Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: Беларусь сама будзе вызначаць, дзе будаваць АЭС


Прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка адрынае прэтэнзіі Літвы наконт будаўніцтва беларускай АЭС, заяўляючы пра сувэрэннае права Беларусі вызначаць месца яе разьмяшчэньня.

«Палітыка вызначана, я выразна прытрымліваюся гэтай палітыкі. Мы тут гаспадары, на гэтай зямлі. І мы будзем вызначаць, дзе будаваць і што будаваць», — заявіў кіраўнік дзяржавы журналістам у чацьвер у часе паездкі ў Магілёўскую вобласьць, перадае Інтэрфакс.

«Мы бяром самыя перадавыя тэхналёгіі ў расейцаў, такіх станцый ужо пабудавана Расеяй нямала па ўсім сьвеце. (...) Гэта самы высокі ўзровень абароненасьці і бясьпекі АЭС», — сказаў Лукашэнка. Таму, падкрэсьліў ён, «атамнай станцыі ў Беларусі — быць, і мы яе пабудуем».

«Літоўцы крычаць, але яны сапраўды гэтак жа, на тым жа месцы, на такой жа адлегласьці ад нашай мяжы хочуць пабудаваць сваю атамную станцыю». Акрамя таго, працягнуў Лукашэнка, «іх старая станцыя (Ігналінская АЭС. — Інтэрфакс), якая ў іх яшчэ сапе, яна ўвогуле стаіць на нашай мяжы, а ваду яны бяруць з нашых азёр».

«Чаму тады не лямантавалі і не крычалі, скідаючы нам поскудзь у возера?», — задаўся пытаньнем Лукашэнка.

«Хто б крычаў, не крычаў, але мы станцыю пабудуем паводле міжнародных стандартаў. (...) Тут ужо прысутнічаюць спэцыялісты МАГАТЭ, яны да нас ня маюць пытаньняў па тэхналёгіі будаўніцтва і бясьпекі станцыі», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Гаворачы пра верагоднае будаўніцтва другой АЭС, Лукашэнка заявіў: «Я так паўжартам сказаў, што нядрэнна было б, каб МАГАТЭ дапамагло нам пабудаваць другую АЭС, хоць, як вядома, МАГАТЭ гэтым не займаецца. Але калі б на ўмовах, як Расея ў нас будуе атамную станцыю, была пабудавана АЭС на другой пляцоўцы, а яна знаходзіцца ў Магілёўскай вобласьці, то мы былі б значна багацейшыя. Таму што мы б мелі поўную энэргетычную бясьпеку, зьнікла б залежнасьць па электраэнэргіі».

Лукашэнка дадаў: «Пакуль мы мяркуем, думаем, глядзім (...) Але пытаньне другой АЭС пакуль не актуальнае». Аднак «калі знойдзецца на такіх умовах інвэстар — японцы, карэйцы, французы зь немцамі, можа, амэрыканцы, — то я быў бы рад».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG