Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чэскі парлямэнт у гэтыя дні прадставіў сваю галерэю творам сучаснага беларускага мастацтва. Дыпляматычны канфлікт прыцяніла элегантная культурная падзея, ініцыятыва якой зыходзіла з чэскага боку.

Чэскі пасол у Менску Іржы Карас нядаўна стаў першым і адзіным сярод дыпляматаў ганаровым сябрам беларускага Саюзу мастакоў. Так творчы саюз адзначыў вялікія культурніцкія ініцыятывы пасла, які адчыніў дзьверы сваёй амбасады беларускаму мастацтву. Так, толькі цягам аднаго году чэскае пасольства ў Менску правяло ў сваіх сьценах 22 выставы — амаль дзьве за кожны месяц.

Праская выстава «Душа Беларусі», якая адчынілася сёньня, таксама стала магчымай дзякуючы намаганьням пасла, які быў вымушаны пакінуць Менск у выніку дыпляматычнага канфлікту Беларусі з Эўразьвязам.


Менавіта ў кулюарах пасьля адкрыцьця спадар Карас сказаў «Свабодзе», што зьбіраецца назад у Беларусь у бліжэйшую пятніцу: «Там ужо частка майго жыцьця, маёй душы. Я люблю Беларусь, паверце мне!»


Іржы Карас і Васіль Марковіч

Як заўважыў пасол, зь першых дзён сваёй дыпляматычнай місіі , ён зразумеў, што «беларусы гэта не рускія». Гэтае сьцвярджэньне Іржы Карас пацьвердзіў і дасьведчанымі экскурсамі у гісторыю. Яго беларускі калега Васіль Марковіч, які Прагі не пакідаў, выступіў з прывітальным словам па-чэску.

Выстава сабрала чатыры дзесяткі працаў вядомых беларускіх клясікаў і майстроў сярэдняга пакаленьня.

Паказаць беларускую душу пакліканыя літаграфіі Арлена Кашкурэвіча, Георгія Паплаўскага і Васіля Шаранговіча, пэйзажы Канстанціна Качана, Анатоля Бараноўскага, Ігара Бархаткова, нацюрморты Аляксандра Канавалава, Алены Бархатковай, Уладзіміра Хадаровіча і інш.


Ігар Бархаткоў

Куратарка выставы Аксана Аракчэева прывезла ня толькі свой партрэт арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, але і працу свайго бацькі 1968 году «Касьцёл у Крывічах».


Скульптурная частка выставы выглядае вельмі дынамічнай дзякуючы працам Сяргея Бандарэнкі і Яўгена Колчава. Бандарэнка са сваёй любімай конскай тэматыкі паказвае, напрыклад, дэтальна прапрацаваную конную скульптуру легендарнага «Усяслава Чарадзея».


Візітоўкай Колчава сталі яго лятучыя «Барзыя».


Выстава будзе даступная ў асноўным чэскім парлямэнтарам і палітыкам. Пасьля адкрыцьця ў Празе памятнай дошкі і помніка Францішку Скарыну яшчэ ў мінулым стагодзьдзі яе можна лічыць найбольш маштабным культурным пасланьнем Беларусі такой праслаўленай эўрапейскай сталіцы як Прага.
  • 16x9 Image

    Алена Ціхановіч

    Родам з Койданава, ці Дзяржынску. У раньнія 90-я пачала супрацоўніць са «Свабодай», вэтэраны якой абралі яе пазьней «голасам радыё».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG