Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Быў такі рымскі палітык Катон старэйшы, які падчас пунічных войнаў усе свае прамовы ў Сэнаце, аб чым бы ён ні казаў, сканчаў словамі: «А яшчэ я мяркую, што Карфаген павінен быць разбураны». Нехта, магчыма, лічыў гэта недарэчным, гаварылася гэта ня ў той час, калі Ганібал са сваім войскам стаяў каля брамы Рыму. Чаго Катон адно і тое ж, як папугай, паўтарае, ёсьць жа шмат іншых справаў? Але нарэшце Карфаген і сапраўды быў разбураны. Магчыма, да пэўнай ступені і дзякуючы ўпартасьці Катона.

Мы не параўноўваем сябе з рымскім героем, але кожную перадачу «Зоны Свабоды» на Белсаце завяршаем хронікай, падлікам, колькі часу правялі за кратамі беларускія палітвязьні. На гэтым тыдні — сумны юбілей:

19-ы тыдзень застаецца у турме Сяргей Каваленка, 39-ы тыдзень за кратамі Алесь Бяляцкі, 68-ы тыдзень — Яўген Васьковіч, Арцём Пракапенка, Павал Сырамалотаў, 71-ы тыдзень— Зьміцер Дашкевіч, Мікалай Статкевіч, Эдуард Лобаў, Павал Севярынец, 77-ы — Ігар Аліневіч, 89-ы — Мікалай Дзядок, Аляксандар Францкевіч, 116-ы тыдзень за кратамі Мікалай Аўтуховіч, разам — 1000 тыдняў.

Так, у Беларусі існуе безьліч праблемаў, і эканамічных, і сацыяльных, і сярод іх зусім не апошняя — несправядлівасьць і прамы гвалт з боку ўлады ў дачыненьні да простых, далёкіх ад палітыкі людзей. І чаму трэба засяроджвацца на лёсе якога тузіну людзей, чаму наконт іх так пераймаецца Захад, ставячы іх вызваленьне ў цэнтар сваіх стасункаў з Беларусьсю?

Колькі ў краіне хворых, невылечна хворых людзей, у тым ліку дзяцей, колькі бедных, якія балянсуюць на мяжы жабрацтва, колькі пакрыўджаных, колькі людзей — невінаватых, а хай сабе і вінаватых — пакутуюць ад жахлівай пэнітэнцыярнай сыстэмы. Ды навошта ж утароплівацца толькі ў гэтых, чым яны такія лепшыя?

Не, ня лепшыя. Але менавіта яны церпяць за агульную справу, за народ, кажучы высокім штылем. І таму іх лёс — індыкатар, паказьнік, належыць усё ж Беларусь да цывілізаванага сьвету ці хаця б рушыць да яго альбо зьяўляецца дзікай дэспатыяй.

Тут нават не ў Эўропе рэч. Аўстралія, Японія, большасьць краін Лацінскай Амэрыкі, Індыя — самая шматлюдная дэмакратыя ў сьвеце — гэта не Эўропа і не ЗША. І таксама там шмат праблемаў, як і ў Беларусі. Але палітвязьняў няма.

І за гэтую мяжу Захад і змагаецца з афіцыйным Менскам, за тое, каб Беларусь была ўсё ж па гэты, а не па той яе бок. Але насмрэч ня Захаду найперш гэта трэба, а беларусам — каб не засмактала краіну ў вір рэпрэсіяў, каб не апынулася яна ізноў у Курапатах, як тое ўжо было ў яе гісторыі.

Таму мы і будзем паўтараць раз за разам — што інстытут палітвязьняў, як той Карфаген, павінен быць разбураны, што ў Беларусі палітвязьняў не павінна быць. Гэта зусім не дастатковая, але неабходная ўмова. Беларусь без палітвязьняў ня стане раем, якога наагул няма на зямлі, але зь імі яна мае ўсе шанцы ператварыцца ў пекла.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG