Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Алена Каваленка: «Трэба быць ідэалістам»


Сяргей Каваленка паводле рашэньня Віцебскага абласнога суду цяпер утрымліваецца на экспэртызе ў псыхіятрычным шпіталі ў Навінках. Як трымаецца жонка актывіста КХП-БНФ Алена, якая засталася з двума малымі дзецьмі?

На Радаўніцу карэспандэнт «Свабоды» пабываў у гасьцях у сям’і Каваленкаў у Віцебску. Жывуць яны цяпер у кватэры Сяргеевай маці — Лідзіі Каваленкі. Алена Каваленка раней працавала ў пашпартным бюро, цяпер у дэкрэце, гадуе дачку Віку, якой няма яшчэ і году. Алена часта мусіць адлучацца з дому па судовых справах мужа — то наведвала яго ў калёніі «Віцьба-3», то езьдзіла ў суд ці сустракалася з адвакатам. Цяпер зь перадачамі езьдзіць у Навінкі.

У такія дні за малой Вікай прыглядае бабуля Лідзія Ўладзімераўна.
Маці Сяргея Каваленкі Лідзія Ўладзімераўна з унучкай Вікай.

Маці Сяргея Каваленкі Лідзія Ўладзімераўна з унучкай Вікай.


А займацца са старэйшым сынам Каваленкі — Валікам дапамагае брат Сяргея Віталь, які і на Радуніцу прыйшоў у сям’ю палітвязьня. Гэтая сям’я моцная дапамогай адзін аднаму, хоць цяжкасьцяў усё роўна хапае. Сярод іх — складанае матэрыяльнае становішча, бо асноўны кармілец, Сяргей, ужо больш як паўгода за кратамі. «Нічога, ўправімся» — не адчайваецца Алена.

Маладая жанчына кажа, што вельмі шкадавала мужа, калі бачыла яго ў часе галадоўкі ўсё больш зьнясіленым, але адначасова і вітае ягоную прынцыповасьць.

«Трэба быць ідэалістам. Трэба быць максымалістам. Чалавек павінен быць адданы сваёй ідэі, каб дасягнуць у ёй посьпеху. Сяргей — такі. І гэта добра, што ён такі, што ён можа вось так, самааддана, змагацца. Гэта трэба, калі гаворка пра Радзіму».
Алена Каваленка зь сямейным альбомам.

Алена Каваленка зь сямейным альбомам.


Усё больш людзей ведае пра Сяргея Каваленку і ягоны ўчынак — што ён вывесіў бел-чырвона-белы сьцяг на навагодняй ёлцы ў Віцебску і за гэта быў асуджаны, а нядаўна трымаў працяглую галадоўку пратэсту. Між тым сам Каваленка ледзь не памёр падчас галадоўкі, за якую страціў амаль 40 кіляграмаў вагі. Ці было варта гэтага ягонае змаганьне?

Паводле Алены Каваленкі, якая бачылася з мужам апошні раз на мінулым тыдні ў шпіталі ў Навінках, Сяргей не выказваў ані ценю шкадаваньня, але настрой у яго ўсё ж мог быць лепшы:

«Раней у яго расчараваньня ў ідэях адраджэньня не было, я, прынамсі, не заўважала. Цяпер, калі ён фактычна ў вязьніцы, хіба што ёсьць расчараваньне, што яго не падтрымалі, не было шмат акцыяў салідарнасьці зь ім. Бо ён у гэтай барацьбе паставіў на кон вельмі шмат. І сваё жыцьцё, і выхаваньне сына. Ён шмат разоў казаў мне, як бы хацеў зараз быць у сям’і, займацца выхаваньнем сына. А ў яго такой магчымасьці цяпер няма. Сяргей максымаліст, і яму хацелася б, каб было больш рэакцыі на ягоную барацьбу».

Алена і Сяргей пазнаёміліся ў 2003 годзе і праз год пабраліся шлюбам. Неўзабаве нарадзіўся сын Валянцін. Сяргей, які меў дыплём політэхнічнага тэхнікуму, пэўны час працаваў інжынэрам у Віцебскім аэрапорце. Але заробкі там былі малыя, і каб пракарміць сям’ю, ён звольніўся ды пачаў зарабляць рамонтам кватэр. «Добра зарабляў, толькі падаткаў штомесяц плаціў больш за 250 тысяч», — хваліцца маці палітвязьня Лідзія Ўладзімераўна.

2010 год запомніцца Каваленкам ня толькі вывешаным на ёлцы сьцягам, але і крызісам у адносінах — дайшло да разводу. Але сямейныя выпрабаваньні скончыліся ў 2011 хэпі-эндам: яны аднавілі шлюб і нават нарадзілі другое дзіця — дачку Вікторыю. Алена прызнаецца: паводзіны Сяргея падчас сьледзтва і ў судзе пераканалі яе, што Сяргей — сапраўдны мужчына і бацька.

«Гэта ж ён настаяў, каб сын пайшоў у музычную школу. Ён яшчэ зь юнацтва паставіў мэту, што ягоныя дзеці будуць слухаць клясычную музыку, бо гэта добра ўплывае на разьвіцьцё асобы. І сын зараз добра займаецца на скрыпцы. Прычым у мяне і ў Сяргея няма музычнага слыху, а ў Валіка добры слых, ён пасьпяхова займаецца, за паўгода прайшоў гадавую праграму».
Валік Каваленка вучыцца ў музычнай школе на скрыпача.

Валік Каваленка вучыцца ў музычнай школе на скрыпача.


Падчас інтэрвію ў суседнім пакоі з сынам Сяргея Валікам займаўся брат вязьня Віталь. Свой удзел у сямейных справах брата Віталь патлумачыў гэтак:

«У нас у сям’і было заўсёды гэтак, што мы дапамагалі. Брат мне дапамагаў заўсёды. А зараз, калі ў яго такая сытуацыя, я дапамагаю. Бывае, пасяджу зь дзецьмі, з Валікам схаджу на хакей, на музыку яго адвяду. У самога ў мяне жонка, яна цяпер цяжарная, таму пакуль магу паглядзець і за братавымі дзецьмі. А адначасова «праходжу курс маладога байца».
Віталь Каваленка з пляменьнікам Валянцінам.

Віталь Каваленка з пляменьнікам Валянцінам.


Каваленка-малодшы згадаў, як бачыў тату апошні раз у ізалятары на Валадарскага — што той быў «ня вельмі». Хлопчык марыць, каб тата вярнуўся і зноў павёў яго на хакей. Але ці дачакаецца? Для маці Каваленкі Лідзіі Ўладзімераўны гэта не рытарычнае пытаньне. «Як вы мяркуеце, яго там заб’юць?» — усур’ёз пытаецца яна, маючы на ўвазе ці то «Навінкі», ці то калёнію, куды могуць накіраваць сына пасьля экспэртызы. У тое, што ад яго адчэпяцца і хутка вызваляць, Лідзія Каваленка ня верыць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG