Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саркафаг над ЧАЭС — ці варта будаваць?


26 красавіка прэзыдэнт Украіны Віктар Януковіч возьме удзел у цырымоніі запуску будаўніцтва новага бясьпечнага саркафагу Чарнобыльскай АЭС.

Праект такога сховішча, які абыдзецца больш як у паўтара мільярда эўра, Украіна сумесна з міжнароднай супольнасьцю ўхваліла летась у красавіку. Кіраўнік адміністрацыі Чарнобыльскай зоны адчужэньня Ўладзімер Халоша сьцьвярджае, што праведзеныя ўсе неабходныя экспэртызы, і тэрыторыя зоны адчужэньня гатовая для ўзьвядзеньня бясьпечнага сховішча. Але ня ўсе спэцыялісты падзяляюць такія высновы.

Новы саркафаг пачнуць узводзіць у дзень 26 гадавіны Чарнобыльскай катастрофы. Прэзыдэнт Януковіч будзе прысутнічаць пры запуску будаўніцтва сховішча вышынёй 109 мэтраў і даўжынёй 150 мэтраў, якое зьявіцца над чацьвёртым энэргаблёкам.

Праект саркафагу афіцыйна прапанавалі летась. На працягу году распрацоўшчыкі працавалі над падрыхтоўкай тэрыторыі. На гэта пайшло каля 600 млн. эўра. Уладзімер Халоша паведаміў, што за гэты час экспэртызы пацьвердзілі бясьпеку новага сховішча.

Новы бясьпечны саркафаг павінен ужо ў 2015 годзе ізаляваць разбураны рэактар ад навакольнага асяродзьдзя, і стаць месцам пахаваньня радыеактыўных адкідаў рэактара, спадзяецца Ўладзімер Халоша. Ён пераконвае, што новы саркафаг будзе служыць ня менш як сто гадоў.

«... Гэта не рашэньне праблемы»

Накрыўшы ўсё радыяцыйныя элемэнты саркафагам, мы не атрымаем адказу на пытаньне: якія хімічныя працэсы адбываюцца ўнутры рэактара, і якія ланцуговыя рэакцыі могуць адбыцца, лічыць член парлямэнцкага камітэту па пытаньнях паліўна-энэргетычнага комплексу, ядзернай палітыкі і ядзернай бясьпекі Юры Кастэнка.

«Я праціўнік рэалізацыі гэтай стратэгіі — будаўніцтва яшчэ аднаго сховішча. Як па мне, гэта не рашэньне праблемы, а толькі ўтойваньне ад сусьветнай супольнасьці», — адзначае дэпутат.

На думку Юрыя Кастэнкі, варта вярнуцца да перамоваў з краінамі Захаду па паляпшэньню пажарнай бясьпекі, абмежаваньні распаўсюджваньня радыяцыйнага пылу, умацаваньня старых канструкцый. Гэта дазволіла б ператварыць небясьпечны аб’ект у экалягічна бясьпечную сыстэму. Але так адбудзецца толькі тады, калі ўсе шкодныя матэрыялы вычысьцяць з разбуранага рэактара і надзейна захаваюць, у адпаведнасьці з патрабаваньнямі МАГАТЭ, пераконвае былы міністар аховы навакольнага прыроднага асяродзьдзя Ўкраіны.

На будаўніцтва саркафагу Ўкраіна і дзяржавы-донары выдаткуюць больш за паўтара мільярда эўра.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG