Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыхільнікі Цімашэнкі заблякавалі трыбуну ў Вярхоўнай Радзе


Дэпутаты фракцыі «БЮТ-Батьківщина» заблякавалі трыбуну ў Вярхоўнай Радзе Ўкраіны пасьля таго, як стала вядома, што Юлія Цімашэнка пачала галадоўку.

Як перадае карэспандэнт УНІАН, народны дэпутат Украіны Сяргей Пашынскі (фракцыя «БЮТ-Батьківщина») заявіў: «Мы будзем блякаваць трыбуну парлямэнту ў самай жорсткай форме, пакуль нашыя патрабаваньні ня будуць выкананыя».

Ён нагадаў, што апазыцыя патрабуе заслухаць ў Вярхоўнай Радзе інфармацыю генэральнага пракурора Віктара Пшонкі, кіраўніка Дзяржаўнай пэнітэнцыярнай службы Ўкраіны Аляксандра Лісіцкова, а таксама дапусьціць народных дэпутатаў Украіны, у тым ліку і прадстаўнікоў Партыі рэгіёнаў, і лекараў да Юліі Цімашэнкі, якая адбывае пакараньне ў калёніі.

На рэпліку журналістаў, што старшыня Вярхоўнай Рады Ўладзімер Літвін можа весьці вячэрняе пасяджэньне парлямэнту, нягледзячы на знаходжаньне апазыцыянэраў каля трыбуны, Пашынскі сказаў, што гэта магчыма, калі дэпутаты ад большасьці «выкарыстоўваюць свой вопыт і колькасную перавагу і проста нас адтуль вынесуць на насілках» .

«Мы не разблякуем парлямэнт, пакуль ня будуць выкананыя нашы патрабаваньні», — падкрэсьліў ён.

Раней сёньня адвакат экс-прэм’ера Сяргей Уласенка на брыфінгу пад сьценамі калёніі пасьля сустрэчы з Юліяй Цімашэнкай заявіў аб зьбіцьці яго падабароннай у Качаноўскі папраўчай калёніі. Пракуратура Харкаўскай вобласьці прызнае, што Цімашэнку даставілі ў шпіталь гвалтам, але адмаўляе, што зьняволеную пры гэтым зьбілі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG