Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Што здарылася ў гомельскай краме «Вёсны»?


23 красавіка ў гомельскай прывакзальнай краме «Вёсны», дзе, паводле абласной управы КДБ, у мінулы чацьвер было «прыведзена ў дзеяньне самаробнае прыстасаваньне для ажыцьцяўленьня дзеяньняў тэрарыстычнай накіраванасьці», было багата супрацоўнікаў міліцыі і спэцслужбаў.

Яны прыходзілі групамі. Аднак краму не зачынялі. Працавала й абвешчаная пацярпелай прадавачка Кацярына. Ёй толькі пэрыядычна даводзілася спыняць продаж сьпіртовых напояў і сокаў, каб даваць тлумачэньні людзям у цывільным.

Самі апэратыўнікі ад камэнтароў журналістам адмаўляюцца. Не схацела размаўляць і пацярпелая Кацярына. Заявіла, што «ня мае права» нічога паведамляць.

Ніякіх прыкметаў разбурэньняў ці парахавой сажы ў краме ня бачна. Белымі выглядаюць нават цюлевыя фіранкі на вокнах.



Каляжанка Кацярыны спадарыня Ліда, якая 19 красавіка абслугоўвала наведнікаў за 7–8 мэтраў, у супрацьлеглым баку вузкай крамы, апавяла:

«Хлапок толькі быў, і ўсё. Як пэтарда. Дым, і ўсё. Але я далей працавала, адпускала пакупнікоў. У тым баку гэта было. Ніхто не крычаў. Ну, я ня чула крыкаў».

Вакол крамы «Вёсны» ідзе бойкі вулічны гандаль. Прадавачка Сьвятлана кажа, што 19 красавіка яна таксама была побач з крамай, але нейкага выбуху ня чула. Ня бачна было знадворку й дыму:

«Першай прыехала пажарная машына — прыехала з сырэнай. Паглядзелі яны там — і зьехалі. А пасьля, хвілін праз 15–20, прыехалі міліцыянты і ачапілі ўсё і сталі весьці работы. Калі зьявілася міліцыя, мы пацікавіліся, што здарылася. Нам адказалі: „Расказаць нічога ня можам“. І ўсё. Мы працавалі, але нічога ня чулі й ня бачылі».



У дзень інцыдэнту БелТА са спасылкай на прэсавую службу абласной управы КДБ распаўсюдзіла інфармацыю, што ў Гомелі праводзяцца рэгіянальныя міжведамасныя камандна-штабныя вучэньні па тэме «Арганізацыя і ажыцьцяўленьне мераў дзяржаўнага рэагаваньня на акты тэрарызму».

Аднак праз тры дні, 22 красавіка, управа КДБ афіцыйна паведаміла, што распачата крымінальная справа па прыкметах злачынства, склад якога прадугледжаны ч.1 арт.290 Крымінальнага кодэксу (пагроза актам тэрарызму). Падставай для пачатку крымінальнай справы стаўся выбух 19 красавіка ў 13.58 самаробнага прыстасаваньня ў гандлёвай залі. У супрацы са Сьледчым камітэтам, пракуратурай, экспэртамі-крыміналістамі абласной міліцыі супрацоўнікі КДБ «праводзяць неадкладныя сьледчыя дзеяньні і апэратыўна-вышуковыя мерапрыемствы».

У паведамленьні сказана таксама, што «атрыманыя апэратыўныя зьвесткі, а таксама элемэнты самаробнага прыстасаваньня, іншыя прыкметы сталі падставай для адпрацоўкі вэрсіі пра „разборкі“ паміж арганізатарамі каналаў нелегальнай міграцыі зь ліку замежных грамадзян, якія прыбываюць пад выглядам навучаньня ў ВНУ г. Гомеля».

Кіраўнік абласной арганізацыі руху «За свабоду» Пётар Кузьняцоў яшчэ 19 красавіка даваў камэнтар мясцоваму інтэрнэт-рэсурсу наконт «незразумелых камандна-штабных вучэньняў» ля крамы «Вёсны». З улікам новай афіцыйнай інфармацыі ён заявіў:

«Тое, што тут гаворыцца пра нелегальную міграцыю, неяк па часе амаль супадае з тым, што на днях нашы ўлады заяўлялі пра магчымае адкрыцьцё мяжы ў Эўропу для нелегальных мігрантаў. Можа, гэта выпадковае супадзеньне, а можа, і не. Але яно цікавае. І той факт, што КДБ тры дні думаў, наштурхоўвае на думку, што нейкія спэкуляцыі вакол гэтага інцыдэнту адбываюцца».

Спадар Кузьняцоў кажа, што з камэнтароў у сеціве і з афіцыйных крыніцаў ён пачуў пра даволі цікавую сытуацыю ў асяродзьдзі замежнікаў, што прыяжджаюць у рэгіён вучыцца:

«Аказваецца, у Гомелі навучаюцца былыя баевікі, якія ў Нігерыі падчас грамадзянскай вайны ваявалі. А цяпер паводле ўрадавых дамоваў навучаюцца ў нас па праграме „Вяртаньне да мірнага жыцьця“. Гамельчукі гэтага нічога ня ведаюць. Таму ёсьць пытаньне: калі такія людзі датычныя да таго, што адбываецца, то спэцслужбам трэба было лепш сэксотаў не ў апазыцыю, а ў гэтыя групы засылаць?»
XS
SM
MD
LG