Лінкі ўнівэрсальнага доступу


Такое меркаваньне выказвае Ёрг Форбрыг, дырэктар Фонду для дэмакратыі ў Беларусі ў Нямецкім фондзе Маршала, ў артыкуле ў газэце Wall Street Journal

ЭЗ дасягнуў рэдкага зьнешнепалітычнага посьпеху, калі ўсьлед за узмацненьнем ціску былі вызваленыя двое вядомых палітвязьняў.

Выхад з турмы былога кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава і яго паплечніка Зьмітра Бандарэнкі — наўпроставае сьледзтва палітычных і эканамічных санкцый ЭЗ. Гэта дае новую надзею для Беларусі, для апазыцыйных актывістаў і асабліва — для тузіну палітвязьняў, якія застаюцца за кратамі. Цяпер пытаньне ў тым, ці зможа Эўропа скарыстацца гэтай сьціплай перамогай і рухацца да далейшых пераменаў.

Саньнікаў і Бандарэнка знаходзіліся ў руках беларускіх уладаў з 19 сьнежня 2010 года. Яны былі арыштаваныя пасьля таго, як дзесяткі тысяч беларусаў выйшлі пратэставаць супраць афіцыйных вынікаў прэзыдэнцкіх «выбараў», згодна зь якім Аляксандр Лукашэнка набраў 80 працэнтаў галасоў.

ЭЗ мог бы вярнуць сваіх паслоў у Менск у залежнасьці ад вызваленьня ўсіх палітычных зьняволеных

Разам з сотнямі іншых удзельнікаў дэманстрацыі Саньнікаў і Бандарэнка былі зьбітыя і затрыманыя. На паказальных працэсах іх, таксама як і дзясяткі іншых актывістаў, асудзілі на некалькі гадоў турмы. Яна распавялі аб катаваньнях і псыхалягічным ціску, якім падвяргаліся ў турмах. Іх сем’і, сябры і калегі таксама пацярпелі ад масіраванай кампаніі перасьледу, з-за якога многія былі вымушаныя хавацца або пакінуць краіну.

Гэтыя жахі сталі поўнай нечаканасьцю для ЭЗ. Напярэдадні выбараў 2010 года эўрапейскія лідэры прыклалі шмат намаганьняў для таго, каб пераканаць рэжым Лукашэнкі дазволіць мінімум дэмакратыі ў абмен на супрацоўніцтва і дапамогу Захаду. Менск быў запрошаны да ўдзелу ва «Усходнім партнёрстве» і атрымаў абяцаньні дапамогі хісткай беларускай эканоміцы. Эўрапейскія лідэры сустракаліся з Лукашэнкам і вялі перамовы. Зрэшты, рэпрэсіі, якія пачаліся пасьля выбараў і сталі вельмі павучальнымі для Эўропы, паказалі, што ўсе гэтыя намаганьні былі бескарысныя.

Саньнікаў, Бандарэнка і некаторыя іншыя сьмелыя людзі раней папярэджвалі, што беларускі рэжым — гэта брутальная аўтакратыя, і ён будзе трымацца за ўладу ўсімі сродкамі. Ўзаемадзеяньне, дыялёг і джэнтэльмэнскія пагадненьня бескарысныя, таму што Лукашэнка і яго галаварэзы не будуць выконваць ніякія дамоўленасьці. Гэта робіць слабым мэтад, якому аддавала перавагу Эўропа, — мяккую сілу перакананьня, заснаваную на гатоўнасьці да супрацоўніцтва. У выніку ЭЗ на ўласным горкім досьведзе пераканаўся ў неабходнасьці зьмены падыходу да Беларусі.

Упершыню за шмат гадоў Эўропа атрымала некаторыя рэальныя рычагі ўзьдзеяньня на Лукашэнку і яго паслугачоў

З пачатку мінулага года Эўропа зрабіла некалькі крокаў у гэтым кірунку. Яна неадкладна асудзіла жорсткія рэпрэсіі, якія адбыліся пасьля выбараў. Затым былі пашыраныя візавыя забароны, замарожаныя актывы чыноўнікаў, якія маюць дачыненьне да падаўленьня апазыцыі. Чорны сьпіс зараз складаецца з 220 імёнаў (гэтак у тэксьце — насамрэч зараз 243 асобы. РС). Разам з гэтым ЭЗ павялічыў дапамогу пацярпелым ад палітычных рэпрэсій, дэмакратычным групам грамадзянскай супольнасьці і незалежным СМІ. Нарэшце, ЭЗ вырашыў выкарыстоўваць тое, што ён зьяўляецца ключавым напрамкам для беларускага экспарту, і ўвёў гандлёвае эмбарга супраць 32 кампаній Беларусі.

Пераход да больш жорсткай пазыцыі быў паступовым і складаным. Шмат разоў эўрапейскія нацыянальныя лідэры, якія маюць дзелавыя кантакты ў Беларусі, спрабавалі блякаваць жорсткія дзеяньні ЭЗ. Тым ня менш, тэндэнцыя навідавоку: ЭЗ рэагуе на падзеі ў Беларусі своечасова і прынцыпова, зыходзячы з выразнай пазыцыі падтрымкі дэмакратычных пераўтварэньняў у спалучэньні з пакараньнем і ізаляцыяй асоб, адказных за парушэньні правоў чалавека.

Гэты трэнд ня быў праігнараваны Лукашэнка. Спачатку ён выступаў супраць Эўропы і «закручваў гайкі» у дачыненьні да апазыцыянэраў. Затым ён спрабаваў сабатаваць палітыку ЭЗ, пераконваючы асобныя дзяржавы Зьвязу ігнараваць санкцыі і ведучы размову аб дыялёгу і вызваленьні некаторых палітвязьняў. Калі ЭЗ пацьвердзіў свае ўмовы аб вызваленьні ўсіх палітвязьняў, Лукашэнка выгнаў з Беларусі паслоў ЭЗ і Польшчы і зьвярнуўся па палітычную дапамогу да Расеі. Але Масква абмежавалася падтрымкай на словах, а эўрапейскія лідэры адклікалі сваіх паслоў і ўвялі новыя эканамічныя санкцыі.

Гэта фон, на якім у мінулыя выходныя адбылося вызваленьне Саньнікава і Бандарэнкі. Яны абодва адразу ж сказалі, што, разам з салідарнасьцю беларусаў, важным чыньнікам іх вызваленьня стаў ціск ЭЗ. Але таксама яны падкрэсьлілі, што іх выхад на свабоду — гэта невялікі крок.

ЭЗ рэагуе на падзеі ў Беларусі своечасова і прынцыпова

Эўрапейскі адказ на навіну быў асьцярожным. Вітаючы рашэньне Лукашэнкі, Брусэль зноў запатрабаваў свабоды для ўсіх астатніх вязьняў сумленьня і поўнай рэабілітацыі для тых, хто быў затрыманы і асуджаны, у тым ліку магчымасьці для іх вяртаньня ў свае дамы і на працоўныя месцы. Да таго часу, пакуль гэтыя даўнія патрабаваньні ЭЗ застаюцца нездаволенымі, няма ніякіх прычын, для палягчэньня ціску і санкцый. Самае вялікае, на што ЭЗ можа пайсьці — гэта разгледзець пытаньне вяртаньня паслоў ЭЗ і Польшчы.

ЭЗ мог бы вярнуць сваіх паслоў у Менск у залежнасьці ад вызваленьня ўсіх палітычных зьняволеных. Калі гэта адбудзецца, эўрапейскія паслы могуць вярнуцца. Далей павінна адбыцца аднаўленьне затрыманых і зьняволеных у правах, у тым ліку тых, хто зараз вымушаны знаходзіцца за мяжой.

Толькі пасьля таго, як Менск выканае гэтыя ўмовы, Эўропа можа палегчыць санкцыі і аднавіць больш шырокі палітычны дыялёг. Невыкананьне дамоўленасьцяў павінна пацягнуць за сабой далейшыя меры ЭЗ у дачыненьні да рэжыму, у першую чаргу, эканамічныя санкцыі. Упершыню за шмат гадоў Эўропа атрымала некаторыя рэальныя рычагі ўзьдзеяньня на Лукашэнку і яго паслугачоў. Нельга дапусьціць, каб гэтая цяжкая праца і імпульс прайшлі марна.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG