Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вызваленьне палітвязьняў і прэзыдэнцкае пасланьне


Што спадзяваўся атрымаць і што атрымаў афіцыйны Менск за вызваленьне Саньнікава і Бандарэнкі? Калі вернуцца паслы краін Эўразьвязу? Што азначае перанос тэрміну абнародаваньня штогадовага прэзыдэнцкага пасланьня?

Гэтыя пытаньні ў «Праскім акцэнце» абмяркоўваюць намесьнік дырэктара польскага Цэнтру міжнародных адносінаў Войцех Бародзіч-Смалінскі, шэф-рэдактар газэты «Народная воля» Сьвятлана Калінкіна і аглядальнік расейскай службы нашага радыё Вадзім Дубноў.

«Лукашэнка падымае стаўкі»


Дракахруст: Некалькі месяцаў таму адзін беларускі палітык сказаў – Саньнікаў выйдзе з турмы толькі тады, калі Лукашэнка перастане быць прэзыдэнтам. І вось Лукашэнка застаецца ва ўладзе, а яго апанэнт, адзін з самых аўтарытэтных, рэйтынгавых палітыкаў краіны – на волі. Нешта падобнае адбывалася ў 2008 годзе, тады таксама гаварылася, што Лукашэнка ня вызваліць Казуліна датэрмінова ніколі ў жыцьці. Але тады вызваленьне экс-кандыдата ў прэзыдэнты было своеасаблівым ключом, які адчыніў дзьверы да зусім новых стасункаў паміж афіцыйным Менскам і Брусэлем. А зараз, здаецца, нічога падобнага не адбываецца: з боку Эўропы ніхто Лукашэнку асабліва ня дзякуе, гаворыцца, што трэба вызваліць (і рэабілітаваць) усіх, каго лічаць палітвязьнямі, санкцыі як былі, так і застаюцца. Дык чаму і дзеля чаго вызвалялі? І ці атрымалі тую рэакцыю,
на якую разьлічвалі?

Калінкіна: На самой справе тут адразу некалькі пытаньняў. Я думаю, што выкананьне галоўнай умовы – вызваленьне ўсіх палітвязьняў – мела б іншы рэзананс у Эўропе, чым вызваленьне двух. Да таго ж вызваленьне Андрэя Саньнікава – гэта ня воля ў поўным сэнсе гэтага слова, бо чалавек абмежаваны ў палітычных правах, судзімасьць у яго будзе заставацца яшчэ 8 гадоў. Ён, так бы мовіць, не ў турме, але і не свабодны.

Зь іншага боку, зразумела, што гэта такі крок, на які ў Менску чакаюць пазытыўнай рэакцыі Эўропы. Лукашэнка не выпускаў бы палітвязьняў і пасадзіў бы нават яшчэ больш людзей у турмы, калі б у яго хапала грошай. Недахоп сродкаў – гэта вельмі слабое месца кіраўніка Беларусі. Таму ён вымушаны ісьці на такія крокі, асабліва ў сытуацыі, калі новы прэзыдэнт Расеі сказаў, што канфлікт паміж Менскам і Брусэлем – унутраная справа Беларусі і Расеі надта востра ня тычыцца. Гэта новая нотка, якая прагучала нядаўна ў выступленьні Лукашэнкі, што мы ня будзем сваімі праблемамі абцяжарваць Маскву. Гэта такі ключ для разгадкі сёньняшняй сытуацыі.

Бародзіч-Смалінскі: Тыя людзі, якія былі прыхільнікамі санкцыяў адносна Беларусі, зараз могуць казаць, што санкцыі дзейнічаюць і вось іх вынік. Тыя, хто казалі, што санкцыі ня будуць працаваць і ня змогуць прымусіць Аляксандра Лукашэнку выканаць умовы ЭЗ, могуць казаць, што ён вызваліў толькі двух, а што ж з астатнімі.

Самае цікавае – гэта словы беларускага палітыка, якога вы, Юры, працытавалі, паводле якога Саньнікаў выйдзе з турмы толькі тады, калі Лукашэнка перастане быць прэзыдэнтам. Сьмешна тое, што я чуў ад розных людзей у адміністрацыі пра тое, што сёлета можа адбыцца зьмена кіраўніка дзяржавы, не чакаючы канца яго тэрміну. І гэта можа азначаць, Лукашэнка сапраўды зьяўляецца прэзыдэнтам, але ў яго ўжо няма ніякага ўплыву на тое, што адбываецца ў дзяржаве. Наплыў расейскага бізнэсу, выцісканьне эўрапейскага бізнэсу, прымушаньне Беларусі да прыватызацыі, на якую яна, дарэчы, сама пагадзілася. Ёсьць запісы ў міжнародных дамовах у рамках ЭўрАзЭС, што яна будзе некалькі прадпрыемстваў прыватызаваць штогод. Гэта проста скупка расейцамі беларускіх прадпрыемстваў і таго, што яшчэ ў Беларусі засталося. У такім сэнсе Лукашэнка проста губляе незалежнасьць і сваё прэзыдэнцтва.

З такога пункту гледжаньня сапраўды можа быць і так, што гэты беларускі палітык не памыліўся. З другога боку, тое, што Лукашэнка выпусьціў гэтых палітвязьняў, зьяўляецца спробай запрасіць Эўразьвяз у гульню, якую Эўразьвяз ужо ведае і якая была з 2008 па 2010 гады. Канечне, трэба ставіць пытаньне, ці нам гэта падабаецца, ці мы хочам з гэтага сыходзіць. Наколькі я разумею, Эўразьвяз зараз ня хоча вяртацца ў 2008 год. Эўропа была падманутая беларускім лідэрам і больш не давярае ягоным абяцаньням. Таму ніхто не зьбіраецца скакаць ад радасьці з-за вызваленьня Саньнікава і Бандарэнкі. Мне здаецца, што Аляксандр Лукашэнка адпусьціў гэтых палітвязьняў, прытрымліваючыся дзьвюх мэтаў. Першая – гэта трэба неяк адчыніць дзьверы ў Эўропу, паказаць, што мы можам і хочам неяк з вамі супрацоўнічаць, тым самым даць магчымасьць вярнуцца эўрапейскім паслам у Менск. Наяўнасьць гэтых афіцыйных асоб насамрэч падкрэсьлівае дзяржаўнасьць Беларусь. Другая мэта – гэта жаданьне Аляксандра Лукашэнкі падарваць адзінства апазыцыі. Па-першае, невядома, як Саньнікаў і Бандарэнка будуць ставіцца да ўсяго працэсу, які зараз адбываецца ў апазыцыі. Па-другое, невядома, якой будзе іх роля ў палітычным жыцьці краіны. Трэці момант – гэта дэманстрацыя грамадзянам Беларусі таго, што зь імі можа зрабіць Лукашэнка. Насамрэч гэтыя людзі не зусім свабодныя хоць больш і не знаходзяцца ў турме.

Дракахруст: Вадзім, а як вы лічыце, чаму ўсё ж такі вызвалілі Саньнікава і Бандарэнку? Бо пакуль што Аляксандар Лукашэнка нічога не атрымаў за гэтыя вызваленьні.

Дубноў: Я ня стаў бы праводзіць паралелі паміж вызваленьнямі Казуліна і Саньнікава. Гэта розныя людзі, розныя гісторыі. Трэба глядзець на тое, што адбывалася ў сьнежні 2010 году, калі Лукашэнка зачысьціў апазыцыйнае поле. Адказ на пытаньне, навошта, зьявіўся праз пару месяцаў, калі высьветлілася, што «закрома Родины» пустыя. Крызіс Беларусь сустрэла ў такім стане, што не знайшлося ніводнага апазыцыйнага лідэра, які мог бы ўзначаліць пратэст. І ўсё зьвялося да пэрформансу, які ладзіла беларуская апазыцыйная моладзь.

Можна было выпускаць Саньнікова і тры месяцы таму, і зараз, можна было б яго трымаць за кратамі і далей. Тут досыць прымітыўная картачная гульня. Лукашэнка проста трымаў гэты ня вельмі моцны козыр да таго моманту, калі трэба было яго выкінуць. Справа ня ў тым, што Лукашэнка граматна балянсуе паміж Захадам і Расеяй. Прэзыдэнт Беларусі навучыўся ствараць сытуацыю дыскамфорту, у якой ён адчувае сябе больш утульна, чым і Захад, і Ўсход. І ён змушае па чарзе праяўляць нейкую ініцыятыву то Маскву, то Эўропу. Зараз ён стаў гуляць на падвышэньне, бо зьявіліся расстраляныя людзі. На самой справе ўвесь жах у тым, што Лукашэнка можа пайсьці на любое падвышэньне ставак, калі спатрэбіцца. Бо амплітуда гэтых вар'яцтваў цалкам падыходзіць да ягонай мадэлі праўленьня: Лукашэнка можа гуляцца і ніхто не перастане мець зь ім справу. Існуе агульны фон агіды да яго з усіх бакоў, але пры гэтым у паўсядзённым жыцьці ў кожнага ёсьць асабістыя інтарэсы і Лукашэнка ўмее гэта граматна выкарыстоўваць. Цяпер лідэр Беларусі адчуў, што адносіны дайшлі да той стадыі, калі з аднаго боку яшчэ большае абвастрэньне адносін непажаданае, а з другога – цалкам выразна праглядаюцца контуры наступнага пахаладаньня ў адносінах з Масквой. Ён з Масквы ўжо шмат атрымаў, на некаторы час сябе засьцярог – падушка бясьпекі ёсьць, эканамічная сытуацыя крыху стабілізавалася. Таму можна працягваць гуляцца на дыскамфортах то з Масквой, то з Эўропай далей. Што тычыцца Саньнікава, то ня мае вялікага значэньня яго месцазнаходжаньне: у турме ён, ці не.

Каму патрэбнае вяртаньне паслоў?


Дракахруст: Не выклікае сумневу, што сытуацыя ў стасунках паміж Беларусьсю і Эўразьвязам пасьля вызваленьня Андрэя Саньнікава і Зьмітра Бандарэнкі зьмянілася. Але незразумела як. Вось сытуацыя зь вяртаньнем эўрапейскіх паслоў. Хто каму тут робіць крок насустрач, хто які выгляд робіць? З аднаго боку нібыта вяртаньне паслоў – гэта жэст добрай волі Эўразьвязу. Але зь іншага – якраз Менск дае зразумець, што паслоў пакуль у Беларусі ня надта чакаюць, прынамсі, ня ўсіх. На гэты конт, у прыватнасьці, даволі выразна выказаўся кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Ўладзімер Макей: «Яны павінны вярнуцца тады, калі для гэтага сасьпеюць адпаведныя ўмовы. А менавіта — калі ў Эўразьвязе ўсьвядомяць памылковасьць палітыкі шантажу, дыктату, санкцый у адносінах да Рэспублікі Беларусь». Ну і сымбалічны жэст: паслы Беларусі ў Польшчы і пры Эўразьвязе пакуль сядзяць у Менску, на дыпляматычнай мове гэта азначае, што і паслоў Польшчы і Эўразьвязу ў Менску не чакаюць. Дык вяртаньне паслоў – гэта чыя каму саступка? І калі, на ваш погляд, яны ўсё ж вернуцца?

Бародзіч-Смалінскі: Тое, што паслы пакінулі Менск – гэта ня вынік таго, што ў Беларусі засталіся палітзьняволеныя. Паслы вельмі добра працавалі ў Беларусі, калі людзям выносілі жорсткія прысуды. Тады ніхто не зьбіраўся ад’яжджаць зь Беларусі з салідарнасьці зь беларускім грамадзтвам. Паслы зьехалі таму, што ўлады Беларусі папрасілі двух паслоў, каб яны паехалі дадому і распавялі свайму кіраўніцтву пра пазыцыю ўладаў Беларусі наконт палітыкі ЭЗ. Ад'езд іншых паслоў быў актам салідарнасьці паміж эўрапейскімі дзяржавамі. Гэта ніяк не прывязана да таго, ці будуць палітзьняволеныя, ці іх ня будзе. Гэта зусім іншая справа. Зараз разглядаецца пытаньне пра тое, ці будзе зьяўляцца крокам насустрач беларускаму рэжыму вяртаньне эўрапейскіх паслоў.

Часткова так, але справа ня ў гэтым. Паслы павінны працаваць у Беларусі. Калі будзе інакш, то тады будзе сытуацыя, нявыгадная для ўсіх. Па-першае, праца паслоў – гэта не стварэньне палітыкі, гэта яе выкананьне. Па-другое, праца паслоў – гэта абарона нацыянальных інтарэсаў, стварэньне добрых умоў для інвэстыцый уласных дзяржаваў у Беларусь. Калі Эўразьвяз будзе абмяжоўваць гандаль зь Беларусьсю, пачне ўводзіць эканамічныя санкцыі, то тады сапраўды ня будзе мець рацыі вяртаньне паслоў.

Магчыма гэта і крок насустрач беларускаму рэжыму. Але галоўным зьяўляецца тое, каб вяртаньне паслоў праходзіла супольна, салідарна. Таму зараз вядзецца такая цікавая размова пра вяртаньне эўрапейскіх амбасадараў, напрыклад, у адным аўтобусе.

Дубноў: Я думаю, што гэты фармат адносінаў, дыскамфорту, аб якім я казаў, не задавальняе ні Эўропу, ні Беларусь. У Захаду няма мадэлі зносінаў з Лукашэнкам і з такімі, як ён. Калі ты не Мілошавіч, незразумела, што з табой рабіць. А нейкія адносіны падтрымліваць неабходна. Ва ўмовах сучаснай эўрапейскай мадэлі вось такой «плямы» побач быць не павінна. Таму Лукашэнка выдатна разумее, што зь ім усё роўна будуць мець справу. Зь іншага боку, Эўропу праблемы Беларусі пачынаюць цікавіць усё менш. У Захаду свае цяжкасьці. У гісторыі з пасламі ЭЗ павёў сябе дастаткова пратакольна. Эўропа ня будзе пярэчыць, каб паслы вярнуліся і сытуацыя вярнулася ў сваё звыклае рэчышча. Таму што ў дадзеных абставінах ніхто не прайграе. Маральная шкода ад узаемаадносін з Лукашэнкам невялікая. Я думаю, што ў гэтым сэнсе ўсё ідзе да канца без асаблівых урокаў для кожнага з бакоў. Эўропа не гатовая выпрацоўваць новыя «лекі» супраць Лукашэнкі, які, у сваю чаргу, зразумеў, што можна дамагацца сваіх інтарэсаў, падвышаючы стаўкі ў далейшым.

Калінкіна: Менавіта ў гэтым і была сутнасьць дыпляматычнага канфлікту і яго абвастрэньня. Менск, выслаўшы ці накіраваўшы пасла Польшчы і прадстаўніка ЭЗ у іх сталіцы па кансультацыі, мне здаецца, спрабаваў прадухіліць новыя санкцыі. Адначасова ў Беларусі пачалі кампанію ў сталінскім духу, калі зьбіраюцца працоўныя калектывы, прымаюць заявы, звароты, бароняць сваю краіну, клянуцца на вернасьць прэзыдэнту і заклікаюць Эўропу не ўжываць санкцыі супраць мірнага і працавітага народа. З гэтага пункту гледжаньня вяртаньне паслоў і неўвядзеньне санкцыяў будзе выглядаць як чарговая перамога афіцыйнага Менску і Аляксандра Лукашэнкі асабіста.

Дарэчы, я думаю, што выступленьні кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі і міністра замежных справаў Беларусі ў першую чаргу былі для ўнутранага выкарыстаньня. Які даць зьнешні адказ – тут яшчэ ёсьць пытаньні, якую заняць пазыцыю. Менавіта з гэтай прычыны перапісваецца пасланьне Аляксандра Лукашэнкі. Напэўна тут адказу ў нашых уладаў яшчэ няма. Але ўнутры Беларусі вяртаньне паслоў будзе ўспрынятае як перамога прэзыдэнта.

Пасланьне пераносам пасланьня


Дракахруст: Сьвятлана ўжо пачала гаварыць пра яшчэ адну сэнсацыю тыдня – пра падзею, якая не адбылася. Прэсавая служба прэзыдэнта паведаміла, што абнародаваньне штогадовага пасланьня, прызначанае на 19 красавіка, перанесенае на няпэўны тэрмін. Пры гэтым было сказана, што кіраўнік дзяржавы быў незадаволены тэкстам, падрыхтаваным яго сьпічрайтэрамі – пра стасункі з Эўропай яны напісалі занадта жорстка, пра прыватызацыю – занадта лібэральна. Перанос даты абнародаваньня пасланьня – рэч беспрэцэдэнтная, матыў, спасылка на клеркаў, якія нешта ня тое напісалі, гучыць неяк дзіўна. На ваш погляд, што гэта азначае, каму гэта пасланьне?

Калінкіна: Я думаю, што Аляксандар Лукашэнка таксама чакае наступных крокаў з боку Эўропы. Ад гэтага будзе залежыць, што ён скажа ў пасланьні да парлямэнту і народу. Калі 23 красавіка беларускае пытаньне ўсё ж такі будзе ўнесенае ў парадак дня Рады Эўразьвязу, калі зноў прагучаць пагрозы перанесьці зь Беларусі чэмпіянат сьвету па хакеі ў 2014 годзе ці ўвесьці дадатковыя санкцыі, то і Менск абярэ жорсткі адказ. Але мне здаецца, што беларускае пытаньне ня будзе ўнесенае ў парадак дня, а вяртаньне эўрапейскіх паслоў будзе азначаць, што пытаньне аб увядзеньні санкцыяў таксама ня будзе разглядацца. Сапраўды будзе нейкая бязглузьдзіца, калі паслы вернуцца, а неўзабаве будзе прынятае рашэньне аб новых санкцыях і ім ізноў трэба будзе пакідаць Менск. Я думаю, што гэта будзе такая нулявая кропка, зь якой могуць пачацца пэўныя перамовы аб зьніжэньні градусу канфлікту.

Дубноў: Я згодны, што беларуская мадэль, або наагул постсавецкая, у распрацоўку якой Лукашэнка зрабіў значны ўнёсак – гэта мадэль сакральных сыгналаў. Перанос абнародаваньня пасланьня – гэта даволі-ткі прымітыўны і немудрагелісты спосаб пасыланьня сыгналаў Захаду і ўсім астатнім. Але ня варта пераацэньваць гэта дзеяньне. Гэта сыгнал аб тым, што Лукашэнка сапраўды гатовы да канструктыўнага дыялёгу, што насамрэч абсалютна нічога не азначае. І гэта ўсе выдатна разумеюць.

Значна цікавейшым мне падаўся выступ Уладзімера Макея. Зь яго словаў вынікае, што адбываецца ня зьмена мадэлі, а яе адаптацыя. Зараз наступае, гледзячы па ўсім, новая фаза ў барацьбе «сілавікоў» і, умоўна кажучы, «лібэралаў». Зараз Лукашэнка, магчыма, паспрабуе гэты рэсурс апаратнай псэўдадэмакратыі вакол сябе выгадна выкарыстоўваць. Цалкам магчыма, напрыклад, стварэньне партыі ці нават партыяў улады на расейскі капыл. Ня думаю, што гэта аслабіць Лукашэнку.

Бародзіч-Смалінскі: Зараз Лукашэнку цяжка штосьці казаць, таму што сытуацыя ў дзяржаве з эканамічнага пункту гледжаньня нібыта паляпшаецца, але ж у наступным годзе ўсе чакаюць новай сур’ёзнай дэвальвацыі. Таксама існуе і велізарная інфляцыя. Тое, што рэйтынгавыя агенцтвы нібыта павышаюць эканамічны рэйтынг Беларусі, не ўзмацняе яе эканамічны статус. Былі агучаныя ацэнкі галоўнага эканаміста расейскага Сбербанку, які кажа, што Беларусь чакае велізарны банкаўскі крызіс. Аляксандар Лукашэнка вымушае кіраўнікоў беларускіх філіяў замежных банкаў, каб яны не забывалі, што зьяўляюцца беларускімі грамадзянамі і павінны падтрымліваць беларускую эканоміку. Усё гэта стварае цяжкія ўмовы для таго, каб падрыхтаваць пасланьне, таму што большая частка кіраўнікоў, палітычных дзеячоў разумеюць усю складанасьць сытуацыі, бо расейскія грамадзяне пачынаюць адчуваць сябе ў Беларусі больш вольна. Людзям гэта не падабаецца.

На самой справе я не прывязваўся б да гэтага пасланьня, як да паказчыка нейкай слабасьці прэзыдэнта. Магчыма, яно яшчэ прагучыць у гэтай палове года.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

XS
SM
MD
LG