Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ці дакацілася да Беларусі хваля падлеткавых суіцыдаў?


У сакавіку гэта году дзьве стрыечныя сястры 15 і 17 гадоў скончылі жыцьцё самагубствам.

Здарылася гэта ў вёсцы Дзмітраўка Клічаўскага раёну Магілёўскай вобласьці. РУУС Клічаўскага раёну камэнтаваць гэты выпадак адмовіўся. Але падвойнае самагубства ўзьняло тэму суіцыдаў сярод дзяцей і падлеткаў. Яна асабліва актуалізавалася пасьля таго, як у Расеі зафіксавалі вялікі ўсплёск такіх самагубстваў. З пачатку году там стала вядома пра дзясяткі падобных выпадкаў у розных рэгіёнах. Паводле ўзроўню самагубстваў сярод падлеткаў Расея займае першае месца ў Эўропе і шостае ў сьвеце. Паказчык самагубстваў сярод падлеткаў у гэтай краіне перавышае сярэднесусьветны ў тры разы.

У Беларусі сытуацыя не такая крытычная. Колькасьць самагубстваў сярод дзяцей і падлеткаў зьніжаецца. Так, у 2011 годзе з жыцьця пайшлі 13 непаўналетніх. А ў 2009 годзе такіх выпадкаў было 37. Агулам псыхолягі сыходзяцца на думцы, што ў Беларусі ні пра якую эпідэмію гаварыць не выпадае, але праблема ёсьць.

Псыхоляг гарадзкога клінічнага дзіцячага псыханэўралягічнага дыспансэру Вольга Навуменка, якая дзяжурыць на «гарачай лініі» для дзяцей і падлеткаў, кажа, што апошнім часам у Беларусі не фіксуецца ўсплёску такога кшталту самагубстваў:

«Па статыстыцы пакуль няма. У нас няма дадзеных па завершаных суіцыдах такім чынам, як у Маскве. Увесь мінулы год спэцыялісты нашага дыспансэру навучалі псыхолягаў, сацыяльных работнікаў і пэдагогаў у школах менавіта распазнаваньню суіцыдальных паводзінаў. Як пабачыць, што ў дзіцяці ёсьць суіцыдальныя паводзіны, як яму дапамагчы, што рабіць далей. Па Менску мы ахапілі ўсе раёны. Гэта, канечне, кропля ў моры, але ўсё адно інфармацыя ідзе».

Дзеці пачынаюць думаць пра самагубства, калі перажываюць праблемы ў сям’і, а падлеткі — калі пачынаюцца праблемы з раўналеткамі, настаўнікамі. Таксама матывамі для самагубства могуць быць стан здароўя, страх пакараньня ці фінансавыя праблемы. Падлеткі, якія маюць праблемы з алькаголем і наркотыкамі, таксама трапляюць у групу рызыкі па суіцыдах.

Псыхоляг Натальля Саковіч дасьледуе праблему дзіцячага суіцыду ў Беларусі і прыводзіць наступныя прыклады:
Яго паставілі на ўнутрышкольны ўлік. У выніку для Яна самагубства стала адзіна магчымым спосабам разьвязаньня праблемаў.

«Вось Яну 10 гадоў. Ён вучыцца ў школе з музычным ухілам. Адзнакі — ніжэй за сярэднія. Увесь час кажа пра сябе: „Я дэбіл, прыдурак. Ненавіджу школу. Навошта я нарадзіўся, лепш бы я памёр“. Год таму ён патэлефанаваў у міліцыю і паведаміў, што школа замініраваная. Яго паставілі на ўнутрышкольны ўлік. У выніку для Яна самагубства стала адзіна магчымым спосабам разьвязаньня праблемаў».

Праблема дзіцячага і падлеткавага суіцыду характэрная для так званых «праблемных» сем’яў. Апроч таго, часта такія трагічныя выпадкі здараюцца ў маленькіх гарадах і вёсках. Так, Натальля Саковіч аналізавала выпадак з адзінаццацігадовым Арцёмам. «Яго часта зьбівалі ў сям’і. Ён кепска вучыўся і меў канфлікты з аднаклясьнікамі. Пасьля таго, як ён скраў у маці 15 тысяч рублёў, тая зачыніла яго дома, паабяцаўшы, што зь ім разьбярэцца бацька. Хлопчык павесіўся ў замкнёнай кватэры на вяроўцы для бялізны».

Псыхоляг Надзея Марозава зьвярнула ўвагу на тое, што апошнім часам пачала распаўсюджвацца тэндэнцыя рабіць самагубства «за кампанію». Гэтаму спрыяе актыўнае карыстаньне інтэрнэтам. У розных сацыяльных сетках былі зарэгістраваныя дзясяткі суполак, у якіх абмяркоўваліся і плянаваліся розныя спосабы самагубства.
Яны хочуць кіраваць іншымі, быць самымі лепшымі, быць лідэрамі, быць заўважнымі. Але яны для гэтага нічога ня робяць.

Марозава працуе з дэпрэсіўнымі дзецьмі і падлеткамі. Яна кажа, што такія дзеці могуць казаць нешта кшталту «мне кепска, лепш памерці, чым так пакутаваць». Але найчасьцей гэта спробы прыцягнуць да сябе ўвагу. «Ёсьць сацыяльная дэпрэсія, калі дзеці ня могуць адаптавацца. Яны хочуць кіраваць іншымі, быць самымі лепшымі, быць лідэрамі, быць заўважнымі. Але яны для гэтага нічога ня робяць. Тады ў іх рэальнасьць ня вельмі супадае з фантазіямі, і яны вельмі перажываюць, сыходзяць у „пакуты“. І тады пачынаецца дэпрэсія. Часта яна ўзьнікае на фоне складаных стасункаў з бацькамі ці з адным з бацькоў».

Шаснаццацігадовы Франак упэўнены, што сярод ягоных раўналеткаў хапае дэпрэсіўных дзяцей. «Час ад часу цяжка сказаць па чалавеку, што ён адчувае. У мяне ёсьць знаёмы, па якім я б ніколі не сказаў, што ў яго ёсьць праблемы. Але аказалася, што для яго вельмі важна, што ў яго няма сяброў. І цяжка тым людзям, якія не адчуваюць, што яны значныя, альбо адчуваюць, што яны вельмі значныя толькі для бацькоў, якія іх ва ўсім абмяжоўваюць. І такое ёсьць шмат у якіх беларускіх сем’ях».

Па словах Марозавай, падлетак, які мае думкі пра суіцыд, абавязкова камусьці пра гэта скажа. І вельмі важна ў час распазнаць такія намеры. Калі дзіця кажа нешта кшталту «Вось я памру і пагляджу, як вы будзеце безь мяне», ужо трэба моцна непакоіцца.

Па Франкавых словах, «дзіця, якое трапіла ў такое становішча, павінна адчуваць павагу з боку бацькоў, а ня толькі любоў. Калі бацькі заўважылі такую праблему, то найгорай было б, каб бацькі пачалі да яго чапляцца: „Мы лічым, што ў цябе такія праблемы і сякія праблемы“. Гэта будзе раздражняць. Мне здаецца, што ў такой сытуацыі бацькі, можна сказаць, „завалілі“. Тут ужо трэба весьці да псыхоляга».
XS
SM
MD
LG