Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінтранс абвяргае інфармацыю аб продажы «Белавія»


Міністэрства транспарту і камунікацыяў Беларусі выступіла з афіцыйным абвяржэньнем чутак пра продаж «Белавія» расейскай авіякампаніі «Аэрафлоту».

«Міністэрства транспарту і камунікацыяў Рэспублікі Беларусь лічыць неабходным заявіць, што разьмешчаная на некаторых інтэрнэт-рэсурсах інфармацыя пра тое, што рыхтуецца продаж РУП „Нацыянальная авіякампанія „Белавія“ расейскай авіякампаніі ААТ „Аэрафлот“, не адпавядае рэчаіснасьці», — паведамляецца ў заяве Мінтранса, распаўсюджанай у сераду.

Цяпер перамовы пра продаж нацыянальнага авіяперавозчыка не вядуцца, канстатуе Міністэрства транспарту і камунікацыяў.

У Мінтрансе таксама нагадалі, што пастановай Саўміну ад 21 сакавіка 2011 году № 348 РУП «Нацыянальная авіякампанія Белавія» ўключана ў пералік прадпрыемстваў, якія падлягаюць акцыянаваньню ў 2013 годзе.

Паведамляецца, што «Белавія» мае намер нарошчваць сваю прысутнасьць на рынку авіяцыйных паслугаў, мадэрнізаваць свой самалётны парк. У новым сэзоне авіякампанія павялічыць частату выкананьня рэйсаў у Парыж, Тэль-Авіў, Екацерынбург, Тэгеран, Ларнака, Ашхабад, Санкт-Пецярбург, Баку, Батумі. У чэрвені плянуюць адкрыць рэйс у Новасыбірск. Летам зь Менску можна будзе зьлётаць у Караганду, Кустанай, Манчэстэр, Паўладар, Сімфэропаль і Сочы.

«Белавія» падпісала кантракты на пастаўку па лізінгу двух новых самалётаў «Эмбрайер-175». Іх пастаўка заплянаваная на верасень-кастрычнік 2012 году.

Новыя самалёты не паступалі ў Беларусь з 1986 году.
XS
SM
MD
LG