Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вінаградава асудзілі на 5 сутак


Павал Вінаградаў у судзе.

Павал Вінаградаў у судзе.

Грамадзкага актывіста Паўла Вінаградава асудзілі на 5 сутак адміністрацыйнага арышту, абвінаваціўшы ў дробным хуліганстве.

Судзьдзя Савецкага райсуду Дзьмітры Паўлючэнка ледзь не пачаў зачытваць пастанову суду пры адсутнасьці Вінаградава.

Паўла Вінаградава асудзілі за паўгадзіны. Сам актывіст на працэсе не задаваў пытаньняў сьведкам-міліцыянтам — сказаў, што гэта бессэнсоўна, бо лічыць, што прысуд прадвызначаны. Да пачатку працэсу ў калідоры суду Павал сказаў для Радыё Свабода:

«Зараз мы знаходзімся ў будынку Савецкага суду, дзе, я мяркую, празь некалькі хвілін пачнуць разгляд маёй справы і вынесуць прысуд. Дадуць мне, мяркую, сутак 10 ці нават болей. За што? За брыдкаслоўе па адрасе Якуба Коласа 15, чаго я, зразумела, не рабіў. Нават ня ведаю дакладна, што там знаходзіцца. Мяркую, гэта ўсё з-за акцыі з кітайскімі капялюшыкамі альбо з-за таго, што сёньня Чарнобыльскі шлях. Прэвэнтыўнае затрыманьне. Магчыма, так, але я дакладна ня ведаю».

Некалькі дзён таму на скульптуры, усталяваныя ў цэнтры Менску, невядомыя надзелі кітайскія капялюшыкі. У інтэрнэце акцыя тлумачылася як пратэст супроць павелічэньня кітайскай прысутнасьці ў Беларусі. Жонка Паўла Вінаградава Сьвятлана кажа, што яе муж ня меў да гэтай акцыі дачыненьня, пагатоў у той дзень яго не было ў Менску — Павал гасьціў у бацькі ў Беразіно. «Гэтаксама Павал ня быў арганізатарам Чарнобыльскага шляху. Зусім незразумела, за што яго караюць? У тое, што ён нібыта лаяўся на міліцыянтаў на вуліцы, я ня веру. Павал ведае моцныя словы, але ведае і тое, дзе і калі іх вымаўляць».

Сьведкамі хуліганства, якое нібыта ўчыніў Павал Вінаградаў, былі ўчастковы Дзьмітрый Белы і міліцыянт з Савецкага РАУС Павал Мацкевіч. Паводле сьведак, Павал выйшаў зь міліцэйскага аўтамабіля і пачаў гучна лаяцца матам. Гэта адбывалася ў завулку Якуба Коласа, за некалькі мэтраў ад Савецкага РАУС.

«Ці абураліся грамадзяне такімі паводзінамі затрыманага?» — пытаўся адвакат у сьведак. Міліцыянт Мацкевіч згадаў словы бабулі, якая праходзіла па завулку з унукам і, пачуўшы лаянку, сказала: «Як жа так можна?!» Прозьвішча жанчыны міліцыянты не запісалі і ўвогуле ня высьветлілі нікога з тых, чый спакой нібыта парушыў Павал Вінаградаў.

Судзьдзя Дзьмітрый Паўлючэнка ніякіх пытаньняў сьведкам не задаваў. Зачытаўшы пісьмовыя матэрыялы справы, судзьдзя пайшоў рыхтаваць пастанову суду і вярнуўся ў залю праз паўгадзіны. На гэты час усіх з залі выдалілі. Калі ж судзьдзя Паўлючэнка вярнуўся ў залю і аднавіў працэс, каб абвясьціць пастанову, Паўла Вінаградава ў залі не было. Адвакат заўважыў судзьдзі, што абвяшчаць пастанову без затрыманага нельга. Давялося судзьдзі Паўлючэнку чакаць у калідоры, пакуль прывядуць Вінаградава. Назіральнікі, якія прысутнічалі на працэсе, ужо назвалі яго беспрэцэдэнтным.

Сьвятлана Вінаградава

Сьвятлана Вінаградава

У перапынку Павал Вінаградаў распавёў, што ноч на Акрэсьціна правёў у камэры, дзе было вельмі холадна, бо ў ізалятары адключылі ацяпленьне. Сьвятлана Вінаградава намагаецца перадаць мужу цёплыя рэчы, але ці атрымаецца гэта сёньня, ня ўпэўненая:

«Ён апрануты ў адну лёгкую куртку, а там было вельмі холадна. Перадачу не прынялі ўчора і сёньня да суду, застаецца толькі час да 6 вечара. Але калі не дадуць зрабіць перадачу, то Павал зноў будзе ноччу мерзнуць».

25 красавіка Павал Вінаградаў стаў на ўлік для прафіляктычнага нагляду, які прысудзіў яму Маскоўскі раённы суд. Цягам 2 гадоў Павал Вінаградаў мусіць быць з 8 вечара да раніцы дома, яму забаронены ад’езд зь Менску без інфармаваньня міліцыі. На прафіляктычны нагляд пастаўленыя паводле суду таксама былыя ўдзельнікі Плошчы Васіль Парфянкоў і Ўладзь Яроменак.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG