Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Напярэдадні «Чарнобыльскага шляху» сябры аргкамітэту спрабуюць дамовіцца з уладамі пра выкарыстаньне гукаўзмацняльнай апаратуры.

Менгарвыканкам даў дазвол на правядзеньне шэсьця 26 красавіка з 18:30 да 19:30 ад пляцоўкі ля Акадэміі навук да парку Дружбы Народаў, дзе адбудзецца жалобны мітынг. Акцыя завершыцца ўскладаньнем кветак да капліцы ў памяць ахвяраў Чарнобылю. Удзельнікі акцыі мяркуюць выказацца супраць будаўніцтва Астравецкай АЭС і за вызваленьне палітвязьняў.

Сябры аргкамітэту Юры Хадыка і Віктар Івашкевіч правялі сёньня сустрэчу з прадстаўнікамі ўладаў, каб не паўтарылася сытуацыя, якая была падчас акцыі 25 сакавіка. Тады міліцыянты арыштавалі замоўленую і аплачаную заяўнікамі машыну з гукаўзмацняльнай тэхнікай. Юры Хадыка распавёў:

Юры Хадыка

Юры Хадыка

«Галоўнае пытаньне з гукаўзмацненьнем па-ранейшаму вісіць у паветры. Вельмі тоўстая бюракратычная абарона. Мы хадзілі сёньня ў кантору, якая загадвае гукаўзмацняльнай апаратурай. Высьветлілася, што яны ўжо ўсё раздалі. Таму каля калёны будзе ўвесь час ехаць машына і гаварыць, што трэба трымацца дазволеных рашэньняў, а потым яны зьедуць. А мы мусім застацца безь яе. Застаецца вельмі маленькая надзея, што там дазволяць міліцэйскі аўтобус выкарыстаць для абслугоўваньня мітынгу. Шанцы невялікія, але гэта адзінае, што я магу прыдумаць. Бо мы ўзялі каардынаты прыватнай установы, але там за перасоўную апаратуру патрабуюць 20 мільёнаў (2 тысячы даляраў). Такіх грошай у нас няма».

Таксама Юры Хадыка адзначыў, што ўлады не дазволілі рух калёны па праежджай частцы, хоць раней такую просьбу задавальнялі.

«Калі 3 тысячы чалавек ідуць па ходніках, гэта вельмі нязручна. Таму ў мяне няма задавальненьня: яны далі дазвол, але радасьці тут мала. Або гэта можна лічыць рэалізацыяй правоў грамадзянаў на правядзеньне мітынгаў, шэсьцяў, калі прымушаюць ісьці невядома як? І праводзіць мітынг без гукаўзмацненьня. Які гэта мітынг? Такая зараз у нас дэмакратыя».

Цягам тыдня перад «Чарнобыльскім шляхам» былі затрыманыя актывісты Наста Шулейка і Павал Сяргей, якіх зьмясьцілі ў турму на Акрэсьціна. Паплечнікі мяркуюць, што гэтыя затрыманьні зьвязаныя менавіта з набліжэньнем акцыі. Актывістка Кася Галіцкая адзначыла:

Кася Галіцкая

Кася Галіцкая

«Затрыманьні наўпрост зьвязаныя з «Чарнобыльскім шляхам», з нашай актыўнасьцю напярэдадні гэтай акцыі, з нашымі падрыхтоўчымі працамі. Затрыманы Павал Сяргей, яго судзяць у судзе Фрунзенскага раёну Менску. Затрыманая Наста Шулейка, якая зараз на Акрэсьціна ўжо адбывае свой тэрмін. І прыходзілі на кватэры да некаторых актывістаў, і таксама міліцыянты папярэджвалі, што, мы, маўляў, за вамі сочым. І ўсё гэта наўпрост зьвязана з «Чарнобыльскім шляхам».

Адзін з заяўнікаў, намесьнік старшыні партыі БХД Дзяніс Садоўскі адзначыў, што сьпіс выступоўцаў на мітынгу ўдакладняецца. Вядома, што сярод іх будзе былы палітвязень Аляксандар Казулін. Запрашалі і нядаўна выпушчаных на волю палітвязьняў Андрэя Саньнікава і Зьмітра Бандарэнку, аднак яны вырашылі не выступаць. Дзяніс Садоўскі пералічыў асноўныя тэмы акцыі:

Дзяніс Садоўскі

Дзяніс Садоўскі

«Тэмы асноўныя дзьве, якія першапачаткова былі заяўленыя. Гэта чарнобыльская тэма — наступствы, сучаснасьць. Другое — гэта палітычная сытуацыя ў краіне. І зьвязаная з гэтым — вызваленьне палітвязьняў і свабодныя выбары. Падрыхтаваныя рэзалюцыі, якія будуць прынятыя на мітынгу».
XS
SM
MD
LG