Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марын Ле Пэн: Не скажу прыхільнікам, за каго галасаваць далей


Марын ле Пэн

Марын ле Пэн

Старшыня Народнага фронту Марын Ле Пэн заняла ў першым туры прэзыдэнцкіх выбараў у Францыі 3-е месца і спадзяецца, што на наступных выбарах яе партыя будзе толькі набіраць абароты, піша Анаіс Джыноры ў газэце La Repubblica.

«Гэта тое, на што я спадзявалася». Яна перасягнула бацьку і дамаглася выніку, якога ніхто не чакаў, гаворыцца ў артыкуле. «Французы зразумелі, што мы зьяўляемся адзінай годнай даверу палітычнай сілай», — кажа Марын Ле Пэн.

Яна ператвараецца ў новую зорку францускіх правых сіл, якім наканаваны крызіс у выпадку паразы Нікаля Сарказі. «Усё становіцца магчымым», — паўтарае Марын. Яна прызнае, што яе выбарчая кампанія была жорсткай. «Выжываньне Францыі праходзіць праз асабістыя ахвяры. Я змагаюся за будучыню маіх дзяцей і маіх суайчыньнікаў», — цытуе выданьне.

Адказваючы на пытаньне карэспандэнта, каго яна падтрымае ў другім туры, Нікаля Сарказі або Франсуа Алянда, Марын Ле Пэн сказала: «Ні таго, ні іншага. Я ня буду казаць маім выбарнікам, за каго галасаваць. Французы дастаткова дарослыя, каб самім вырашаць, і рабіць гэта сьвядома. Магу толькі сказаць, што ані Алянд, ані Сарказі ня ў стане вырашыць праблемы, якія стаяць перад Францыяй і Эўропай у цэлым».

Старшыня партыі Народны фронт ўпэўненая: «Вынік першага тура сьведчаць аб тым, што наша партыя выклікае цікавасьць ва ўсё большай колькасьці французаў. Безумоўна, мы даволі далёка сышлі ад таго гаротнага іміджу, які быў у партыі некалькі гадоў таму... Я перакананая, што Народны Фронт на бліжэйшых выбарах будзе набіраць балы».

Што тычыцца Сарказі, Марын Ле Пэн мяркуе, што ў яго няма ніякіх шанцаў. «У выпадку паразы ў францускім палітычным пэйзажы адбудуцца перамены, — прагназуе яна. — Усе гэтыя палітыкі падманвалі народ. Мы — адзіныя, у каго ёсьць рэальная праграма наконт Эўропы, эканамічнага і сацыяльнага нацыяналізму, правядзеньня рэфэрэндумаў».
XS
SM
MD
LG