Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паліна Масьлянкова — пра цяжарнасьць у белліце


Паліна Масьлянкова

Паліна Масьлянкова

Калі ўпершыню трымаеш у руках тэст з дзьвюма палоскамі, яны трымцяць і сутаргава намацваюць нейкае апірышча, каб усьвядоміць сябе ў новым стане. Такое апірышча я шукала для сябе ў літаратуры. Вынікам стала пяцёрка найлепшых кніг беларускіх аўтараў пра блаславёны стан цяжарнасьці.

Максім Багдановіч. Каханьне й сьмерць. У зборніку «Вянок». Вільня, Друкарня Марціна Кухты, 1913

Першае і найлепшае з паэзіі пра цяжарнасьць належыць Максіму Багдановічу, мужчыну, які марыў стаць бацькам, аднак марам ня суджана было спраўдзіцца. Пакінуць па сабе нашчадкаў — было яго навязьлівай ідэяй, але па стане здароўя ён ня мог узяць на сябе такую адказнасьць, і таму сублімаваў свае патаемныя жаданьні ў творчасьць. Вылілася гэта ў цыклі «Каханьне й сьмерць», зьмешчаным побач з разьдзелам «Мадонны» у зборніку «Вянок». Вось так жанчына пасьля шлюбу здымае вянок, расплятае косы і аддаецца свайму прызначэньню — вынасіць і нарадзіць дзіця, як Мадонна. Чэрава жанчыны — гэта нетры, калыска, гнязьдзечка, «пекная акладка да кнігі новага жыцьця». Ідэя цяжарнасьці і родаў у паэта вельмі шчыльна зьвязана з тэмай самаахвярнасьці і нават сьмерці. І калі па сьмерці жанчыны застаецца дзіцятка, то па сьмерці паэта засталіся толькі вершы…

Ад усіх цяпер патомкі ёсьць,
Ды няма адных — Страцімавых.

Іван Мележ. Людзі на балоце. Менск, Мастацкая літаратура, 2002

«Палескую хроніку» Івана Мележа шмат хто лічыць пачаткам эротыкі ў беларускай літаратуры. Насамрэч, у творы вельмі цудоўна і яскрава паказана, адкуль дзеці бяруцца. Аднак ані дзіця Ганны, ані дзіця Хадоські не былі зароджаныя ў каханьні, і па волі лёсу спатыкаюць сьмерць. Сьмерць ні ў чым невінаватага дзіцяткі ад аборту, разьбітае сэрца, цела і жыцьцё Хадоські, ягонай маці, гэтак выразна і натуралістычна апісана Мележам, што можа вымусіць цяжарную жанчыну, якая наважылася на такі крок, усё асэнсаваць і перадумаць. Ці перадумаць нават крыху раней, калі не ўпэўненая ў шчырасьці пачуцьцяў свайго каханага.

Алесь Бадак. Адзінокі васьміклясьнік хоча пазнаёміцца. У зборніку сэрыі «Пераходны ўзрост»: Алесь Бадак, Раіса Баравікова, Алесь Наварыч. Адзінокі васьміклясьнік хоча пазнаёміцца. Менск, ЛіМ, 2011

У аповесьці Алеся Бадака праз канфлікт настаўніцы і вучня раскрываецца яшчэ адзін нешчасьлівы зыход цяжарнасьці. Нявінны жарт хлапчукоў, самаробны выбух у вечаровых прысадах, калі настаўніца вярталася са школы дахаты, прывёў да незваротных наступстваў — страты дзіця на пятым месяцы цяжарнасьці. Гэтая гісторыя — яшчэ адна ілюстрацыя да тэзы, што цяжарную жанчыну трэба ўсяляк берагчы і ахоўваць ад стрэсу. Можа, менавіта таму, калі я станавілася на ўлік у жаночай кансультацыі і сказала, што я настаўніца, доктарка паглядзела на мяне і са шкадобай заўважыла: «Яшчэ адна праблемная цяжарнасьць».

Марыйка Мартысевіч. Цмокі лятуць на нераст. Менск, Логвінаў, 2008

Сёлета, у год цмока, гэтая кніга Марыйкі Мартысевіч сталася для мяне надзвычай актуальнай. Бо ці то цмок, ці то бусел у хуткім часе мусіць завітаць да мяне. У гэтай кнізе апублікаваны электронны дзёньнік Барбары Радзівіл, у якім каханьне Барбары і Жыкгімонта ўжо жыве «маленькай сарамліваю зыкготай». І зноў у фінале атрута і сьмерць, але маці і дачка сустракаюць яе мужна і разам.

У кнігу, на жаль, не ўвайшоў шэдэўр Марыйкі Мартысевіч, які мог бы стацца гімнам усіх цяжарных беларусак, — верш «Нарадзі прэзыдэнта». Гэта пазытыўная мантра для будучай маці — адчуваць, што «усё ў тваіх руках, пакладзеных на жывот».

Вера Бурлак. Дзеці і здані. Менск, Галіяфы, 2012

І вось нарэшце выйшла кніга, безь якой гэтае пяцікніжжа было б няпоўным. Ня толькі таму, што аўтарка гэтай кнігі — ня толькі жанчына, але і маці. А проста таму, што кніга гэтая пад назовам «Дзеці і здані» — як прынята казаць, доўгачаканае дзіця, прынамсі, я як чытачка яе вельмі чакала. Кожная цяжарная жанчына хвалюецца, якім чынам прыйдзе на сьвет яе дзіця, губляецца ў здагадках, якім яно будзе, да каго падобнае. Але для кожнай гэта сюрпрыз. У цыклі «10 немаўлят» — 10 такіх сюрпрызаў, 10 гісторый і характараў, 10 цудаў. На дзіва, гэта першая і адзіная кніга ў пяцікніжжы, дзе перамагае жыцьцё. Прынамсі, у гэтым цыклі, але дзесяцікроць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG