Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Будаўніцтва АЭС: Падпаліць плянэту дзеля таго, каб разагрэць талерку супу


Алег Віткоўскі

Алег Віткоўскі

Дзіцячы лекар Алег Віткоўскі — нараджэнец Астравеччыны, апошнія гады жыве і працуе ў нямецкім Дуйсбургу.

Рашэньне беларускіх уладаў будаваць на ягонай радзіме першую атамную электрастанцыю занепакоіла спэцыяліста. Ён далучыўся да грамадзянскай ініцыятывы «Астравецкая атамная — гэта злачынства», ставячы ў прыклад Нямеччыну, якая пасьля аварыі на японскай Фукусіме абвясьціла курс на згортваньне атамнай энэргетыкі. Апроч таго, доктар Віткоўскі актыўна супрацоўнічае з чарнобыльскімі праграмамі аздараўленьня беларускіх дзяцей у Нямеччыне.

Кожны раз, наведваючыся на Астравеччыну, лекар Алег Віткоўскі дзівіцца абыякавасьці землякоў да намеру кіраўніцтва краіны ўзьвесьці тут атамную электрастанцыю. Зрэшты, кажа ён, калі атрымліваць інфармацыю выключна з афіцыйнага тэлебачаньня і прэзыдэнцкай «Советской Белоруссии», то ніякай небясьпекі такія пляны нібыта і не ўяўляюць:

«Сытуацыя з інфармацыйным голадам, які цяпер існуе ў Беларусі, мяне заўсёды надзвычай турбавала і абурала. Людзі ня толькі ізаляваныя ад праўды, а баяцца нешта нават абмяркоўваць. Кожны раз, калі я прыяжджаю на радзіму і хачу выйсьці ў пасёлак з кім-небудзь пагаварыць, мой бацька просіць: Алег, толькі, калі ласка, нікому нічога не расказвай і нікога ні ў чым не пераконвай, таму што гэта можа і для цябе, і для нас дрэнна скончыцца.

Я, канечне, стаўлюся да гэтага з пэўнай іроніяй, і ўжо раз было, што мяне сустракалі мясцовыя журналісты і я ім чэсна казаў пра тое, што думаю — і пра атамную станцыю, і пра ролю Расеі, і пра Беларусь, і пра Эўропу ўвогуле. Бо асабліва крыўдна: пасьля чарнобыльскай катастрофы і таго, што адбылося на Фукусіме, калі ўвесь цывілізаваны сьвет паставіў пытаньне зьмены свайго стаўленьня да так званага мірнага атаму, у Беларусі мы ўсе робім выгляд, што нас гэта ня тычыцца. Маўляў, Чарнобыль даўно ў мінулым, цунамі недзе Японію патрэсла і на гэтым усё скончылася».

Беларусь трымае сумнае лідэрства па хваробах, выкліканых узьдзеяньнем радыяцыі. ...

Параўноўваючы статыстыку захворваньняў у Беларусі і ў іншых эўрапейскіх краінах, Алег Віткоўскі робіць наступную выснову: Беларусь трымае сумнае лідэрства па хваробах, выкліканых узьдзеяньнем радыяцыі. Асабліва засмучае пашырэньне анкалягічных захворваньняў сярод дзяцей, якія хоць і нарадзіліся праз шмат гадоў пасьля аварыі на Чарнобыльскай АЭС, але жывуць усё на тых жа забруджаных тэрыторыях. Паводле яго, няма падстаў спадзявацца, што карціна зьменіцца ў агляднай будучыні — пэрыяд распаду асобных элемэнтаў расьцягваецца на сотні і нават тысячы гадоў:

«Што будзе адбывацца? Тое ж, што і цяпер адбываецца зь дзеткамі, якія апошнія чвэрць стагодзьдзя папаўняюць анкалягічныя клінікі. У Беларусі заўважна большая колькасьць захворваньняў на лейкозы — хваробы крыві — чым у іншых рэгіёнах, іншых краінах. Менавіта зыходзячы са страшнага суседзтва з Чарнобылем. Таму надзвычай важна, каб людзі, асабліва дзеці, не былі кінутыя сам-насам зь бядой. Прыклад Нямеччыны. У шмат якіх гарадах — будзь гэта Бэрлін, Дусэльдорф ці Дуйсбург, горад, у якім я працую, — існуюць чарнобыльскія арганізацыі па аказаньні дапамогі дзецям з забруджаных рэгіёнаў Беларусі.

Як правіла, звычайныя немцы, звычайныя грамадзяне зьбіраюцца ў такія групы і запрашаюць беларускіх хлопчыкаў, дзяўчатак з так званых небясьпечных зонаў да сябе дадому, каб яны адпачылі, каб нармальна пахарчаваліся, каб крыху падлячыліся. У кожнай з такіх арганізацыяў ёсьць свой даведнік, каталёг. Там таксама пазначанае і маё імя: Алег Віткоўскі — беларуска-расейска-польска-нямецкамоўны лекар. І калі якія-небудзь праблемы (а ў іх часам ня ўсё гладка са страхоўкай атрымліваецца), яны да мяне прыходзяць, і я тады лячу іх бясплатна. Ужо былі такія выпадкі — прыкладам, дзяўчынцы выразалі апэндыцыт».

7 атамных электрастанцыяў у Нямеччыне былі зачыненыя, яшчэ два дзясяткі спыняць сваё існаваньне да 2021 году ...

На перакананьне Алега Віткоўскага, беларускім уладам варта пераняць прыклад Нямеччыны ня толькі ў стаўленьні да хворых дзяцей, але і ў адносінах да АЭС. Пасьля мінулагодняй аварыі на японскай Фукусіме Бэрлін пад ціскам грамадзкасьці адрэагаваў на надзвычайнае здарэньне: 7 атамных электрастанцыяў былі зачыненыя, яшчэ два дзясяткі спыняць сваё існаваньне да 2021 году. У тым, што атамная энэргетыка беспэрспэктыўная, суразмоўца не сумняецца. Ён падкрэсьлівае, якія высілкі могуць запатрабавацца, калі беларускае кіраўніцтва нарэшце само ў гэтым пераканаецца:

«Паказальны момант. Каб сёньня немцам пабудаваць атамную станцыю — падкрэсьліваю, што не беларусам — ім патрэбна 17 гадоў. Пры тым, што мы зьбіраемся ўзьвесьці за 5 гадоў! Цяпер уявім сабе: пабудавалі атамную станцыю, але за наступныя 10 ці 15 гадоў раптам камусьці ці нам усім дайшло: мы зрабілі нешта вельмі нядобрае. І вырашылі на наступны дзень, на наступны месяц ці на наступны год яе закрыць. За гэты час ужо вырасьлі нашы дзеці, якім па 15–17 гадоў, і пачынаецца наступная тэхнічная задача. Каб цалкам спыніць станцыю, запатрабуецца 20 гадоў! Гэта, акцэнтую ўвагу, 20 гадоў патрэбна немцам.

Вось і арытмэтыка: 17 гадоў будавалі, а потым 20 гадоў будзем яе спыняць. Разам — ледзьве ня 40 гадоў, гэта дзьве генэрацыі. Таму я цалкам далучаюся да думкі, што гэта палітычная пастка. Мы трапляем на кручок да Расеі, улазім у шалёныя даўгі, робім вялізныя інвэстыцыі, якія ў канчатковым выніку нічога не прынясуць. Жывучы ў Беларусі, Польшчы ці цяпер у Заходняй Нямеччыне і гледзячы на наш зямны шарык, у мяне ўсё часьцей складаецца ўражаньне: на сьвеце ёсьць маса людзей, якія гатовыя падпаліць усю плянэту дзеля таго, каб разагрэць сабе талерку супу».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG