Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вялікая хімія па-беларуску


Больш за 700 мільёнаў даляраў недаплаціла ў расейскі бюджэт Беларусь у 2011 годзе за атрыманую расейскую нафту.

Такую лічбу называюць расейскія і беларускія экспэрты. Яны цьвердзяць, што ў Менску знайшлі сумнеўны спосаб не плаціць Маскве мытныя пошліны, прадугледжаныя дамовай.

Беларускія эканамісты Яраслаў Раманчук і Леанід Заіка, падсумоўваючы эканамічныя вынікі 2011 году, зьвярнулі ўвагу на тое, што Беларусь нечакана стала ўсясьветным лідэрам па вытворчасьці растваральнікаў і разбаўляльнікаў для лякаў, фарбаў і змазачных матэрыялаў. Ужо тады экспэрты заўважылі — гэтыя тавары чамусьці прадаюцца толькі тым краінам, якім Беларусь афіцыйна пастаўляе бэнзін і дызпаліва. А транзыт грузаў ідзе выключна праз Латвію. Эканамісты выказалі сваю вэрсію: насамрэч Беларусь пад выглядам растваральнікаў і разбаўляльнікаў прадае бэнзін і дызпаліва. А ўся хітрасьць у тым, што з энэргетычных прадуктаў абавязкова трэба плаціць мыта расейцам. А хімічныя прадукты ад мыта вызваляюцца.

І вось цяпер, калі зьявілася афіцыйная статыстыка, меркаваньні эканамістаў пацьвердзіліся. Беларуская статыстыка паказвае, што летась у Латвію пастаўлена 1,5 мільёна тон растваральнікаў і разбаўляльнікаў, латыская — меней за 200 тысяч. Затое латыскі порт беларусы загрузілі летась так моцна, як ніколі раней.

Атрымліваецца, што пасьля перасячэньня латыскай мяжы растваральнікі зноў ператвараюцца ў нафтапрадукты — канстатуе кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка:

Леанід Заіка
Леанід Заіка
«У паліва можна нешта дадаць. Напрыклад, на тону паліва — два грамы фармальдэгіду. І назваць гэта арганічным растваральнікам. І паспрабуй спраўдзі. Ёсьць такая практыка, калі фірмы сыходзяць ад вялікага імпартнага мыта. Возьмем тыя ж калійныя ўгнаеньні — калій-хлёр. На тону кінулі пачак звычайнай солі. І будзе ўжо калій-натрый-хлёр. А гэта фармальна ўжо зусім іншы тавар. Так адбываецца і з палівам».

Леанід Заіка з іроніяй называе тое, што адбываецца, «хімічным экспэрымэнтам у міжнародным гандлі»:

«Калі б гэта была не Расея, а, напрыклад, Вялікая Брытанія альбо ЗША, там хуценька навялі б парадак. Там бы сказалі: у вас не разбаўляльнік, а звычайны бэнзін. А расейцы няхай цяпер размаўляюць зь беларускім прэм’ерам. І тлумачаць — хацелі чарговы транш атрымаць на 400 мільёнаў, а нашто ён вам? Мы і так ужо далі 700 мільёнаў без усялякіх аплатаў».

Доктар эканамічных навук, прафэсар Мікіта Крычэўскі з Масквы сёньня ў размове са «Свабодай» сказаў: расейскія чыноўнікі ведаюць пра тое, што Беларусь карыстаецца «не зусім легальнымі ў рамках Мытнага саюзу схемамі перапрацоўкі і далейшага экспарту нафтапрадуктаў»:

Ну падумаеш, 720 мільёнаў даляраў, калі штогод толькі экспарт нафты з Расеі каштуе 250 мільярдаў даляраў ...

«Аднак нічагуткі ня робяць, каб гэтыя схемы спыніць і прымусіць беларускі бок плаціць мыта ў расейскі бюджэт. Ну падумаеш, 720 мільёнаў даляраў, калі штогод толькі экспарт нафты з Расеі каштуе 250 мільярдаў даляраў. І гэта пры тым, што многія расейскія кампаніі яшчэ і задзейнічаюць афшорныя схемы продажу нафты за межы краіны.

Вось чаму беларуская схема існуе і будзе існаваць неакрэсьлена доўгі час. Асабліва калі ўлічыць, што расейскае чынавенства можа карупцыйна быць зацікаўленым у яе рэалізацыі. І гэтую верагоднасьць, гэтую вэрсію скідаць з рахунку таксама нельга».

Прафэсар Крычэўскі бачыць у гэтай справе і палітычны аспэкт:

«Ці ведаюць пра беларускія схемы нафтаперапрацоўкі ў Крамлі і расейскім Белым доме? Без сумневу, ведаюць. Дык што ж тады перашкаджае спыніць падобныя апэрацыі? Гэта палітычны фактар — нежаданьне ўскладняць дачыненьні зь беларускім бокам. Але галоўным, на мой погляд, усё ж застаецца фактар эканамічны».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG