Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бяляцкаму напісаў віцэ-прэзыдэнт Эўрапарлямэнту


Эдвард МакМілан-Скот, віцэ-прэзыдэнт Эўрапейскага парлямэнту па пытаньнях дэмакратыі і правоў чалавека, напісаў ліст палітвязьню Алесю Бяляцкаму, у якім паведамляе, што «санкцыі будуць працягвацца да таго часу, пакуль беларускі рэжым адмаўляе сваім грамадзянам у дэмакратыі і парушае правы чалавека». Ліст датаваны 19 красавіка.

Як паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна», Эдвард МакМілан-Скот піша, што «даведаўся пра Вашую сытуацыю, дзякуючы міжнароднаму пратэсту супраць Вашага арышту, прысуду і турэмнага зьняволеньня па абвінавачваньні ва ўхіленьні ад сплаты падаткаў. Будучы знаёмым з вашай вялікай працай у галіне правоў чалавека, я далучаюся да міжнароднай супольнасьці, не прымаючы гэтыя абвінавачваньні і заклікаючы да Вашага неадкладнага вызваленьня».

Віцэ-прэзыдэнт Эўрапейскага парлямэнту адзначае: «Працуючы ў галіне правоў чалавека з моманту майго абраньня ў Эўрапейскі парлямэнт у 1984 годзе, я сустрэў шмат сьмелых і ўзорных асобаў, якія змагаюцца за фундамэнтальныя правы і свабоды. Але мужнасьць, зь якой людзі змагаюцца супраць дэспатычных рэжымаў у сваіх краінах, як і ў выпадку з Вамі, не перастае зьдзіўляць мяне. Барацьба за правы чалавека ва ўмовах рэжыму, які адкрыта пагарджае гэтымі каштоўнасьцямі, зьяўляецца складанай і небясьпечнай задачай. Сапраўды, можна быць упэўненым, што менавіта Вашыя няспынныя намаганьні па прасоўваньні дэмакратыі і вяршэнства закона, а таксама вялізны аб’ём дапамогі, якую Ваша арганізацыя „Вясна“ аказвае ахвярам палітычных рэпрэсій у Беларусі, сталі прычынай Вашага турэмнага зьняволеньня».

Эдвард МакМілан-Скот піша, «каб запэўніць Вас у рашучасьці Эўрапейскага парлямэнта дамагчыся Вашага вызваленьня, а таксама ў нашых няспынных намаганьнях, накіраваных на тое, каб дапамагчы Беларусі на шляху да дэмакратыі».
XS
SM
MD
LG