Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заражаная сельгаспрадукцыя разыходзіцца па краіне


Сяўба ў Чарнобыльскай зоне.

Сяўба ў Чарнобыльскай зоне.

Праз 26 гадоў пасьля аварыі на Чарнобыльскай АЭС на забруджаных тэрыторыях працягваюць пражываць 1 мільён 100 тысяч чалавек. Сельгаспрадукцыя з забруджаных земляў разыходзіцца па ўсёй Беларусі.

Пра гэта падчас адмысловай прэсавай канфэрэнцыі паведамілі прадстаўнікі Дэпартамэнту па ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС.

Мінімальная забруджанасьць прадуктаў радыенуклідамі, якая адпавядае ўсталяваным стандартам, — абавязковая ўмова паставак сельгаспрадукцыі з забруджаных тэрыторыяў на харчовы рынак краіны, паведаміў адзін з кіраўнікоў Дэпартамэнту па ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС Генадзь Анцыпаў. Паводле яго, летась у выніку кантролю было выяўлена 300 тысяч тон зерня, непрыдатнага для выкарыстаньня. Спыніць вырошчваньне прадуктаў харчаваньня на забруджаных землях не дазваляе эканамічная сытуацыя ў краіне, кажа ён:

«Уся прадукцыя, якая вырабляецца на тэрыторыі Беларусі, падлягае радыяцыйнаму маніторынгу альбо кантролю. Гаворка вядзецца пра тое, каб забясьпечыць вытворчасьць прадукцыі зь мінімальным утрыманьнем радыенуклідаў. Пэўна, кожны з нас хацеў бы, каб усё было ідэальна, але мы жывём у такім сьвеце, дзе магчымасьці абмежаваныя».

Былы старшыня Вярхоўнага Савету, фізык-ядзершчык Станіслаў Шушкевіч мяркуе, што правесьці дасканалы кантроль прадукцыі з забруджаных тэрыторыяў дзяржаўныя службы цяпер ня маюць тэхнічнай магчымасьці:

«Калі на забруджанай тэрыторыі можна вырошчваць прадукцыю, якая адпавядае неабходным стандартам, то нічога дрэннага ў гэтым я ня бачу. Але быць перакананым, што гэта адпавядае стандартам, даволі цяжка. Бо для гэтага неабходна пэўнае абсталяваньне і кантроль. Я ня ўпэўнены, што ў межах тых магчымасьцяў, якія маюць вытворцы гэтай прадукцыі, што яны могуць гэты кантроль ажыцьцявіць. Усё вызначае эканоміка, а ў нас бедная дзяржава, і яна ня здольная мабілізаваць неабходныя сродкі для зьмяншэньня адмоўных наступстваў».
Магу дакладна сказаць, што беларускія чарнобыльцы — самыя неабароненыя ў сьвеце.

Чыноўнікі таксама паведамляюць, што на забруджаных землях надалей пражываюць 1 мільён 100 тысяч чалавек, 1,5 мільёна чалавек маюць пасьведчаньні ліквідатараў аварыі на ЧАЭС. Паводле дзяржаўных праграмаў гэтыя людзі маюць сацыяльную падтрымку ад дзяржавы — у тым ліку грашовыя выплаты, дапамогу зь лекаваньнем, харчаваньнем. Аднак такая група, як ліквідатары, застаецца самай неабароненай у параўнаньні з чарнобыльцамі Украіны ці Расеі, кажа лідэр зарэгістраванага ва Ўкраіне грамадзкага аб’яднаньня «Саюз Чарнобыль — Беларусь» Аляксандар Ваўчанін:

«Мы б хацелі, каб вырашаліся пытаньні выхаду на пэнсію, санаторнага лячэньня, лекавага забесьпячэньня. На сёньня гэтыя пытаньні вырашаюцца вельмі дрэнна — я б сказаў дыпляматычна. І на сёньня я магу дакладна сказаць, што беларускія чарнобыльцы — самыя неабароненыя ў сьвеце».

Ліквідатары-чарнобыльцы штогод бяруць удзел у шэсьці-мітынгу «Чарнобыльскі шлях».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG