Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі ўрад зьбіраецца перакрыць доступ на рынак Мытнага зьвязу патрыманых аўтамабіляў, увёўшы адмысловы утылізацыйны збор. Такі збор можа быць уведзены і для новых аўтамабіляў, што прывядзе да чарговага падвышэньня коштаў і больш глыбокага падзеньня беларускага рынку.

Паведамляючы пра гэта, інтэрнэт-выданьне naviny.by цытуе меркаваньне старшыні праўленьня Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі Сяргея Міхневіча: «Пасьля ўступленьня Расеі ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю пошліны на ўвоз аўтамабіляў, як чакаецца, зьнізяцца на 5%, але пры гэтым дададуцца 5% ці 15% у выглядзе ўтылізацыйнага збору. А гэта значыць, што кошты зноў вырастуць. Але цяпер мы можам толькі здагадвацца, што будзе ў выніку. Аўтадылеры ізноў патрапілі ў сытуацыю нявызначанасьці », - падкрэсьліў Сяргей Міхневіч.

Як адзначаюць экспэрты, на самой справе Расея імкнецца перш за ўсё абараніць свой уласны рынак і свае фінансавыя інтарэсы. У другой палове сёлетняга году чакаецца ўступленьне Расеі ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю. Паводле ацэнак аналітыкаў, уступленьне ў УГА прывядзе да зьніжэньня ставак мытных пошлін на новыя аўто з 30% да 25%. Але расейскія ўлады ня хочуць губляць грошы, таму шукаюць варыянты кампэнсаваць свае страты. Увядзеньне утылізацыйнага збору — адзін з магчымых кампэнсацыйных мэханізмаў​, адзначаюць naviny.by.
XS
SM
MD
LG