Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лябедзька: «На рэфэрэндуме пра будаўніцтва АЭС большасьць выказалася б супраць»


Анатоль Лябедзька

Анатоль Лябедзька

Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, сустрэўшыся сёньня з жыхарамі Астравецкага раёну, пераканаўся, што большая частка насельніцтва рэгіёну не падтрымлівае рашэньня аб будаўніцтве атамнай станцыі.

Паводле Лябедзькі, паездка з актывістамі партыі ў Астравецкі раён, дзе плянуецца будаўніцтва атамнай станцыі, менавіта 26 красавіка была заплянаваная задоўга да гэтага дня. Дзеля таго, каб непасрэдна сустрэцца зь мясцовымі людзьмі, паразмаўляць, адчуць іх настроі наконт будаўніцтва АЭС у гэтым рэгіёне.

Першае, на што зьвярнуў увагу лідэр АГП, сустрэўшыся з жыхарамі Астраўца на вуліцы, рынку, у касьцёле і крамах, — людзі ў рэгіёне цалкам абдзеленыя ўвагай як з боку ўладаў, так і апазыцыі.

Лябедзька: «Людзі найперш гавораць пра свае надзённыя праблемы, якія ў іх ёсьць. І яны тычацца ня толькі будаўніцтва АЭС — тут чуваць галасы як „за“, так і „супраць“. Хаця як мінімум усе насьцярожана да гэтага ставяцца. І тыя, хто „за“ будаўніцтва, гавораць так не таму, што лічаць гэта бясьпечным, а таму, што трэба проста жыць. А жыцьцё вельмі цяжкае, і многія скардзяцца, што выжываць стала вельмі складана».

Адзіны аргумэнт, паводле Лябедзькі, калі людзі кажуць «за» — гэта толькі тое, што яны могуць атрымаць працу. Ніхто ня кажа, што АЭС можа разьвязаць глябальныя праблемы ў краіне. Праціўнікі будаўніцтва станцыі надалей узгадваюць чарнобыльскую аварыю і баяцца пагрозы для сваіх блізкіх і для экалёгіі рэгіёну.

Паразмаўляўшы зь людзьмі, лідэр АГП робіць высновы, што, нягледзячы на дзяржаўную прапаганду, большасьць людзей на Астравеччыне вельмі насьцярожана ставіцца да будаўніцтва атамнай станцыі.

Лябедзька: «Я думаю, каб праводзіўся рэфэрэндум наконт будаўніцтва, адкрыты, каб людзі маглі рабіць сьвядомы выбар, каб была магчымасьць мець дыскусіі на радыё і тэлебачаньні, сустракацца зь людзьмі адкрыта, то варыянт будаўніцтва станцыі не прайшоў бы».

Паводле Лябедзькі, аўта, у якім яны ехалі зь Менску, некалькі разоў спынялі супрацоўнікі міліцыі ў Смаргоні і Ашмянах, а ў Астраўцы падчас сустрэчаў зь людзьмі за імі ўвесь час хадзілі і езьдзілі міліцыянты і людзі ў цывільным.
XS
SM
MD
LG