Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Лукашэнку ціснуць праз хакей, на Януковіча — праз футбол


Прэзыдэнт Украіны Віктар Януковіч з прэзыдэнтам УЭФА Мішэлем Плаціні
Прэзыдэнт Украіны Віктар Януковіч з прэзыдэнтам УЭФА Мішэлем Плаціні
«Януковіч кіруе Ўкраінай як рэспублікай Савецкага Саюзу», — піша ў рэдакцыйным артыкуле Financial Times Deutschland.

У першую чаргу гаворка ідзе пра тое, што ён не дазваляе былой кіраўніцы ўраду Юліі Цімашэнцы выехаць на лячэньне ў Нямеччыну, хоць лекары бэрлінскага шпіталю ўстанавілі, што яна цяжка хворая. «Цяпер Цімашэнка абвясьціла галадоўку — да гэтага яе, па яе словах, гвалтоўна адвезьлі ў шпіталь, і няма ўпэўненасьці, што яна ня выйдзе адтуль у горшым стане», — паведамляе выданьне.

У артыкуле адзначаецца, што найвялікшую ўвагу да сытуацыі ва Ўкраіне мог бы прыцягнуць не Эўразьвяз, і ня ўрад Нямеччыны, а УЭФА, арганізатар чэмпіянату Эўропы па футболе, які пройдзе ва Ўкраіне. «Яму нельга ўхіляцца ад пытаньня аб тым, як кантактаваць з урадам, які пераходзіць да ўсё больш і больш аўтарытарнага курсу», — піша выданьне.

«Адмена Чэмпіянату Эўропы можа разглядацца толькі як крайні сродак, і такую меру было б цяжка ажыцьцявіць. Але УЭФА мог бы, як мінімум, ціснуць на Януковіча, наўпрост выступіўшы за дэмакратычныя рэформы», — піша Financial Times Deutschland.

Акрамя таго, аўтар артыкулу перасьцерагае УЭФА ад спробаў выкарыстаньня футбольнага саюзу ў палітычных мэтах украінскім кіраўніцтвам і рэкамэндуе кіраўніку Мішэлю Плаціні адмовіцца ад сумесных фотасэсій з Януковічам.

***

Міжнародная фэдэрацыя хакею разгледзіць пытаньне пра перанос чэмпіянату сьвету зь Беларусі ў іншую краіну. Гэтае пытаньне ўнесена ў парадак паседжаньня фэдэрацыі, якое заплянаванае на травень у Хэльсынкі.

Перанесьці чэмпіянат у іншае месца ўпершыню прапанавалі пасьля разгону акцыі пратэсту супраць фальшаваньня вынікаў выбараў прэзыдэнта 19 сьнежня 2010 году.

Пад заклікам перанесьці чэмпіянат падпісаліся многія палітычныя і грамадзкія дзеячы з усяго сьвету. Ідэю пераносу чэмпіянату зь Беларусі падтрымалі Эўрапарлямэнт і Кангрэс ЗША. Супраць пераносу выступае Расея.

У гісторыі ўжо быў прэцэдэнт перанясеньня чэмпіянату з аднае краіны ў іншую. У сувязі з уварваньнем дзяржаваў Варшаўскага пакту ў Чэхаславаччыну ў 1968 годзе хакейны чэмпіянат 1969 году праводзіўся ня ў Празе, як было заплянавана раней, а ў Стакгольме.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG