Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Купляйце 中国制造 беларускае!


Тры пляншэтныя кампутары пад уласнай гандлёвай маркай прэзэнтаваў менскі холдынг «Гарызонт». Навінку можна пабачыць на выставе высокіх тэхналёгіяў TIBO-2012, якая праходзіць цяпер у Менску. Спэцыялісты ў кампутарнай галіне адзначаюць: усе тры пляншэты — кітайскай вытворчасьці. Нават індэкс HT9109B, які ёсьць на адной з гарызонтаўскіх мадэляў, — гэта кодавая назва пляншэту Flytouch 3, які часам прадаецца на кітайскіх «барахолках» як Superpad.

Наколькі такі падыход адпавядае праграме імпартазамяшчэньня, якую праводзіць беларускі ўрад, і шырока рэклямаванай кампаніі «Купляйце беларускае»?

«Калі мы і надалей будзем рабіць так, як робіць цяпер „Гарызонт“, як раней рабіў „Інтэграл“, які купляў замежныя маніторы і мяняў на іх шыльду, то гэта ня тая справа. Калісьці мы ўжо абяцалі перавесьці ўсіх беларусаў на мабільныя тэлефоны беларускай вытворчасьці. Дзе яны? Усё гэта ня мае ніякай пэрспэктывы», — мяркуе эканаміст Леў Марголін.

Яшчэ адзін эканаміст, Сяргей Чалы, лічыць, што ў Беларусі ў гэтым кірунку дзейнічаюць ня так, як у цывілізаваным сьвеце:

«Гэтая кампанейшчына па вытворчасьці айчыннай прадукцыі ў нас адбываецца паводле прынцыпу — давайце зьбіраць тут. Гэта робіцца нібыта дзеля таго, каб у Беларусі былі працоўныя месцы. Але ж насамрэч адбываецца дзіўная сытуацыя. Па-першае, мы зьбіраем рэчы з кітайскіх кампанэнтаў. І наша працоўная сіла атрымлівае за гэта грошы большыя, чым кітайцы ў сябе. Таму атрымліваецца, што такія тавары нам таньней было б імпартаваць у гатовым выглядзе. І па-другое, нашы спажыўцы за такі тавар мусяць плаціць ня меней, а болей. І гэта такі зь іх падатак на карысьць вытворцаў».

Леў Марголін бачыць такую тэндэнцыю. Улада хоча пазбыцца дэфіцыту ў зьнешнім гандлі. Для гэтага трэба, наколькі магчыма, зьменшыць імпарт. Таму і абвяшчаюць розныя кампаніі, кшталту «Купляйце беларускае» альбо праграмы імпартазамяшчэньня:

«Калі гаворка ідзе пра сякеры, пра пілы, то можна, канечне, купляць беларускае. А вось калі гаворка ідзе пра складаныя тавары, дык там заўсёды будуць камплектуючыя зь іншых краін. Бо цяпер барацьба ідзе па двух напрамках: тавары павінны быць таннымі і сучаснымі. І вось гэтая двуадзіная задача не вырашаецца без прыцягненьня імпарту. Больш правільны шлях — гэта не імпартазамяшчэньне, каб наладзіць усю вытворчасьць у Беларусі. Больш пэрспэктыўна, калі краіна выбірае некалькі напрамкаў, дзе ёсьць пэўныя напрацоўкі, дзе займаюцца навукоўцы. І трэба старацца менавіта на гэтых кірунках заваёўваць зьнешнія рынкі».

Можна параўнаць амэрыканскую кампанію «Apple», якая таксама робіць тыя ж пляншэты, і «Гарызонт», — прапануе Сяргей Чалы. Амэрыканцы пакідаюць у сябе самае дарагое — інтэлектуальную працу, а ўсё іншае з вытворчасьці, што можна аддаць за мяжу, бязбольна аддаюць:

«Імпартазамяшчэньне ўводзілі для чаго? Каб зьменшыць гандлёвы дысбалянс — каб было меней імпарту, а болей экспарту. А дысбалянсы толькі павялічваюцца. І гэта вынік такога тупога падыходу чыноўнікаў.

Мае сэнс не зьбіраць тавары. Сэнс у тым, каб вынаходзіць. І калі вы ня можаце вынаходзіць, то вам застаецца толькі канкураваць з кітайцамі ў таннасьці працоўнай сілы».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG