікацыі і павінны заставацца па-за палітыкай».

Сярод іншага Катажына Пэлчыньска-Налэнч сказала таксама, што бліжэйшым часам у Варшаву зь Літвы пераедзе рэдакцыя «Хартыі 97», а таксама будуць зробленыя захады дзеля пашырэньня магчымасьцяў працы польскіх кансулятаў у Беларусі.

У часе паседжаньня былі абмеркаваныя таксама пытаньні хуткага стварэньня ў польскім Сэйме дэпутацкай групы ў справах Беларусі, супрацы МЗС, Міністэрстваў юстыцыі і фінансаў у справе аховы дадзеных беларусаў, па якія могуць зьвяртацца беларускія дзяржаўныя структуры ў мэтах перасьледу за грамадзкую ды апазыцыйную палітычную дзейнасьць.

У спатканьні ўзялі ўдзел прадстаўнікі радыё «Рацыя», «Беларускага дому ў Варшаве», фонду «Свабода і дэмакратыя», Польскага Хэльсынскага фонду, тэлеканалу «Белсат» ды іншыя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG