Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея: ад галадоўшчыка да дэпутата парлямэнту


Былы кандыдат у мэры Астрахані Алег Шэін спыніў галадоўку. Алег Шэін і яго паплечнікі па партыі «Справядлівая Расея» абвясьцілі галадоўку 16 сакавіка, патрабуючы скасаваньня вынікаў выбараў мэра, якія, як яны перакананыя, прайшлі з парушэньнямі, што дазволіла перамагчы кандыдату пракрамлёўскай партыі «Адзіная Расея».

Галадоўка Шэіна з падзеі лякальнага маштабу хутка набыла агульнанацыянальны розгалас — пра яе былі вымушаныя казаць і цэнтральныя маскоўскія тэлеканалы, якія звычайна абыходзяць маўчаньнем акцыі апазыцыі ня толькі ў рэгіёнах, але і ў сталіцы Расеі. Галадоўка была тэмай абмеркаваньня падчас звароту прэм’ер-міністра Ўладзімера Пуціна да дэпутатаў расійскага парлямэнту. Члены ЦВК некалькі дзён былі вымушаныя вывучаць прадстаўленыя Шэіным відэазапісы з выбарчых участкаў у момант галасаваньня.

Сёньня стала вядома, што Шэін неўзабаве можа зрабіцца дэпутатам расейскага парлямэнту — адзін з дэпутатаў Дзярждумы з фракцыі «Справядлівая Расія» Васіль Швяцоў, абраны ад Чалябінскай вобласьці, гатовы саступіць яму свой мандат. Як заявіў Швяцоў газэце «Коммерсант», для гэтага спатрэбіцца прыняць папраўкі, якія дазволяць кіраўніцтву партыі самастойна вызначаць, хто са сьпісу кандыдатаў павінен атрымаць вакантны мандат. Адпаведны законапраект, вылучаны прадстаўнікамі ўсіх чатырох фракцый, пакуль ухвалены толькі ў першым чытаньні.

Напярэдадні Шэін паведаміў, што ад сёньняшняга дня спыняе галадоўку.

У інтэрвію Радыё Свабода Алег Шэін заявіў, што ўпэўнены: галадоўка дасягнула першапачатковых мэтаў.:

Шэін: На мінулым тыдні Ўладзімер Чураў (старшыня расейскага ЦВК — рэд.) заявіў, што закон быў парушаны ў Астрахані на 129 выбарчых участках з 203. Гэта больш чым дастаткова дзеля таго, каб мы адчувалі сябе ўпэўнена ў судзе. Уладзімір Лукін, амбудсмэн Расіі, сказаў, што мы, безумоўна, выйграем суд. Пра гэта ж напісала 23 красавіка «Независимая гезета», якая, як вядома, досыць шчыльна працуе з коламі ў органах улады РФ. Таму, безумоўна, рашэньне будзе вынесена на нашу карысьць.

Карэспандэнт: Для вас асабіста ў чым вынік гэтай кампаніі, гэтай галадоўкі? Што яна вам асабіста дала?

Шэін: Я не чакаў такой рэакцыі салідарнасьці, адзінства, згуртаванасьці з боку людзей — як у Астрахані, гэтак і па краіне. Мой родны горад гэта ускалыхнула. Людзі зразумелі, што яны не адзінокія, людзі пачынаюць паводзіць сябе больш адважна. У першую чаргу гэта, вядома, чарговы крок — пасьля Хімкінскага лесу, праспэкту Сахарава, Балотнай плошчы, — да таго, каб у нашай краіне сфармавалася грамадзянская супольнасьць. Я ў сваю чаргу гатовы заўсёды прыйсьці на дапамогу тым, каму будзе цяжка ў іншых рэгіёнах.
XS
SM
MD
LG