Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пералік краінаў, якія ствараюць перашкоды для ўвозу на сваю тэрыторыю расейскай прадукцыі, зьмясьціла на сваім сайце Міністэрства эканамічнага разьвіцьця Расейскай Фэдэрацыі.

Найбольш прэтэнзіяў Масква мае да Беларусі — партнэра па так званай Саюзнай дзяржаве і Адзінай эканамічнай прасторы.

У пераліку праблемных краінаў, якія дастаўляюць Расеі найбольшыя клопаты, Беларусь значыцца першай. Сьпіс прэтэнзіяў, якія вылучае Расея, складаецца з 11 пазыцый. Яны пачынаюцца з «адсутнасьці нацыянальнага рэжыму расейскім таварам, работам і паслугам пры іх допуску да дзяржаўных закупаў у Рэспубліцы Беларусь» і заканчваюцца «вызначэньнем аптовых апэратараў, аб’ёму і пераліку імпартных тавараў». Калі ўсё падсумаваць, то Расея абвінавачвае Беларусь у тым, што тая, па-першае, штучна стварае перавагі для сваіх вытворцаў і гэтаксама штучна ўзводзіць перашкоды для расейскіх. А па-другое, Беларусь «перакрывае кісларод» расейскаму імпарту і праціскае на расейскі рынак свой экспарт.

Ці парушаюцца такім чынам правілы Саюзнай дзяржавы і Эўразійскага зьвязу? — пытаюся ў эканаміста Сяргея Чалага:

Сяргей Чалы

Сяргей Чалы

«Ну так, гэта відавочныя парушэньні. Але гэта такі сакрэт палішынэля. Пра яго ўсе ведалі, але заплюшчвалі вочы. Маўляў, гэта такая лухта.

Больш за тое, такія рэчы павінны былі быць адрэгуляваныя яшчэ на роўні Мытнага саюзу. Таму што менавіта Мытны саюз прадугледжвае свабоду перасоўваньня тавараў. А АЭП (Адзіная эканамічная прастора) толькі дадае да гэтага свабоду перасоўваньня працы і капіталу. То бок гэтыя пытаньні павінны былі быць вырашаныя яшчэ на ранейшай стадыі».

Расея, безумоўна, ведала пра гэтыя парушэньні і раней — кажа беларускі эканаміст Дзьмітры Балкунец, які апошнім часам працуе ў Маскве. Але сур’ёзнай увагі на гэта не зьвяртала:

для расейскага бізнэсу беларускі рынак невялікі па сваіх магчымасьцях ...

«Бо для расейскага бізнэсу беларускі рынак невялікі па сваіх магчымасьцях. Для Масквы гэта не стратэгічнае пытаньне. Гэта пытаньне дзесьці з дваццатага-трыццатага раду. Таму вялікіх наступстваў для дачыненьняў паміж дзьвюма краінамі яно мець ня будзе.

Іншая справа, што прыйдзе час, калі мэханізмы, якія прапісаныя ў АЭП, запрацуюць. Бо калі не выконваць падпісаныя дамоўленасьці, то ўсе гэтыя паперы пра Мытны саюз і Адзіную эканамічную прастору ня маюць ніякага сэнсу».

Было б няправільным лічыць, што ў беларуска-расейскіх «гандлёвых войнах», якія цягнуцца ўжо не адзін год, вінаваты выключна Менск — адзначае Сяргей Чалы:

«Шчыра кажучы, і Расея паводзіла сябе ў мінулыя гады даволі сумнеўна. Згадаю, напрыклад, 2009 год, калі Расея была амаль усясьветным лідэрам па пратэкцыянісцкіх мерах. І калі нашыя МАЗы выкідаліся з праграмы дзяржаўных закупаў Расеі.

Шмат чаго было. Але цяпер расейцы адкрылі свой рынак для нашых тавараў і вытворцаў. І зразумела, што, ня ўбачыўшы адпаведнага адказу, яны выстаўляюць нам прэтэнзіі».

Такая сытуацыя магчымая таму, што ў Беларусі няма вольнага рынку, эканамічнай свабоды — мяркуе юрыст Сяргей Балыкін:

Сяргей Балыкін

Сяргей Балыкін

«І таму, нягледзячы на ніякія пагадненьні, ёсьць магчымасьць уводзіць усялякія абмежаваньні незаконнымі, ненарматыўнымі актамі. Нават не дэкрэтамі і ўказамі, а з дапамогай тэлефоннага права. Можна забараніць нешта ўвозіць у Беларусь, можна ўвесьці абмежаваньні на набыцьцё валюты.

Паколькі ў Беларусі эканоміка кіруецца адміністратыўна, а кіраўнік па вялікім рахунку адзін, то ад яго ўсё і залежыць. І ніякі суб’ект гаспадараньня ня можа прабіць тыя абмежаваньні і забароны, што стварае дзяржава».
XS
SM
MD
LG