Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шэраг нядаўніх дасьледаваньняў па ўсім сьвеце паказаў некалькі фактараў, якія могуць добра альбо кепска уплываць на здароўе.


ПЛЮСЫ

  • + Ёга

Жанчыны пасьля мэнапаўзы, якія чатыры месяцы займаліся ёгай два разы на тыдзень па гадзіне, мелі меней нэгатыўных сымптомаў і лепей спалі, чым тыя, хто не займаўся фізычнымі практыкаваньнямі, ці нават тыя, хто рабіў практыкаваньні на расьцяжку з фізыятэрапэўтам.

  • + Цэльназерневыя прадукты

Людзі, якія штодня тры разы елі цэльназерневы хлеб (у якім захаваныя ўсе часткі збожжа), мелі на 17 працэнтаў меншую рызыку захварэць на рак кішэчніка. Такі вынік нядаўняга агляду 25 розных дасьледаваньняў.

  • + Усьмешкі

Калі вы хочаце выглядаць маладзей, часьцей усьміхайцеся. У нямецкім дасьледаваньні ўдзельнікі праглядалі 2 тысячы фотаздымкаў людзей з рознымі выразамі твару і спрабавалі вызначыць іх узрост. Калі людзі на здымку ўсьміхаліся, удзельнікі экспэрымэнту называлі ўзрост у сярэднім на два гады меншы за сапраўдны.

МІНУСЫ

  • - Напоі з цукрам

Яшчэ адна прычына пазьбягаць газіроўкі і іншых напояў з цукрам: у нядаўнім дасьледаваньні жанчыны, якія пілі два ці болей салодкіх напоі штодня, мелі ў чатыры разы вышэйшыя шанцы мець у крыві шмат трыгліцэрыдаў — тлушчаў, якія падвышаюць рызыку сардэчных захворваньняў.

  • - Кепская гігіена

Калі меркаваць па мабільных тэлефонах, дык ажно 17 працэнтаў людзей як сьлед ня мыюць рукі пасьля прыбіральні. Брытанскія дасьледчыкі на кожным шостым мабільным тэлефоне знайшлі бактэрыі E.coli, якія ёсьць у фэкаліях і якія могуць выклікаць сур’ёзныя праблемы са здароўем.
XS
SM
MD
LG