Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд над былым прэзыдэнтам: упершыню пасьля Нюрнбэргу


Калі ў дачыненьні да былога прэзыдэнта Лібэрыі Чарльза Тэйлара будзе вынесены прысуд — ён будзе першым былым кіраўніком дзяржавы, асуджаным міжнародным судом з моманту Нюрэнбэргскага працэсу.

Як піша The Economist, 26 красавіка Адмысловы суд ААН па Сьера-Леонэ вынесе гістарычнае судовае рашэньне, выносячы вэрдыкт у дачыненьні да Чарльза Тэйлара, былога прэзыдэнта Лібэрыі. Ён абвінавачваецца ў распальваньні дзесяцігадовай грамадзянскай вайны ў суседняй Сьера-Леонэ ў 1990-х гадах і, сярод іншага, прадстаўленьні групе паўстанцаў зброі у абмен на «крывавыя дыямэнты». Шасьцёра з лідэраў паўстанцаў ужо былі асуджаныя да турэмнага зьняволеньня на тэрмін ад 25 да 52 гадоў.

Якім бы ня быў вэрдыкт у складаным і непрадказальным рашэньні суду, яно зьяўляецца важнай падзеяй у гісторыі 20-гадовай трансфармацыі міжнароднага крымінальнага правасудзьдзя. У адносінах да такога кшталту злачынцаў міжнароднае права не прадугледжвае тэрміну даўніны альбо зьняцьця судовай адказнасьці з прычыны старога ўзросту абвінавачанага. Гэта павінна прымусіць дыктатараў і палявых камандзіраў асьцерагацца, ўсюды, і асабліва ў Афрыцы, дзе гэтак шмат зроблена маштабных злачынстваў у апошнія дзесяцігодзьдзі.

The Economist адзначае, што на працягу больш як паўстагодзьдзя адзіным кіраўніком дзяржавы, асуджаным паводле рашэньня міжнароднага суду, можна было лічыць Карла Дзеніца, які кароткі час быў фармальным кіраўніком Нямеччыны пасьля самазабойства Гітлера. Ён быў асуджаны Нюрнбэрскім трыбуналам на 10 гадоў. Але ў апошнія 13 гадоў міжнародныя суды падверглі перасьледу пяць кіраўнікоў дзяржаваў, зь іх чатырох — з Афрыкі. Аднак ніводзін з гэтых перасьледаў ня меў вынікам судовы прысуд. Слабадан Мілошавіч, прэзыдэнт былой Югаславіі, памёр у 2006 годзе ў часе судовага разьбіральніцтва.

Паўстанцы забілі лідэра Лібіі Муамара Кадафі ў кастрычніку 2011-га, праз чатыры месяцы пасьля таго, як Міжнародны крымінальны суд выдаў ордэр на ягоны арышт. Міжнародны крымінальны суд таксама выставіў абвінавачваньне прэзыдэнта Судану Амару аль-Башару за зьверствы ў Дарфуры. Ларан Гбагбо, былы прэзыдэнт Кот-д’Івуару, паўстане перад судом у чэрвені.

Павялічваюцца спадзяваньні, што Хісэна Хабрэ, былы тыранічны кіраўнік Чаду, можа нарэшце быць прыцягнуты да адказнасьці праз 22 гады пасьля ягоных ўцёкаў ў Сенегал, пасьля таго, як ягоны абаронца ад судовага перасьледу, прэзыдэнт Абдулай Вадэ, пацярпеў паразу на выбарах у мінулым месяцы. Некаторыя краіны судзілі сваіх былых кіраўнікоў, але не праз міжнародны трыбунал. Так, у Іраку ў 2006 годзе быў асуджаны да сьмяротнага пакараньня Садам Хусэйн. У Эгіпце ідзе судовы працэс над Хосьні Мубаракам, які кіраваў краінай тры дзесяцігодзьдзі.

Былы кіраўнік на лаве падсудных — усё яшчэ рэдкая зьява для афрыканскіх краінаў. Магчыма, таму, што цяперашнія кіраўнікі засьцерагаюцца стварэньня прэцэдэнту — на выпадак, калі прыйдзе іх чарга

Але былы кіраўнік на лаве падсудных — усё яшчэ рэдкая зьява для афрыканскіх краінаў. Магчыма, таму, што цяперашнія кіраўнікі засьцерагаюцца стварэньня прэцэдэнту — на выпадак, калі прыйдзе іх чарга. За апошнія 10 гадоў функцыі судовага перасьледу ў большай ступені ўскладаліся на Міжнародны крымінальны суд, але ён быў заснаваны як суд апошняй інстанцыі. Статут прадугледжвае, што ягоная кампэтэнцыя распаўсюджваецца на перасьлед за жорсткія злачынствы толькі тады, калі краіна сама «не жадае альбо ня можа» ажыцьцявіць судовы працэс. Ён бярэ да разгляду справы, ініцыяваныя альбо дзяржавамі-членамі, у якіх меркаваныя злачынствы мелі месца, альбо Радай Бясьпекі ААН. Галоўны пракурор можа пачаць расьсьледаваньне з ўласнай ініцыятывы, але толькі пасьля зацьвярджэньня членаў суда. Не дапускаецца расьсьледаваньне злачынстваў, зьдзейсьненых да ўтварэньня суду, гэта значыць да 2002 году, піша The Economist.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG