Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці варта беларусам адмовіцца ад літаратурнай мовы на карысьць трасянкі? Ці мае права Расея называцца «старэйшым братам» Беларусі і Ўкраіны? Хто стварыў міт пра «древнерусскую народность»? Разважае старшыня Таварыства беларускай мовы, гісторык і археоляг Алег Трусаў.

Абламейка: На мінулым тыдні кіраўнік сайту «Западная Русь» Ігар Зелянкоўскі заявіў, што беларусы належаць да вялікай рускай цывілізацыі, што ў іх дзьве мовы — расейская і беларуская, і што беларускай мове быў нанесены значны ўдар падчас беларусізацыяў 20-х і 90-х гадоў, у яе тады трапіла шмат польскіх словаў, і таму народ ня хоча на ёй гаварыць. Зелянкоўскі сказаў, што сапраўдная беларуская мова — гэта трасянка, і, маўляў, беларусы павінны адмовіцца ад літаратурнай мовы і перайсьці на трасянку. Давайце па парадку. Ці сапраўды беларускі народ ня хоча гаварыць на літаратурнай беларускай мове таму, што ў 20-я гады ў яе трапілі нейкія палянізмы? Здаецца, што і да 20-х гадоў газэты выходзілі на той самай мове, што і ў 20-я.

Трусаў: У любым этнасе на літаратурнай мове размаўляе толькі эліта. Няма такога народу, які б увесь размаўляў на літаратурнай мове. У суседняй Расеі жыхары Волагды наўрад ці зразумеюць жыхароў Разані, ад гэтага расейская мова ня зьнікла. Любая літаратурная мова — штучная, яна ствараецца элітай. Напрыклад, старабеларускую мову стварылі ў 13-15 стагодзьдзі, новабеларускую стварылі ў канцы 19-пачатку 20, а новая руская мова створаная ў пачатку 19-га.

Абламейка: «Западнарусы» сьцьвярджаюць, што рускі народ — трыадзіны і складаецца, з расейцаў, украінцаў і беларусаў. А як з пункту гледжаньня навукі? Наколькі важныя аргумэнты мовазнаўцаў, этнографаў, антраполягаў і гісторыкаў наконт гістарычнай самастойнасьці беларускага народу?
Расейцы - самы неславянскі з трох народаў

Трусаў: Гістарычная самастойнасьць даказаная яшчэ ў 19 ст., і пра гэта сьведчыць расейскі перапіс 1897 году, дзе ўпершыню была ўведзеная нацыянальнасьць «беларус». Дарэчы, дзякуючы тым жа «заходнерусам» на чале з Карскім. Так што расейцы прызналі нас за народ у канцы 19 ст., і пасьля гэтага нічога не зьмянілася — больш за тое, за гэтыя 100 гадоў нашы адрозьненьні ад расейцаў, асабліва ў апошнія 20 год, значна вырасьлі, паколькі мы зноў аднавілі сваю незалежнасьць.

Абламейка: А калі браць 13-15-16 стагодзьдзі — як суадносіліся гэтыя тры часткі «трыадзінага» народу?

Трусаў: Тут «заходнерусы» трохі не дамоўліваюць: спачатку было ня 3, а 4 часткі. Быў яшчэ наўгародзкі народ, славянскі, які меў сваю дзяржаву, што называлася «Гаспадзін вялікі Ноўгарад». Там была свая мова. свая пісьмовасьць на берасьцяных граматах, і пакуль маскавіты ня зьнішчылі гэты народ, то было чатыры.

А потым маскавіты ўзяліся за суседзяў. І асабліва вялікія намаганьні па зьнішчэньні ўкраінцаў і беларусаў былі зробленыя ў 19 ст., тады і была прыдуманая гэтая тэорыя пра «тры народы — тры браты». Чамусьці расейцы ўзялі сабе тытул старэйшага брата, хаця найстарэйшыя — украінцы, потым ідуць беларусы, а расейцы пачалі фармавацца толькі ў 12 стагодзьдзі. Калі ўкраінцы пачалі фармавацца ў 9-10, беларусы ў 10-11, то расейцы — самы малады з трох народаў. Больш за тое: ён самы неславянскі з трох народаў, і фарміраваўся ён на базе фіна-угорскага субстрату, а потым — 250 год залатой арды. Так што гаварыць аб іхным славянстве можна ў нейкай ступені ўмоўна.

Абламейка: Тэорыя пра трыадзіны рускі народ атрымала навуковыя абгрунтаваньні ў 19 стагодзьдзі, дык сёньняшнія западнарусы выкарыстоўваюць аргумэнты 19 ст.?

Трусаў: Ня толькі. Гэта тэорыя была адноўленая сталінскімі гісторыкамі ў канцы 30-х, і асабліва ў канцы 40-пачатку 50-х гадоў. Бо Ленін спачатку гэтую тэорыю адкінуў як варожую. Ленін з Троцкім заяўлялі аб вялікадзяржаўным шавінізьме, пачалі беларусізацыю і ўкраінізацыю, а калі да ўлады прыйшоў Сталін, пачалося вяртаньне ды «трыадзінага народу», і менавіта сталінскія гісторыкі прыдумалі тое, чаго не прыдумалі заходнерусы: так званую міфічную «древнерусскую народность». І росквіт гэтага міту — 48-50 гады. Пры Сталіне і далей у савецкай гістарыяграфіі гэтае «трыадзінства» ўзмацнілася і было ўбітае ў галовы кожнага савецкага чалавека.

«Заходнерусы» — гэта маргіналы, невялічкія групы людзей, якія настальгуюць па рускім імпэрыялізьме, у Беларусі іх адзінкі. А вось у «вялікай і недзялімай» іх не адзінкі, там на чале з Пуціным цэлая плынь адраджэньня расейскага імпэрыялізму, так што там сілы моцныя.

Слухаць гутарку цалкам:

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG