Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суботнія пагрозы Аляксандра Лукашэнкі ізноў кінуць за краты нядаўна вызваленых палітвязьняў камэнтуе каардынатар «Эўрапейскай Беларусі», былы палітвязень Зьміцер Бандарэнка.

Зьміцер Бандарэнка: У нашай краіне ўсе пытаньні вырашае адзін чалавек. І калі ён так кажа, то я лічу, што пагроза больш чым рэальная.

Ганна Соўсь: Ці будзеце вы неяк карэктаваць свае заявы, сваю далейшую дзейнасьць у сувязі з гэтымі пагрозамі?

Бандарэнка: У прынцыпе, гэтыя пагрозы, гэтыя словы былі сказаны якраз у адказ на дзеяньні Эўразьвязу. Такая цытата: «Яшчэ адзін ціск, і яны вернуцца назад за краты». Я ня думаю, што гэта зьвязана з нашымі вельмі асьцярожнымі і дыпляматычнымі заявамі. Гэта проста рэакцыя на дзеяньні ЭЗ.

Соўсь: Як бы вы пракамэнтавалі заявы Аляксандра Лукашэнкі пра вас, пра ваш стан здароўя: «Не было б гэтага малога, а ў другога не захварэла б сьпіна, а ён там ужо рачком хадзіць ня мог, а поўзаў, праўда, тут як выйшаў, дык пабег, я б, можа быць, нават не рэагаваў на іх просьбы. Добра, няхай будуць у сваіх сем’ях. Але будуць мянцець языкамі — вярнуцца туды»

Бандарэнка: Ёсьць такія аб’ектыўныя паказьнікі, як напрыклад, тамаграфія хрыбетніка. У мяне летась летам у паясьнічным аддзеле была выяўлена адна грыжа і была зробленая апэрацыя і яна прайшла пасьпяхова, таму што там быў заціснуты нэрв, была дэкампрэсія зроблена, але ніякай рэальнай рэабілітацыі потым не было. І зараз у красавіку мне зрабілі тамаграфію зноў жа ў Магілёўскім абласным шпіталі і ўжо выяўленыя 4 грыжы дыскаў. Гэта кажа і пра ўмовы ўтрыманьня, і пра лячэньне. Я думаю, што калі б не было дадзеных тамаграфіі ў красавіку, то наўрад ці мяне ўвогуле вызвалілі. А так зараз кажуць, што патрэбныя яшчэ апэрацыі. Я думаю, што рабіць у гэтай сытуацыі. Стан здароўя вельмі сур’ёзна пагоршыўся, і паколькі гэта зьвязана са сьпінным мозгам, то тут вельмі не хацелася б, каб сталася сытуацыя, каб я езьдзіў у інвалідным вазочку.

Соўсь: Лукашэнка ў суботу вельмі дакладна яшчэ раз акрэсьліў умовы, пры якіх палітычныя зьняволеныя могуць выйсьці з турмы — яны мусяць напісаць прашэньне на імя прэзыдэнта. Як вы мяркуеце, тыя палітвязьні, якія цяпер за кратамі, ці пойдуць яны на гэта?

Бандарэнка: Я памятаю. як у жніўні, седзячы на Валадарцы, я сам па радыё пачуў выступленьне Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі, дзе ён казаў, што бліжэйшым часам пачне перамовы з апазыцыяй. Ужо мінула колькі месяцаў... Я думаю, што трэба прыслухацца да прапановаў ААН, якая рэкамэндуе тэрмінова распачаць дыялёг Лукашэнкі з апазыцыяй і узгадаць пра свае абяцаньні ў жніўні, якія былі сказаныя на ўсю Беларусь, на ўвесь сьвет. Безумоўна, апазыцыя, я думаю, будзе гатова пачаць такія перамовы, калі будуць вызваленыя ўсе палітвязьні.
  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG