Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Расейскіх «чорных сьпісах» тыя ж, хто і ў беларускіх


Музыкі вядомага расейскага рок-гурту ДДТ заяўляюць, што ўлады некаторых сыбірскіх гарадоў забаранілі іх канцэрты.


У заяве пад назвай «Лебядзінае возера, таварышы!», апублікаванай на сайце ДДТ, адзначаецца, што адміністрацыя Кемераўскай вобласьці адмяніла канцэрты ў Кемераве і Юрге, хоць усе квіткі былі распрададзеныя. У Цюмені не знайшлося залі, а ў Омску мясцовыя ўлады забаранілі даваць канцэртныя залі для выступленьняў рок-гурту.

Як заявіў лідэр групы Юры Шаўчук, усе ўказаньні былі дадзеныя чыноўнікамі па тэлефоне, так што на іх нават нельга падаць у суд.

Мясцовыя ўлады пакуль не камэнтуюць гэтую інфармацыю.

Юрый Шаўчук неаднаразова выступаў з крытыкай уладаў, браў удзел у акцыях апазыцыі. Ён падтрымлівае беларускія дэмакратычныя сілы і на пачатку леташняга году патрапіў у беларускі «чорны сьпіс» асобаў, забароненых для ўзгадваньня ў беларускіх афіцыйных СМІ.

Тым часам у Пецярбургу адзін палац культуры за другім адмаўляецца прымаць на сваіх пляцоўках спэктакль маскоўскага Тэатра.DOC «Бэрлюспуцін». Па сюжэце Беэрлюсконі прыяжджае да Пуціна паскардзіцца на адстаўку, і раптам адбываецца замах на Пуціна. Бэрлюсконі памірае і, каб уратаваць жыцьцё параненаму Пуціну, лекары перасаджваюць яму частку мозгу Бэрлюсконі, у выніку чаго атрымліваецца гібрыд ­ Бэрлюспуцін.

Сярод вядомых праектаў Тэатра.Doc таксама спэктакль «Двое ў тваім доме» — тэатральны дакумэнт, у аснове якога абставіны хатняга арышту Ўладзімера Някляева паміж турмой і судом.
XS
SM
MD
LG