Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭЗ замарожвае сытуацыю?


У Люксэмбургу на пасяджэньні Рады міністраў замежных спраў 27 краін Эўразьвязу адбыўся кароткі абмен думкамі па сытуацыі ў Беларусі. Ніякіх рашэньняў адносна Беларусі не прымалася.

Міністры абмяняліся меркаваньнямі наконт апошніх падзеяў — у прыватнасьці, вызваленьня двух палітвязьняў, Андрэя Саньнікава і Зьмітра Бандарэнкі. Эўразьвяз заклікае безумоўна вызваліць і аднавіць у правах усіх палітзьняволеных. Падчас сустрэчы не абмяркоўвалася пытаньне адносна вяртаньня амбасадараў ЭЗ у Менск. У інтэрвію РИА Новости міністар замежных спраў Швэцыі Карл Більт сказаў, што ЭЗ чакае першага кроку ў гэтым пытаньні ад афіцыйнага Менску. Паводле беларускіх праваабаронцаў, у беларускіх турмах застаюцца 13 палітвязьняў.

Камэнтуючы сёньняшні абмен думкамі на пасяджэнні Рады міністраў краін ЭЗ, лідэр руху «За свабоду» Аляксандар Мілінкевіч адзначыў, што цяпер паміж Менскам і Брусэлем адбываецца абмен дыпляматычнымі пасланьнямі:

«І калі Менск вызваліў двух палітвязьняў, то натуральна, што ЭЗ не працягвае эскаляцыю палітыкі „вока за вока“ і ЭЗ не павялічвае колькасьць людзей, якія падпадаюць пад кропкавыя эканамічныя санкцыі. Гэта натуральна, разумна. Але, зноў жа, адмяняць санкцыі толькі таму, што частка палітвязьняў выйшла, ЭЗ напэўна ня будзе. А проста замарожвае сытуацыю і чакае далейшых крокаў ад беларускага кіраўніцтва. Бо прынцып застаецца той жа, і ЭЗ ад яго не адмовіцца: усе палітвязьні павінны быць вызваленыя. Таму для мяне гэта чаканая рэакцыя міністраў замежных спраў краінаў ЭЗ».

Мэтадоляг Уладзімер Мацкевіч лічыць, што немагчыма ставіць у парадак дня такіх высокіх сходаў пытаньні, якія не скранаюцца зь месца і ня маюць вырашэньня.

«Зараз кіраўнікі ЭЗ сказалі ўсё, што мелі сказаць, пазначылі ўсё, што мелі пазначыць. Пазыцыя досыць ясная і канструктыўная. І зараз беларускі бок павінен зрабіць свае крокі, а ён ня робіць. І ў гэтым сэнсе палітыкам ЭЗ няма чаго абмяркоўваць. Проста трэба было пазначыць, што пытаньне пад кантролем, ніхто не забыўся пра Беларусь. Але ж паколькі зь беларускага боку няма ніякіх крокаў і захадаў, то абмяркоўваць няма чаго. Мяняць пазыцыю ЭЗ ня будзе, як бы ні спадзяваўся на гэта сёньняшні беларускі рэжым. Ужо пазыцыя ЭЗ настолькі вызначаная і простая, што там няма чаго мяняць».

Рэдактарка сайту Хартыя 97 Натальля Радзіна лічыць, што краіны Эўразьвязу паводзяць сябе лягічна.ЭЗ заняў цяпер тактыку чаканьня, паколькі былі вызваленыя Саньнікаў і Бандарэнка:

«Лукашэнку даецца шанец і час, каб вызваліць астатніх палітвязьняў. Калі ж ён гэтага ня зробіць, калі ён ня вызваліць астатніх палітвязьняў і не рэабілітуе гэтых людзей, то, канечне ж, будуць толькі ўзмацняцца санкцыі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG