Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ханэс Свобада: «Спартовыя сьвяты і брутальнае парушэньне правоў чалавека несумяшчальныя»


Аўстрыйскі палітык, кіраўнік фракцыі Эўрапарлямэнту «Прагрэсіўны альянс сацыялістаў і дэмакратаў», дакладчык па Расеі Ханэс Свобада зьвярнуўся да сваіх калегаў-дэпутатаў, а таксама да кіраўніцтва аўстрыйскай нацыянальнай фэдэрацыі хакею, да спартоўцаў і заўзятараў з заклікам выступіць супраць правядзеньня чэмпіянату сьвету — 2014 у Менску.

Заява зробленая напярэдадні маючага адбыцца ў Хэльсынкі травеньскага Кангрэсу МФХ, на якім будзе разглядацца пытаньне пра месца правядзеньня Чэмпіянату сьвету па хакеі ў 2014 годзе.

Свобада нагадаў пра стан правоў чалавека ў Беларусі і адзначыў, што хакей, які ў Беларусі вельмі шчыльна зьвязаны з палітыкай, падаецца яму адным зь нешматлікіх рычагоў уплыву на ўнутрыпалітычную сытуацыю ў краіне.

Свобада выказаўся за тое, каб Міжнародная хакейная фэдэрацыя пастанаавіла перанесьці месца правядзеньня ЧС у выпадку, калі галоўны хакейны заўзятар Беларусі Аляксандар Лукашэнка ня вызваліць усіх палітзьняволеных, піша фінскае выданьне Verkkouutiset.

У сваім выступе перад фінскімі калегамі ён скрытыкаваў палітыку ня толькі МФХ, але і іншых міжнародных спартовых фэдэрацыяў. Іх кіраўніцтва, паводле ягоных словаў, ігнаруе тое, што многія дыктатары выкарыстоўваюць спорт і спартоўцаў, каб паляпшаць імідж свайго рэжыму, а ад саміх спартовых чыноўнікаў можна нярэдка пачуць: «Наша пазыцыя — быць убаку ад палітыкі».

Міжнародная фэдэрацыя хакею разгледзіць пытаньне пра перанос чэмпіянату сьвету зь Беларусі ў іншую краіну. Гэтае пытаньне ўнесена ў парадак паседжаньня фэдэрацыі, якое заплянаванае на травень у Хэльсынкі.

Перанесьці чэмпіянат у іншае месца ўпершыню прапанавалі пасьля разгону акцыі пратэсту супраць фальшаваньня вынікаў выбараў прэзыдэнта 19 сьнежня 2010 году.

Пад заклікам перанесьці чэмпіянат падпісаліся многія палітычныя і грамадзкія дзеячы з усяго сьвету. Ідэю пераносу чэмпіянату зь Беларусі падтрымалі Эўрапарлямэнт і Кангрэс ЗША.

Супраць пераносу выступае Расея.

У гісторыі ўжо быў прэцэдэнт перанясеньня чэмпіянату з аднае краіны ў іншую. У сувязі з уварваньнем дзяржаваў Варшаўскага пакту ў Чэхаславаччыну ў 1968 годзе хакейны чэмпіянат 1969 году праводзіўся ня ў Празе, як было заплянавана раней, а ў Стакгольме.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG