Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямецкі прэзыдэнт не прыедзе ва Ўкраіну з-за Цімашэнкі


Прэзыдэнт Нямеччыны Ёахім Гаўк адмяніў свой візыт ва Ўкраіну — у сувязі з заклапочанасьцю здароўем былога ўкраінскага прэм’ера Юліі Цімашэнкі і ўмовамі яе ўтрыманьня ў турме.

Прадстаўнік Гаўка пацьвердзіў, што нямецкі прэзыдэнт ня возьме ўдзелу ў сустрэчы кіраўнікоў цэнтральнаэўрапейскіх дзяржаў у Ялце, прызначанай на 11-12 траўня. Паводле дадзеных газэты Süddeutsche Zeitung, Гаўк прыняў гэтае рашэньне пасьля кансультацыі з канцлерам Ангелай Меркель.

На мінулым тыдні ў пятніцу Цімашэнка абвясьціла галадоўку — на знак пратэсту супраць збіцьця і гвалтоўнай дастаўкі ў лякарню. Экс-прэм’ер пакутуе ад моцных боляў у сьпіне. Германія неаднаразова прапаноўвала арганізаваць ёй лячэньне ў адной са сваіх клінік і яшчэ раз паўтарыла гэтую прапанову сёньня.

Цімашэнка адбывае ў харкаўскай калёніі сямігадовы тэрмін зьняволеньня за перавышэньне паўнамоцтваў пры падпісаньні газавых кантрактаў з Расеяй. Супраць яе пачалі і другі судовы працэс паводле абвінавачаньняў у фінансавых махінацыях у карпарацыі «Адзіныя энэргасыстэмы Ўкраіны», якую яна ўзначальвала ў 1990-я гады.
XS
SM
MD
LG