Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кітай моцна трасе велізарны крымінальна-карупцыйны скандал.

Справа пачалася ў лістападзе летась, калі ў гатэлі кітайскага гораду Чунцін быў знойдзены мёртвы брытанскі бізнэсмэн Нэйл Хэйвуд. Тады ў мясцовы народ пайшла чутка, што брытанец памёр ад перапою. Але некаторым гэтае тлумачэньне падалося дзіўным, бо Хэйвуд — як сьцьвярджае амэрыканскі журналіст і экспэрт па Кітаі Нікалас Крыстаф — рэдка выпіваў.

Потым у амэрыканскім консульстве ў горадзе Чэнду папрасіў прытулку Ван Ліцзюнь, намесьнік мера Чунціну, які быў правай рукой кіраўніка гарадзкой партарганізацыі і надзвычай папулярнага палітыка агульнанацыянальнага маштабу Бо Сілая. Кажуць, нібыта Ван Ліцзуню ўдалося перабегчы да амэрыканцаў, калі ён пераапрануўся старой жанчынай.

Пасьля гэтага Бо Сілая зьнялі з пасады кіраўніка партарганізацыі ў Чунціне. Гэта была нечаканасьць для ўсёй краіны, паколькі кітайскія СМІ пазыцыянавалі Бо Сілая да гэтай пары як непахіснага змагара з карупцыяй у сваім горадзе і абаронцу кітайскіх нацыянальных інтарэсаў (Бо Сілай быў таксама міністрам гандлю ў 2004-2007 гг.). За часы кіраўніцтва Бо Сілая ў Чунціне былі арыштаваныя больш як 2 тысячы чалавек па падазрэньні ў карупцыі, большасьць зь іх былі асуджаныя, а некаторыя зь іх — да сьмяротнага пакараньня. Бо Сілай творча выкарыстоўваў практыку культурнай рэвалюцыі старшыні Мао ў сваёй палітычнай дзейнасьці, арганізуючы «чырвоныя паходы» і сьпяваньне рэвалюцыйных песьняў ды выступаючы, прынамсі на словах, за зьмяншэньне разрыву ва ўзроўні эканамічнага дабрабыту ў краіне.

Брытанскі бізнэсмэн Нэйл Хэйвуд

Брытанскі бізнэсмэн Нэйл Хэйвуд

Але сапраўдны шок чакаў кітайцаў у гэтым месяцы, калі кітайская паліцыя арыштавала жонку Бо Сілая, Гу Кайлай, якую, разам зь яе ахоўнікам, падазраюць у забойстве брытанскага бізнэсмэна. Паводле чутак, якія згадвае Нікалас Крыстаф у International Herald Tribune, Гу Кайлай выводзіла з краіны грошы пры дапамозе Нэйла Хэйвуда, і яны нібыта паспрачаліся аб аплаце гэтай паслугі, што каштавала брытанцу жыцьця. Пра гэта нібыта расказаў амэрыканцам перабежчык, Ван Ліцзунь.

Няясна, ці быў замяшаны ў забойства Хэйвуда Бо Сілай, якога таксама арыштавалі, але падаецца амаль пэўным, што ён ведаў пра схему вываду грошай, якую ажыцьцяўляла ягоная жонка. У некаторых кітайскіх СМІ зьявіліся пытаньні, якім чынам Бо Сілай, які атрымліваў невялікую дзяржаўную зарплату, здолеў аплачваць навучаньне свайго сына ў элітнай брытанскай школе бізнэсу і купляць яму такія аўтамашыны як «фэрары» і «поршэ». Бо Сілая выключылі з Палітбюро і Цэнтральнага камітэту Кампартыі Кітаю. Ягоная бліскучая дзяржаўная кар’ера, як падаецца, на гэтым і закончылася. Калі яму дакажуць сувязі з карупцыйнымі схемамі, яго могуць нават засудзіць на сьмерць.

Увесь гэты скандал разыгрываецца на фоне падрыхтоўкі да сёлетняй зьмены кіраўніцтва Кітаю. Як мяркуецца, цяперашні кіраўнік краіны Ху Цзіньтао перадасьць уладу Сі Цзіньпіну, які разглядаецца экспэртамі як чалавек больш схільны да лібэралізацыі эканамічнага і палітычнага жыцьця краіны, чым Ху Цзіньтао.



"Без камуністычнай партыі не было б новага Кітаю" - песьня, напісаная ў 1943, дагэтуль папулярная ў Кітаі.

Магчымасьць, што Кітай чакаюць значныя зьмены разам са зьменай палітычнага кіраўніцтва, падаграваюць і штораз часьцейшыя паведамленьні ў кітайскай дзяржаўнай прэсе аб памерах карупцыі сярод вышэйшага эшалёну чыноўнікаў і афіцыйных асобаў. Напрыклад, аднаму высокаму чыноўніку ў структурах кітайскай чыгункі ўдалося ўкрасьці зь дзяржаўнай казны і вывесьці за мяжу 2,8 мільярда даляраў. Паводле афіцыйнага дакладу Цэнтральнага банку Кітаю, зь Кітаю зьбеглі каля 18 тысяч карумпаваных чыноўнікаў, прыхапіўшы з сабою 120 мільярдаў даляраў (па 7 мільёнаў на чалавека).

Як кажуць, абсалютная ўлада нараджае абсалютную карупцыю. Нікалас Крыстаф называе памеры карупцыі ў Кітаі «ашаламляльнымі». І прыгадвае, што ў кітайскай мове словы «ўлада» (цань) і «грошы» (цянь) гучаць вельмі падобна...

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG