Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вядомы беларускі фізык-ядзершчык Ягор Фядзюшын сёньня жыве і працуе ў Канадзе, дзе займаецца пытаньнямі экалёгіі і прадстаўляе рэгіянальнае аддзяленьне зарэгістраванай ў Беларусі Міжнароднай акадэміі інфармацыйных тэхналёгіяў. Пасьля таго як Менск аб’явіў пра будаўніцтва ў краіне АЭС, ён ініцыяваў стварэньне аргкамітэту «Навукоўцы за бязьядзерную Беларусь».

— Вядома, што падчас чарнобыльскіх падзеяў вы працавалі ў навукова-дасьледчым інстытуце энэргетычных і ядзерных дасьледаваньняў «Сосны» пад Менскам.

Я працаваў у Соснах ад 1965 да 1997 году. У 1960 — 1970-я прафэсія фізыка-ядзершчыка была вельмі папулярнай і прэстыжнай. Мы ўсе верылі ў перамогу «мірнага атаму», працавалі, як «зьвяры», рызыкавалі здароўем, ведаючы, што атрымліваем высокую дозу радыяцыі. Галоўнае для нас быў экспэрымэнт. Сваю дысэртацыю я рабіў на падставе выпрабаваньняў унутры рэактару. Гэта было вымярэньне хуткасьці карозіі ў агрэсіўным асяродку ва ўмовах апраменьваньня. Потым маю працу цытавалі і ў нас, і за мяжой. Тады амаль нічога ня ведалі пра аварыі, якія адбываліся ў іншых кутках СССР. Усё гэта трымалася ў сакрэце. Толькі цяпер я чытаю тое, пра што мусіў ведаць тады — пра той жа Сяміпалацінск, напрыклад. Калі б можна было замаўчаць Чарнобыль, дык так бы і зрабілі. Але не атрымалася — быў ужо іншы час.

— Кажуць, што пра падзеі 26-гадовай даўніны большасьць з тагачасных супрацоўнікаў «Соснаў» даведаліся ўжо пасьля выходных, у панядзелак, 28 красавіка.
Будаваць АЭС ва ўмовах Беларусі, дзе няма ані кадраў, ані адпаведнай прамысловасьці — гэта вялікая небясьпека.

Так, калі пасьля выходных прыйшлі на працу. Усе прылады зашкальвалі. Мы пачалі шукаць праблемы ўнутры рэактару. Нарэшце з Масквы пазваніў дырэктар інстытуту Васіль Несьцярэнка, які ўжо быў там. Сказаў, што гэта ня ў нас, а па суседзтве, ва Ўкраіне. Чарнобыль стаў тым сыгналам, як і прымусіў мяне і маіх калегаў над многім задумацца. Потым на агульным акадэмічным сходзе я сказаў, што як ядзершчыкі мы нясём адказнасьць за тое, што чагосьці не дагледзелі, не разьлічылі, што ўсе нашы «сьвяцілы» на чале з прэзыдэнтам АН акадэмікам Аляксандравым сьцьвярджалі, што такія АЭС можна будаваць ледзь не на Чырвонай плошчы ў Маскве. Настолькі ў іх высокія гарантыі бясьпекі, што няма праблемаў. Але ж праблемы здарыліся. Іх ніхто не плянаваў. Сёньня я лічу, што будаваць АЭС ва ўмовах Беларусі, дзе няма ані кадраў, ані адпаведнай прамысловасьці — гэта вялікая небясьпека.

— Ці залежыць ступень небясьпекі ад тых, хто гэтую АЭС будуе? Скажам, калі яе пабудуюць французы або японцы, у яе будуць больш высокія гарантыі?

Абсалютна не залежыць. Хіба што такая расейская рыса як расхлябанасьць сапраўды можа павялічыць долю рызыкі. Аднак, узгадаем аварыю на Фукусіме. Любы тэхналягічна складаны аб’ект рана ці позна дае нейкі збой у сотай, тысячнай, мільённай ці нават першай сэрыі. Па-другое, ніколі ня трэба выключаць чалавечы фактар. Працэсам кіруюць людзі, кампутары. Чарнобыль сыгналізаваў чалавеку, што трэба мяняць сваё стаўленьне, сваю ідэалёгію і псыхалёгію. Трэба думаць, дзеля чаго мы жывем і навошта. Элемэнтарна задумвацца, чаго каштуе для нашчадкаў кожная электрычная разэтка. Трэба, нарэшце, думаць пра ўсю плянэту. Напрыклад, што тычыцца некантраляваных выкідаў кожнай АЭС на Зямлі. У канструкцыі тых жа ЦВЭЛаў (цеплавыдзяляльны элемэнт або галоўны элемэнт ядзернага рэактару) зь верагоднасьцю ў 0,1% прадугледжаны варыянт негермэтычнасьці. У выніку празь некаторы час рэактар пачынае выкідваць вялікую колькасьць самых розных газаў, сярод якіх той жа крыптон-85. У параўнаньні зь іншымі газамі ён хутчэй назапашваецца. А таксама мае больш высокі пэрыяд паўраспаду, дзесьці 10,5 гадоў. У выніку на Зямлі павялічылася частата маланак, цунамі, тарнада. Гэта ўсё сьледзтва чалавечай дзейнасьці.

— Вы недзе выказваліся, што ў Беларусі маецца 40% так званых залішніх магутнасьцяў ад ужо пабудаваных ЦЭС і што пры іх мадэрнізацыі, пры пераводзе на новы цыкль іх можна выкарыстоўваць у якасьці альтэрнатывы АЭС.
Ядзерная залежнасьць куды больш вялікая, чым паліўная.

Так, гэта было б разоў у 10 разоў таньней, чым будаўніцтва АЭС, ды акупілася цягам двух-трох гадоў. Што да АЭС, то гэты праект трэба будаваць найменей 10 гадоў. Думаю, што да 2017 яго ня зробяць. Як бы пра гэта не трубілі. Будаўніцтва АЭС у Беларусі можна параўнаць з такім літаратурным выразам як «боты ўсьмятку», то бок надзвычайным вар’яцтвам, якое ідзе ад недахопу розуму ды адукаванасьці. А таксама ад добрага разьліку інкарпараваць Беларусь у Расею, зрабіць яе цалкам залежнай. Бо ядзерная залежнасьць куды больш вялікая, чым паліўная. Там можна замяніць партнэраў. А вось з адбудаванай ядзернай энэргетыкай, калі трэба замяняць ЦВЭЛы, усё вельмі складана. Ты павязаны з Расеяй ланцугамі. Мы мусім думаць ня толькі пра Беларусь, але і пра ўсю плянэту. Наша тэхнагеннае ўзьдзеяньне на іншыя рэгіёны можа быць вельмі і вельмі сур’ёзным.

— 26 красавіка ў розных краінах сьвету, у тым ліку і ў Канадзе, праходзяць розныя чарнобыльскія акцыі. У Беларусі апошнім часам яны не такія масавыя, як раней. Вы бралі ўдзел у першых чарнобыльскіх маршах. Які зь іх вы найчасьцей узгадваеце?

Гэта было ў 1996 годзе, калі мы ішлі ў калёне «Чарнобыльскага шляху» побач з Генадзем Карпенкам, тады намесьнікам старшыні Вярхоўнага Савету Беларусі. Карпенка быў маім вучнем, працаваў у маім аддзеле ў інстытуце, там жа пісаў і кандыдацкую, а кіраўніком у яго быў Васіль Несьцярэнка. Потым Карпенка, ня ўбачыўшы пэрспэктываў у беларускай ядзернай энэргетыцы, перайшоў у парашковую мэталюргію. І вось тады ў калёне Гена Карпенка сказаў мне словы, якія я часта ў новым кантэксьце ўзгадваю і цяпер: «На Беларусь зваліліся такія беды як вайна, Чарнобыль, а вось цяпер яшчэ і Лукашэнка. Наступствы апошняй бяды мы будзем адчуваць доўга». Справа ў тым, што пры Лукашэнку выхавалася ўжо новае пакаленьне. Вось, напрыклад, апошняя характэрная для часу песьня " Я из деревни«. Многія лічаць гэта поўным ідыятызмам, а прэзыдэнт успрымае сур’ёзна: маўляў, такія песьні трэба пісаць. Я веру, што дзяўчынка, якае сьпявае, робіць гэта шчыра. Тое ж самае і настаўнік музыкі. Такая шчырасьць ідзе ад затлумленасьці, ад запалоханасьці. Аднак гэта поўнае «ку-ку». Вось гэтая справа Лукашэнкі, гэтае абалваньваньне куды больш жахлівыя за АЭС.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG