Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рагачоў: справу супраць актывіста суд трэці раз вярнуў на дапрацоўку


Дзяніс Дашкевіч

Дзяніс Дашкевіч

Судзьдзя Рагачоўскага раённага суду Ірына Малашкевіч 25 красавіка пастанавіла вярнуць адміністрацыйную справу ў дачыненьні да грамадзкага актывіста Дзяніса Дашкевіча пра парушэньне ім аўтарскіх, сумежных і патэнтных правоў на дапрацоўку. Гэта ўжо трэцяя дапрацоўка. Папярэднія дзьве міліцыя не змагла адужаць — пераканаўчых доказаў вінаватасьці актывіста суду дагэтуль не прадстаўлена.

Ініцыятары справы — галоўны рэдактар афіцыйнай мясцовай газэты «Свабоднае слова» Андрэй Шышкін і Алег Лукашэвіч як прадстаўнік райаддзелу міліцыі, які складаў пратакол паводле артыкула 9.21 КаАП, нават не прыйшлі на заключнае паседжаньне суду. Газэту прадстаўляла намесьніца рэдактара Жана Шэбушава.

Дзяніса Дашкевіча абвінавацілі ў тым, што нібыта ён, будучы адміністратарам незалежнага сайту vrogacheve.ru, без дазволу рэдакцыі «Свабоднага слова» зьмясьціў на інтэрнэт-рэсурсе 9 матэрыялаў з газэты і нават фатаздымак старшыні райвыканкаму Віктара Банчука.

Пасьля адной з дапрацовак пратаколу ў міліцыі колькасьць перадруковак скарацілася да пяці. Ня згадваўся ў апошнім пратаколе й фатаздымак старшыні райвыканкаму.

Падчас разгляду адміністрацыйнай справы ў судзе Дзяніс Дашкевіч не прызнаў выстаўленых прэтэнзіяў. У сваю чаргу, рэдактар Шышкін і лейтэнант Лукашэвіч, які па даверанасьці прадстаўляў РАУС, не змаглі прывесьці канкрэтных доказаў таго, што менавіта Дзяніс Дашкевіч зьяўляецца адміністратарам сайту. Не вядомы ім і заснавальнік сайту. Лейтэнант Лукашэвіч нават ня змог патлумачыць, які пункт закону пра аўтарскія, сумежныя і патэнтныя правы Дашкевіч парушыў, калі дапусьціць, што менавіта ён разьмяшчаў на сайце матэрыялы з газэты.

На патрабаваньне судзьдзі галоўны рэдактар Шышкін у сваім рэдакцыйным статуце не знайшоў пункту пра перадачу супрацоўнікамі газэты эксклюзіўнага права на першачарговае выкарыстаньне аўтарскіх твораў. Нешта падобнае зафіксаванае толькі ў палажэньні пра ганарар.

Падчас судовага разбору высьветлілася таксама, што сайт vrogacheve.ru не перадрукоўваў матэрыялы з газэты «Свабоднае слова». Некаторыя супадзеньні ў тэксьце судзьдзя заўважыла ў трох зь пяці інфармацыяў, якія былі зьмешчаныя ў інтэрнэт-вэрсіі газэты.

Рагачоўскі сябра партыі левых «Справядлівы сьвет» Мікалай Мельнікаў, які сачыў за судовым працэсам, лічыць, што адміністрацыйная справа супраць Дашкевіча арганізаваная «па камандзе зьверху» пасьля таго, як на народным сайце vrogacheve.ru пачалі пэрыядычна зьяўляцца матэрыялы пра мясцовых кіраўнікоў.

17 красавіка падчас першага судовага разбору сайт vrogacheve.ru быў узламаны. Нібыта ад імя Дзяніса Дашкевіча хакеры зьмясьцілі на ім паклёпніцкі матэрыял аб прадстаўніках дэмакратычнага руху ў рэгіёне.
XS
SM
MD
LG