Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесь Краўцэвіч: «Гедымін у Беларусі заслугоўвае культу»


Алесь Краўцэвіч
Алесь Краўцэвіч

Яшчэ сем гадоў таму дзяржаўнае выдавецтва «Мастацкая літаратура» кнігай пра Міндаўга запачаткавала сэрыю «Жыцьцяпісы вялікіх князёў літоўскіх». Тады ж аўтар сэрыі доктар гістарычных навук Алесь Краўцэвіч падрыхтаваў наступны нарыс. Але з тае пары адносіны да ВКЛ ва ўладных структурах РБ зьмяніліся, і кнігу пра Гедыміна гісторык вымушаны быў выдаваць у Польшчы. Чым прыцягальная постаць Гедыміна для нас і чаму дзяржаўныя ідэолягі адмаўляюцца ад спадчыны ВКЛ? Пра гэта Алесь Краўцэвіч раскажа ў «Вольнай студыі».

— Алесь, чаму ўсё ж не атрымалася супрацоўніцтва з «Мастацкай літаратурай»?

— Па простай прычыне — гэтае найбуйнейшае ў краіне дзяржаўнае выдавецтва аказалася несур’ёзным партнэрам. Па-першае, калі выйшаў «Міндаўг», яно зацягвала выплаты ганарараў аўтару і мастаку. Гады тры мастак-ілюстратар ня мог атрымаць грошы за сваю працу. А ён з гэтага жыў. Я ўжо не кажу пра свой ганарар — 360 тысячаў рублёў, — выдадзены кніжкамі. І то добра. Далей меўся быць працяг сэрыі. Наступная кніжка была падрыхтаваная і ў 2006 годзе перададзеная ў «Мастацкую літаратуру» — «Выпрабаваньне на трываласьць, або Ад Войшалка да Віценя». І ляжала там бяз руху, нягледзячы на абяцаньні і дырэктара выдавецтва, і яго намесьніка. Таму я і прыйшоў да высновы, што з «Мастацкай літаратурай» супрацоўнічаць ня буду. Пачалі шукаць іншыя магчымасьці, знайшлі маладое прыватнае «Выдавецтва С. Татарнікавай». Яго заснавальніца — сястра вядомага мастака-графіка, таксама майго ілюстратара Паўла Татарнікава. І праца пайшла. Так атрымалася, што кніжка пра Гедыміна была выдрукавана раней, чым кніжка пра Войшалка і Віценя.

— Чым цікавая і вызначальная для нас постаць Гедыміна?
Таму ў Беларусі павінны быць плошчы Гедыміна, помнікі Гедыміну, павінна быць дзяржаўная прэмія імя Гедыміна, ордэн Гедыміна.

— Я лічу, што Гедымін у Беларусі заслугоўвае мець свой гераічны культ. Ён самым непасрэдным чынам спрычыніўся да стварэньня беларускага народу. Гедымін упершыню ў гісторыі аб’яднаў у адной дзяржаве ўсе галоўныя гістарычныя вобласьці Беларусі: Літву, Палесьсе, Полаччыну, Віцебшчыну, Тураўшчыну, Магілёўшчыну, Берасьцейшчыну і Гарадзеншчыну. Гэта адбылося дзесьці ў 40-я гады ХІV стагодзьдзя. І менавіта гэтае аб’яднаньне загарантавала пасьпяховы этнагенэз беларусаў. Таму ў Беларусі павінны быць плошчы Гедыміна, помнікі Гедыміну, павінна быць дзяржаўная прэмія імя Гедыміна, ордэн Гедыміна. Вось як у грузінаў ёсьць Давыд-Будаўнік, так і Гедымін у нас заслугоўвае гэтага прыдомка — Гедымін-Будаўнік, Гедымін Вялікі. Ён быў будаўніком як у прамым сэнсе, так і ў пераносным. Ён будаваў магутныя замкі для абароны ад крыжакоў, ён будаваў дзяржаву.

— Існуе гэткае агульнапрынятае меркаваньне, пацьверджанае афіцыйным гімнам: мы, беларусы, мірныя людзі, мы ніколі не нападалі, мы толькі абараняліся. Як Гедымін будаваў дзяржаву? Выключна мірным шляхам? Наўрад ці гэта было магчыма.

Вокладка кнігі «Гедымін: каралеўства Літвы і Русі». Мастак Ігар Гардзіёнак.
Вокладка кнігі «Гедымін: каралеўства Літвы і Русі». Мастак Ігар Гардзіёнак.
— Не выпадае гаварыць пра выключна мірны шлях, але — пераважна мірны шлях. Галоўная адметнасьць Гедыміна як палітыка і дзяржаўнага дзеяча ў тым, што ён, у адрозьненьне ад сярэднявечных манархаў, аддаваў перавагу дыпляматыі перад вайсковай сілай. Калі можна было выкарыстаць дыпляматыю, ён яе выкарыстоўваў і гэтым увайшоў у шэраг выбітных тагачасных дзеячоў, якія кіравалі ў розных краінах Эўропы — гэта і Душан у Сербіі, і Казімір Вялікі ў Польшчы, і Іван Каліта ў Масковіі. Гедымін далучыў беларускія землі да Літвы, да цэнтральнай вобласьці Беларусі непрыкметна, і гэта сьведчаньне таго, што працэс адбываўся мірна. Гісторыкі ня могуць знайсьці ў крыніцах зьвестак на гэты конт. Толькі з Гедымінавага тэстамэнту вынікае, што Піншчына была ў складзе дзяржавы, Полаччына была ў складзе дзяржавы і г.д. Але, ізноў жа, калі ён далучаў землі мірна, за гэтым стаяла вайсковая моц ягонай дзяржавы — Вялікага Княства Літоўскага. Са слабым ніхто б не аб’ядноўваўся, да слабога па ўласнай ахвоце ніхто ў Сярэднявеччы не далучаўся б. Як, дарэчы, і сёньня.

— У тваёй кнізе падрабязна расказваецца, як Гедымін намерваўся прыняць каталіцтва. Прыехалі пасланьнікі папскіх легатаў, а ён іх нават не прыняў… Чаму вялікі князь адмовіўся ад свайго намеру?

— Калі дынамічная заходнеэўрапейская цывілізацыя распачала сваю экпансію, перад праблемай палітычнага выбару стаяў ужо Міндаўг. Як ведаем, ён спачатку прыняў каталіцтва, а потым ад яго адмовіўся. Адначасова мелі месца і аб’ектыўныя працэсы: прыходзіла эўрапейская матэрыяльная культура (Камянецкая вежа — першая праява), прыходзілі эўрапейскія ўзоры ўзбраеньня, ад немцаў перайманыя. Гэта была сіла. А ў Сярэднявеччы далучэньне да нейкай цывілізацыі азначала прыняцьце яе рэлігіі. І мусілі выбіраць і Міндаўг, і Віцень, і Гедымін. Мы ведаем, што гэты выбар палітычны зрабіў Ягайла. Ён аформіў тэндэнцыю, якая ўжо праявілася. Ягайла прыняў палітычнае рашэньне сьвядомай арыентацыі на Захад у канцы ХІV стагодзьдзя.

— Але ці не было гэта запозна?

— Гэта сталася тады, калі насьпелі прычыны. Гедымін хацеў гэта зрабіць, але не далі абставіны. Ён разважаў як тактык і палітык, ён ня быў рэлігійным фанатыкам. Гедымін трактаваў веру як палітычную катэгорыю — якую гэта выгаду прынясе яму і яго краіне. Дзякуючы гістарычным крыніцам, мы маем вельмі дэталёвую справаздачу пасланьнікаў папскіх легатаў і ведаем, як усё было. Гедымін прыняў рашэньне, напісаў да Папы Рымскага ліст пра свае намеры. Дарэчы, не адзін ліст ён выслаў і да заходнегерманскіх гарадоў, каб прысылалі да яго каляністаў, прыяжджалі ў яго краіну, што ў яго дзейнічаюць прапаведнікі манахі — мінарыты, францішкане і дамінікане. Калі ласка — чакаем. Легаты прыехалі ў Рыгу, а з Рыгі паслалі сваіх давернікаў да Гедыміна, каб атрымаць пацьверджаньне, што так, ён прымае каталіцтва. Але сытуацыя памянялася. Была там і апазыцыя жамойтаў-язычнікаў унутры краіны, і аказалася, што прыняцьце хрысьціянства ня вырашыць галоўнай палітычнай задачы Гедыміна — неўтралізацыі Тэўтонскага ордэну. Галоўная задума Гедыміна якая? Я станаўлюся каталіком, і крыжакі на мяне ня змогуць нападаць, бо гэта супярэчыць сэнсу іх існаваньня — яны змагаюцца толькі з язычнікамі. Аказалася — нічога падобнага. Крыжакі ваююць і з польскім каралём-каталіком! Каталіцтва іх не спыняе. Таму Гедымін прыкінуў так: апазыцыя моцная, ад крыжакоў не ўратуе — праняцьце каталіцтва ня мае сэнсу.

— Ня так даўно адзін з ідэолягаў беларускай улады Леў Крыштаповіч заявіў, што гістарычная спадчына Вялікага Княства Літоўскага аніякіх адносінаў да Рэспублікі Беларусь ня мае. І Сапегі, і Радзівілы — гэта ня нашы дзеячы. Ці могуць гэтыя словы ператварыцца ў нейкія дырэктывы для ўсёй ідэалягічнай вэртыкалі?
Крыштаповіч, Рубінаў ці хтосьці ім падобны могуць выдаваць дырэктывы, але яны ня змогуць пераламаць у масавай сьвядомасьці тое, што мы, гісторыкі, напрацавалі.

— Заява Крыштаповіча — выразная праява каляніяльная палітыкі адносна Беларусі. Гэта сьведчаньне таго, што не самастойны ні сам Крыштаповіч, ні яго патрон. Каб заваяваць народ, трэба пазбавіць яго гісторыі, і вось у гэты кантэкст укладаецца выступ Крыштаповіча. У беларусаў чарговым разам спрабуюць адабраць гісторыю. Але ў гэтым пляне я зьяўляюся аптымістам. Крыштаповіч, Рубінаў ці хтосьці ім падобны могуць выдаваць дырэктывы, але яны ня змогуць пераламаць у масавай сьвядомасьці тое, што мы, гісторыкі, напрацавалі. Гэтыя ідэолягі маюць адну добрую якасьць, уласьцівасьць, яны, вобразна кажучы, — ялавыя, яны ня могуць нічога стварыць. Яны могуць толькі разбураць. А мы за апошнія 20 гадоў нешта стварылі. Адукаваную частку беларускага грамадзтва ня трэба пераконваць у тым, што Вялікае Княства Літоўскае было і беларускай дзяржавай. Але праблема тут ёсьць: мы перамагаем у навуцы, у змаганьні за актыўную частку беларускага грамадзтва, але нас не дапускаюць у сыстэму дзяржаўнай адукацыі.

— І прыканцы гутаркі давай вернемся да выхаду тваёй кнігі «Гедымін: каралеўства Літвы і Русі». Яе прыемна ўзяць у рукі, гэта паліграфічны шэдэўр. Скажы колькі словаў пра свайго суаўтара — мастака-ілюстратара.

— Мой суаўтар — таленавіты малады графік, выкладчык Акадэміі матацтваў Ігар Гардзіёнак. Ілюстрацыі зробленыя на вельмі высокім узроўні, мастак працаваў з добрым веданьнем матэрыяльнай атрыбутыкі Сярэднявечча. Кансультаваў яго прафэсар Юрась Бохан. У наш час увага, цікавасьць да кнігі губляюцца. Як некалі паэты пачалі сьпяваць свае тэксты, сталі бардамі — і ўзьнялі сваю папулярнасьць, так і я стараюся свае кнігі даваць на аздабленьне выдатным мастакам-ілюстратарам. І гэта якраз той выпадак, калі, дзякуючы гістарычна дакладнаму аздабленьню Ігара Гардзіёнка, кніга пра Гедыміна мецьме попыт. Гэтаму павінна паспрыяць і тое, што кніга дзьвюхмоўная — на беларускай і ангельскай мовах. І вось жа дзіўна атрымліваецца — выдаваць беларускую кнігу ў Польшчы, пры ўвозе заплаціўшы мытны падатак, атрымліваецца таньней, чым у роднай краіне.
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG