Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сьледчы камітэт дапамагае здымаць перадачу пра «віцебскіх тэрарыстаў»


Рысунак Міхаіла Златкоўскага.

Рысунак Міхаіла Златкоўскага.

У Віцебскі абласны сьледчы камітэт выклікаюць мясцовых сьведак па справе Дзьмітрыя Канавалава і Ўладзіслава Кавалёва. Там іх чакае здымачная група перадачы «Чалавек і закон» расейскага Першага каналу.

Пра тое, што сьведкам прапануюць зьняцца ў перадачы, маці абвінавачанага ў тэрарызьме і расстралянага Ўладзіслава Кавалёва паведамілі знаёмыя зь ліку запрошаных у Сьледчы камітэт.

Любоў Кавалёва кажа, што адмовілася б ад любых інтэрвію Беларускаму тэлебачаньню, але пагадзілася сустрэцца з расейскімі журналістамі. Здымачная група перадачы «Чалавек і закон» учора пабывала ў яе дома, прычым журналістаў спрабавала затрымаць каля пад’езду Кавалёвых віцебская міліцыя. Сёньня ў будынку Сьледчага камітэту тыя самыя журналісты размаўляюць зь віцебскімі сьведкамі.

Маці Ўладзіслава Кавалёва ня ведае, ці можна чакаць аб’ектыўнасьці ў тэлеперадачы, калі на размову з журналістамі людзей запрашаюць праз тэлефанаваньні са сьледчага камітэту.

Нешта падобнае ў Віцебску ўжо было. Яшчэ зь месяц таму некаторыя сьведкі ў справе «віцебскіх тэрарыстаў» апавядалі, што ім тэлефанавалі са Сьледчага камітэту ды прапаноўвалі сустрэцца са здымачнай групай Беларускага тэлебачаньня, якая рыхтуе нейкі фільм пра выбух у менскім мэтро. Тады ад здымак шмат хто адмовіўся.
XS
SM
MD
LG