Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: Нас бы нахілялі, ставілі на калені, закопвалі


Аляксандар Лукашэнка

Аляксандар Лукашэнка

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ў Эўрапейскім Зьвязе зразумелі тупіковы шлях санкцыйнай палітыкі, і выказаў гатоўнасьць абмяркоўваць з ЭЗ любыя праблемы, але без папярэдніх умоў.

«Напэўна, зразумелі, што санкцыі — гэта шлях у нікуды, гэта беспэрспэктыўна. Яны, напэўна, зразумелі, што Беларусь ім патрэбная», — цытуе Інтэрфакс Лукашэнку, які знаходзіцца ў Магілёўскай вобласьці.

«Вось калі б эўрапейцы разумелі, што санкцыі дзейнічаюць і нас можна нахіліць у той бок, у які яны хочуць, вы думаеце, яны б ад іх адмовіліся? Ніколі. Яны б нас ціснулі, на калені ставілі, а потым бы яшчэ закапалі па калена ў зямлю, а можа, і глыбей», — заявіў Лукашэнка.

Лукашэнка перакананы, што на Захадзе разумеюць неабходнасьць супрацоўніцтва зь Беларусьсю — як у эканамічнай сфэры, так у сфэры бясьпекі і процідзеяньня нелегальнай міграцыі.

Ён нагадаў пра нядаўняе рашэньне «з больш умацаваных заходніх межаў перакінуць частку памежных сіл на паўднёвую мяжу».

Цяпер, адзначыў Лукашэнка,"мы ў асноўным кантралюем тыя пытаньні, якія цікавяць Беларусь, больш працуем на ўезд у краіну«.

«Ужо сумежныя дзяржавы зьвярнуліся да нас: дапамажыце, вы ж фактычна адкрылі мяжу. Але ў нас няма грошай. Так, я магу павялічыць колькасьць памежных, мытных пастоў але вы, калі ласка, заплаціце», — заявіў А.Лукашэнка.

Гэта, перакананы ён, «таксама кажа пра тое, што Беларусь ім важная».

«Як толькі мы ледзь-ледзь аслабілі (кантроль на выезд у краіны ЭЗ — Інтэрфакс), яны там атрымалі цэлую хвалю нелегалаў з Аўганістану, Пакістану і Азіі», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка таксама заявіў пра верагодныя вялікія эканамічныя страты краінаў ЭЗ у выпадку пашырэньня санкцыяў і адмовы ад супрацоўніцтва зь Беларусьсю.

«Я не кажу пра тыя буйныя страты, якія панясуць порты Прыбалтыкі. Я не хаваю, мы вядзем перамовы з Расеяй, каб яны панізілі чыгуначныя тарыфы і каб мы загрузілі іх (Расеі — Інтэрфакс) порты на Балтыцы. Яны былі б рады бачыць мільёны тон нашых грузаў», — сказаў А.Лукашэнка.

«З украінцамі мы дамовіліся павялічыць аб’ёмы паставак праз паўднёвыя порты», — паведаміў кіраўнік дзяржавы.

«Калі мы не патрэбныя ў краінах Эўразьвязу, то мы будзем шукаць сваё шчасьце далей», — сказаў ён.

Пры гэтым А.Лукашэнка адзначыў: «Калі Эўрапейскі Зьвяз сёньня гатовы без папярэдніх умоў, не нахіляючы нас направа, налева, з намі размаўляць, то мы гатовыя ў любы час вярнуцца да любога пытаньня за сталом перамоваў».

«Мы — ня „ястрабы“, „ястрабінае“ палітыкі ў Беларусі не было і ня будзе. Таму мы гатовыя сядаць і абмяркоўваць любыя праблемы. Але будуць нас ціснуць — мы будзем адказваць», — заявіў Лукашэнка.


Першапачаткова сьпіс беларускіх асобаў і кампаніяў, якія падпадаюць пад візавыя і эканамічныя санкцыі ЭЗ, быў зацьверджаны Радай ЭЗ 31 студзеня 2011 году пасьля масавых рэпрэсіяў у дачыненьні да апазыцыі, якія пачаліся сьледам за прэзыдэнцкімі выбарамі 2010 году.

Гэты сьпіс ня раз пашыраўся. Цяпер у ім больш за 200 прозьвішчаў і звыш 30 прадпрыемстваў.

Праводзячы такую палітыку, Эўразьвяз дамагаецца ад беларускіх уладаў вызваленьня і рэабілітацыі палітвязьняў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG